Першая прэм’ера-2012

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

1 сакавіка ў сталічным кінатэатры “Дом кіно” адбудзецца доўгачаканая прэм’ера стужкі Пеэтэра Сіма “Адзінокі востраў”. Фільм, які ствараўся сумесна кінематаграфістамі Беларусі, Эстоніі і Латвіі, прадставіць практычна ўся здымачная група: у Мінск прыедуць замежныя ўдзельнікі гэтага праекта. А з 2 сакавіка стужку змогуць убачыць гледачы ва ўсіх рэгіёнах краіны.

 

Як паведамілі "К" на Нацыянальнай кінастудыі, кінапракат "Адзінокага вострава" будзе доўжыцца месяц, прычым стужку прадэманструюць не толькі з кінаплёнкі, але і з дыскаў. Адмыслова для пракату ў нашай краіне на "Беларусьфільме" падрыхтавана толькі рускамоўная версія карціны. Чакаецца, што стужка Пеэтера Сіма таксама прыме ўдзел у міжнародных кінафестывалях, дзе будзе дэманстравацца яе арыгінальная версія на чатырох мовах, у тым ліку - беларускай.

Па словах генеральнага дырэктара "Беларусьфільма" Алега Сільвановіча, "Адзінокі востраў" - "пераходнае звяно" ў творчай палітыцы Нацыянальнай кінастудыі. Як падкрэсліў кіраўнік апошняй, стужка Пеэтэра Сіма - гэта не толькі вельмі важны для беларускіх кінематаграфістаў вопыт кааперацыі на ўзроўні некалькіх еўрапейскіх кінавытворцаў, але і пэўная тэматычная першая ластаўка для нашага кіно, бо гэтай карцінай "Беларусьфільм" падкрэслівае сваю арыентаванасць на сучасную тэматыку, цікавую маладым наведвальнікам кінатэатраў. Што да магчымых экранізацый класікі, гістарычнай літаратуры, то, па словах кіраўніка Нацыянальнай кінастудыі, да такіх адказных праектаў "Беларусьфільм" будзе падыходзіць вельмі асцярожна, каб гарантаваць іх высокую якасць.

Старт кінапракату "Адзінокага вострава" - толькі пачатак прэм'ер, падрыхтаваных Нацыянальнай кінастудыяй у першай палове гэтага года. Бліжэйшым часам на тэлевізійны і кінаэкраны краіны выйдуць мастацкія фільмы "Смяротны танец", "Забіць гаўляйтара" (сумесная вытворчасць з расійскімі кінематаграфістамі), "Скрасці Бельмандо" (сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй). Чакаецца таксама, што прэм'ера стужкі Сяргея Лазніцы "У тумане", у стварэнні якой прымала актыўны ўдзел Нацыянальная кінастудыя, адбудзецца пад час Канскага фестывалю ў маі.

С.А.