У Год кнігі бібліятэкі занялі пазіцыі лідараў у папулярызацыі чытання. Не засталіся ўбаку ад рэспубліканскай акцыі і на Навагрудчыне.
Мясцовая ЦБС аб'явіла раённы конкурс "Суперчытач-2012", які праводзіцца для павышэння прэстыжу і культуры чытання. Конкурс мае на мэце выяўленне і заахвочванне лепшых чытачоў Навагрудскай ЦБС, павышэнне статуса чытання сярод жыхароў раёна, стварэнне прывабнага вобраза чытача і кнігі, узмацненне ролі бібліятэкі як цэнтра чытацкага развіцця.
Конкурс стартаваў 20 студзеня. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца дарослыя і дзеці, якія наведваюць бібліятэку цягам апошніх трох гадоў і прачыталі не менш чым 50 кніг за год. Падставай для ўдзелу ў конкурсе з'яўляецца інфармацыя аб чытацкай актыўнасці, зафіксаваная ў фармуляры, альбо спіс прачытаных кніг, складзены бібліятэкарам.
Конкурс пройдзе ў тры этапы. А яго вынікі падвядуць у студзені 2013-га. Пад час мерапрыемства будуць названы пераможцы яшчэ ў дзесяці намінацыях, сярод якіх - "Самы актыўны наведвальнік бібліятэкі", "Самы "камерцыйны" чытач", "Патрыёт беларускай кнігі", "Міс (містар) Фэнтазі" і многія іншыя.
Пераможцам конкурсу будуць уручаны дыпломы "Суперчытач-2012", каштоўныя падарункі - найперш, вядома, кнігі. Удзельнікі другога этапа конкурсу, якія не зоймуць прызавыя месцы, атрымаюць падзячныя лісты аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама і сувеніры.
Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай ЦРБ