У ходзе перамоў былі абмеркаваны пытанні двухбаковага беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва ў сферы культуры. У прыватнасці, разгледжана магчымасць правядзення Дзён культуры Ізраіля ў Беларусі і Дзён культуры Беларусі ў Ізраілі. Была падкрэслена ўзаемная зацікаўленасць у правядзенні абменных дзён культуры ў 2012 - 2013 гг.
Таксама разгледжаны пытанні супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі, тэатральнага мастацтва, музейнай справы і выставачнай дзейнасці.
Асаблівая ўвага надавалася пытанням развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі. На сустрэчы была адзначана зацікаўленасць беларускага боку ў запрашэнні вядучых ізраільскіх кінематаграфістаў на Мінскі Міжнародны кінафестываль "Лістапад". Дасягнута дамоўленасць аб магчымым прыездзе ў Беларусь ізраільскіх кінапрадзюсараў для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва ў кінасферы, а таксама аб правядзенні Дзён ізраільскага кіно ў Беларусі. Суразмоўцы абмеркавалі перспектывы арганізацыі стажыровак беларускіх кінематаграфістаў на кінастудыях і ў навучальных установах Ізраіля.
Іосіф Шагал падтрымаў ініцыятыву беларускага боку ў супрацоўніцтве з вядучымі навучальнымі ўстановамі сферы культуры Ізраіля па пытаннях аказання садзейнічання ў арганізацыі стажыровак студэнтаў ВНУ сферы культуры і мастацтва і запрашэнні выкладчыкаў навучальных устаноў Ізраіля для правядзення майстар-класаў у нашай краіне.
Улічваючы зацікаўленасць бакоў да далейшага ўмацавання беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва, суразмоўцы пацвердзілі неабходнасць яго развіцця па розных кірунках адносін у сферы культуры.
У той жа дзень па ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Эстоніі ў Беларусі Яака Ленсмента адбылася рабочая сустрэча з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам.
Размова ішла пра магчымасць правядзення Дзён культуры Эстоніі ў Беларусі і Дзён культуры Беларусі ў Эстоніі.
Пад час сустрэчы міністр культуры Павел Латушка азнаёміў Пасла з сучасным станам культуры нашай краіны, праграмай рэканструкцыі тэатраў і праграмай "Замкі Беларусі". Беларускім бокам была выказана зацікаўленасць у правядзенні ў нас Дзён эстонскага кіно.
Разгледжаны пытанні супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі, адукацыі і тэатральнага мастацтва. Паслом Эстоніі была падкрэслена важнасць развіцця супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Эстоніяй і Беларуссю.
Пад час сустрэчы суразмоўцы пацвердзілі неабходнасць развіцця супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў у сферы культуры.