Прататыпам сучаснага будынка стаў шасціпавярховы гатэль “Еўропа”, які быў узведзены ў 1906 — 1908 гг. і лічыўся адным з найбольш буйных мінскіх пабудоў таго часу.
Яго фасады, якія выходзілі на Саборную і Губернатарскую плошчы (сёння гэта скрыжаванне вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай), вылучаліся высокай якасцю дэкаратыўнай апрацоўкі. Гатэль быў настолькі папулярны сярод падарожнікаў і творчай багемы Мінска, што мастак Ю.Пешка нават занатаваў яго ў адной са сваіх акварэлей як славутасць горада. У гады Вялікай Айчыннай вайны гатэль быў цалкам разбураны. Два гады таму пачалося яго аднаўленне на былым месцы.
Як і раней, сённяшняя “Еўропа” вытрымлівае агульны для экстэр’ераў і інтэр’ераў стыль мадэрн. Знешне гатэль амаль не адрозніваецца ад свайго прататыпа, аднак мае сем паверхаў. А вось унутры ён зроблены згодна самым высокім еўрапейскім стандартам. Сёння “Еўропа” — камфартабельны пяцізоркавы гатэль з шыкоўнымі і прыгожымі нумарамі, насычанымі сучаснымі тэхналагічнымі прыстасаваннямі, якія могуць задаволіць любы густ.
Але не толькі гэта вылучае “Еўропу” сярод іншых беларускіх гатэляў, многія з якіх у апошнія гады пасля рэканструкцый таксама палепшылі свой стан і выгляд. Кіраўніцтва парупілася насыціць “Еўропу” творамі мастацтва. І не фотаздымкамі і постэрамі, як гэта звычайна робіцца ў мэтах эканоміі фінансавых сродкаў. Графічныя лісты, жывапісныя палотны вядомых беларускіх майстроў упрыгожваюць калідоры і нумары новага мінскага гатэля. У “Еўропе” ёсць нават алоўкавыя малюнкі народнага мастака Беларусі А.Кашкурэвіча, а літаграфіі А.Басалыгі, сабраныя ў адным месцы, сталі своеасаблівай міні-выстаўкай маладога графіка. Аўтарам дэкаратыўных пано і вітражоў, якія ўпрыгожваюць хол, рэстаран, басейн гатэля, стаў вядомы беларускі мастак-манументаліст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь В.Даўгяла.
Мадэрн, які быў захаваны галоўным архітэктарам праекта С.Багласавым у аздабленні
фасадаў, таксама быў узяты мастаком за аснову стылістыкі мастацкага вобраза і пластыкі манументальных твораў.
“Еўропа” — адзіны на Беларусі гатэль атрыумнага тыпу. Гэта азначае, што кожны яго наведвальнік, выходзячы з нумара, адразу трапляе на адкрытую галерэю-балкон і зверху можа любавацца цэнтральным холам. Атрыум з галерэямі і двума панарамнымі шклянымі ліфтамі завяршаецца светлавым купалам. Цэнтральнае месца ў холе займае мастацкае пано вышынёй семнаццаць метраў і шырынёй чатыры метры. Яно ўпрыгожвае сцяну насупраць параднай мармуровай лесвіцы. Унікальны чатырох’ярусны твор выкананы ў тэхніцы “фларэнційскай мазаікі”. На ім паказаны архітэктурныя славутасці Мінска ад Верхняга горада да Нацыянальнай бібліятэкі, зялёныя гарадскія скверы і паркі, якімі насычана сталіца Беларусі. Знайшлося месца на сцяне і гадзінніку, які вядзе адлік новага часу новай мінскай “Еўропы”.
Наталля ШАРАНГОВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА