Канспекты паводле Крашэўскага

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

У календары юбілейных дат на 2012-ы, падрыхтаваным “К”, названа і 200-годдзе з дня нараджэння нашага земляка — літаратара, мастака, навукоўцы і выдаўца Юзафа Ігнацыя Крашэўскага. Відавочна, грунтоўна рыхтуецца да гэтага юбілею Пружаншчына, якая з’яўляецца для “тытана працы” малой радзімай. А ініцыяваў маштабнае святкаванне аддзел культуры Пружанскага райвыканкама.

/i/content/pi/cult/365/7024/1-4.jpeg

У прыватнасці, ужо распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў. І галоўная роля ў святкаванні юбілею належыць Музею-сядзібе "Пружанскі палацык", які цягам вось ужо амаль пяці гадоў - у супрацоўніцтве з Музеем Ю.Крашэўскага ў Раманове (Польшча) займаецца вывучэннем спадчыны пісьменніка.

Своеасаблівым адкрыццём "Года Крашэўскага" стала імпрэза, якая днямі адбылася ў сценах "Пружанскага палацыка": тут праходзіла прэзентацыя серыі выданняў "Да 200-годдзя з дня нараджэння Ю.І. Крашэўскага", што выйшла ў адным з брэсцкіх выдавецтваў. Варта адзначыць і прадстаўнічасць вечара: мерапрыемства сабрала шмат мясцовай інтэлігенцыі, прыехалі вучні Загорскай школы, якія пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Мікалая Сахарука ствараюць мемарыяльны куточак Крашэўскіх ды макет сядзібы. З польскага Музея Ю.Крашэўскага ў Раманове прыехала дырэктар Анна Чабадзінска-Пшыбыслаўска. З упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама завітаў галоўны спецыяліст па гісторыка-культурнай спадчыне Вячаслаў Гарбузаў.

А распачата серыя была ў 2009 годзе брэсцкай журналісткай Русланай Гусевай. Яшчэ пад час сваёй прафесійнай дзейнасці яна зацікавілася жыццём ды творчасцю Крашэўскага, і ўжо на пенсіі пачала больш грунтоўна знаёміцца з яго спадчынай. Так з'явілася першая кніга творчых эсэ, вершаў, уласных перакладаў фрагментаў твораў Крашэўскага "Да Крашэўскага ў Раманоў і Доўгае". Потым, у 2010-м - "Дары пілігрыма": пераклады лірыкі Юзафа Крашэўскага. У гэтым жа годзе выходзіць трэцяя кніга - "Канспекты паводле Крашэўскага". Матэрыялы гэтага зборніка знаёмяць чытача з дзяцінствам Юзафа Ігнацыя, яго школьнымі гадамі, а таксама з храналогіяй жыцця і творчасці...

Апошняя кніга пабачыла свет у жніўні 2011-га  - "Песня пра Вітолу". Яна ўтрымлівае пераклад Русланай Гусевай фрагментаў першай кнігі трылогіі "Анафеляс" Ю.Крашэўскага - "Віталараўда". У дадатку да зборніка змешчаны матэрыялы сучаснікаў Крашэўскага пра міфалогію, а таксама артыкул першага намесніка начальніка ўпраўлення ідэалогіі Брэсцкага аблвыканкама Ігара Гетмана. Яго карані, як і ў славутага Крашэўскга, - з вёскі Доўгае Пружанскага раёна. Ігар Гетман, як і многія пружанцы, марыць пабачыць у найбліжэйшым будучым узноўленую сядзібу Крашэўскіх у Доўгім.

Яўхім РУПАЙЛА

Пружаны