Палеская экаканцэпцыя

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Знайсці на карце Мінска "пінскую" скарбніцу

/i/content/pi/cult/365/7023/1-2.jpegЖыхарам нашай краіны і многім замежным гасцям добра вядомая ўнікальная скарбніца рэгіянальнай беларускай культуры - Музей Беларускага Палесся ў Пінску. Але далёка не ўсім вядома, што ў гэтай установы быў правобраз - "Палескі музей" у Мінску.

Сёлета спаўняецца 100 гадоў важнай грамадскай ініцыятыве, рэалізаванай у тагачасным губернскім Мінску. У 1912-м Мiнскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфii i археалогii адкрыла ўласны музей. Гэта была не першая публічная музейная ўстанова ў горадзе. З 1908 г. для ўсіх ахвотных былі адкрыты дзверы мінскага Царкоўна-археалагічнага музея, які змяшчаўся на Архірэйскім падвор'і. Ішло назапашванне калекцый мінскага земскага сельскагаспадарчага музея. Не хавалі ад сучаснікаў уласныя найбагацейшыя гістарычныя зборы мінскія калекцыянеры Ю.Кабылінскі, Г.Татур, М.Гаўсман (апошні нават арганізаваў у 1880 г. у Мінску публічную выстаўку на аснове сабраных калекцый). І тым не менш, музей Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі заслугоўвае асаблівай увагі з-за пакладзенай у яго падмурак канцэпцыі, што не згубіла актуальнасці і сёння./i/content/pi/cult/365/7023/1-1.jpeg

У кастрычнiку 1909-га гласны мінскай гарадской думы В.Янчэўскi i iнжынер М.Кузняцоў звярнулiся да кiраўнiцтва горада з прапановай, у якой абгрунтоўвалася неабходнасць стварэння ў горадзе "Палескага музея". У праекце ішла размова пра захаванне музейнымі сродкамі матэрыяльнай і духоўнай культуры ўнікальнага Паўночна-палескага рэгіёна (Мазырскі, Тураўскі і Пінскі паветы), што ўваходзіў у склад тагачаснай Мінскай губерні.

У прапанове, у прыватнасці, сцвярджалася: "Палессе, якое большай часткаю ўваходзіць у склад Мінскай губерні, уяўляе з сябе вялікі край, што характарызуецца самабытнымі асаблівасцямі, якія заслугоўваюць вывучэння... Аднак з кожным годам лясы ўсё больш высякаюцца, балоты - асушваюцца, фаўна Палесся бяднее... Праз продаж буйных фальваркаў дробнымі кавалкамі ідзе наплыў некарэннага насельніцтва. Мясцовыя асаблівасці знікаюць, аблічча Палесся ўсё больш змяняецца і хутка застанецца толькі ва ўспамінах. Натуральна, узнікае думка аб установе, якая паставіла б сабе за мэту збіранне і захаванне для нашчадкаў усяго, што характарызуе сучаснае Палессе".

Нягледзячы на слушнасць прапановы, большасць дэпутатаў у думе не надавала экалагічным пытанням якога-небудзь значэння. Па вынiках галасавання была створана камiсiя, якая цягам трох гадоў анiяк не вызначылася сваёй дзейнасцю. І толькі ў сярэдзiне 1912-га, калі ў яе склад былi прыняты сябры Мiнскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфii i археалогii, пытанне аб музеі было вырашана.

Сябры таварыства распрацавалі i зацвердзілі статут Мiнскага гарадскога музея. Гарадская дума асiгнавала дзве тысячы рублёў на яго стварэнне і выдзелiла спецыяльнае памяшканне. Добраахвотныя ахвяраваннi паскорылі падрыхтоўчыя работы, i ў 1913 г. адкрылася выстаўка першых набыткаў музея. На ёй дэманстравалiся калекцыi мiнералаў i ўзоры глебы, сялянскiя строi i нумiзматыка. Асаблiвая ўвага надавалася набыццю матэрыялаў па заалогii Мiнскай губернi.

/i/content/pi/cult/365/7023/1-3.jpegВялiкi поспех атрымала экспазіцыя жывапiсу i дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што адкрылася ў Мінску ў 1916 г. У выстаўцы разам з музеем удзельнічаў мiнскi аддзел польскай арганізацыі па наглядзе за прадметамi мастацтва i культуры. Аддзел прадставіў 250 сабраных ім пад час Першай сусветнай вайны экспанатаў, у тым лiку карцiны П.Брэйгеля, А.Дзюрэра, Б.Мурыльё, Я.Рустэма, I.Пешкi, Я.Дамеля, а таксама старажытную зброю, мастацкае шкло, парцаляну, дываны i iншае.

Рэвалюцыйныя падзеi спынiлi работы па стварэнні стацыянарнай экспазiцыi Мінскага гарадскога музея. На жаль, экалагічныя ідэі, закладзеныя ў яго на пачатковым канцэптуальным узроўні, былі рэалізаваны толькі часткова. У хуткiм часе ўстанова была закрыта, а ў 1920 г. сабраныя калекцыi перадалі ў Мiнскi абласны музей.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, доктар гістарычных навук, прафесар БДУ

На здымках: мяркуецца, што ў гэтым будынку, на рагу вуліц Захар'еўская і Серпухоўская ў 1912 г. размяшчаўся Мінскі

гарадскі музей

(сёння на тым месцы знаходзіцца будынак Галоўпаштамта); статут музея; археалагічныя знаходкі музейнай калекцыі.