Міжнародныя кантакты: кіно і замкі

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Як паведамілі “К” у Міністэрстве культуры краіны, 22 лютага па ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Ізраіля ў Беларусі Іосіфа Шагала адбылася рабочая сустрэча з Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам.

 

У ходзе перамоў былі абмеркаваны пытанні двухбаковага беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва ў сферы культуры. У прыватнасці, разгледжана магчымасць правядзення Дзён культуры Ізраіля ў Беларусі і Дзён культуры Беларусі ў Ізраілі. Была падкрэслена ўзаемная зацікаўленасць у правядзенні абменных дзён культуры ў 2012 - 2013 гг.

Таксама разгледжаны пытанні супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі, тэатральнага мастацтва, музейнай справы і выставачнай дзейнасці.

Асаблівая ўвага надавалася пытанням развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі. На сустрэчы была адзначана зацікаўленасць беларускага боку ў запрашэнні вядучых ізраільскіх кінематаграфістаў на Мінскі Міжнародны кінафестываль "Лістапад". Дасягнута дамоўленасць аб магчымым прыездзе ў Беларусь ізраільскіх кінапрадзюсараў для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва ў кінасферы, а таксама аб правядзенні Дзён ізраільскага кіно ў Беларусі. Суразмоўцы абмеркавалі перспектывы арганізацыі стажыровак беларускіх кінематаграфістаў на кінастудыях і ў навучальных установах Ізраіля.

Іосіф Шагал падтрымаў ініцыятыву беларускага боку ў супрацоўніцтве з вядучымі навучальнымі ўстановамі сферы культуры Ізраіля па пытаннях аказання садзейнічання ў арганізацыі стажыровак студэнтаў ВНУ сферы культуры і мастацтва і запрашэнні выкладчыкаў навучальных устаноў Ізраіля для правядзення майстар-класаў у нашай краіне.

Улічваючы зацікаўленасць бакоў да далейшага ўмацавання беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва, суразмоўцы пацвердзілі неабходнасць яго развіцця па розных кірунках адносін у сферы культуры.

У той жа дзень па ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Эстоніі ў Беларусі Яака Ленсмента адбылася рабочая сустрэча з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам.

Размова ішла пра магчымасць правядзення Дзён культуры Эстоніі ў Беларусі і Дзён культуры Беларусі ў Эстоніі.

Пад час сустрэчы міністр культуры Павел Латушка азнаёміў Пасла з сучасным станам культуры нашай краіны, праграмай рэканструкцыі тэатраў і праграмай "Замкі Беларусі". Беларускім бокам была выказана зацікаўленасць у правядзенні ў нас Дзён эстонскага кіно.

Разгледжаны пытанні супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі, адукацыі і тэатральнага мастацтва. Паслом Эстоніі была падкрэслена важнасць развіцця супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Эстоніяй і Беларуссю.

Пад час сустрэчы суразмоўцы пацвердзілі неабходнасць развіцця супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў у сферы культуры.