Не названы Паэт і разбітыя шкельцы

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Спаборніцтва, што прайграна... Купалу?

/i/content/pi/cult/365/7020/1-2.jpeg

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадставіў гледачам прэм'ерны спектакль "Кругі раю", прысвечаны творчасці і асобе Янкі Купалы. Традыцыйна склалася так, што культурная грамадскасць нашай краіны кожны раз адзначае "круглыя" ўгодкі з дня нараджэння Янкі Купалы ды Якуба Коласа, выказваючы сваю пашану да таго, што гэтыя творцы зрабілі для айчыннай культуры. І, натуральна, заўсёды ўзнікае інтрыгуючае чаканне: а што ж гэтым разам новага ці, наадварот, добра забытага старога нам распавядуць пра Тытанаў беларускай літаратуры?

Рэжысёр спектакля Святлана Навуменка пайшла адчайным і няпростым шляхам: намагаючыся адарвацца і аддаліцца ад усяго, што было напісана і пастаўлена ў тэатры пра Янку Купалу раней, яна вырашыла стварыць і распавесці нам... уласную гісторыю жыццёвага шляху Паэта. Звярнуўшыся да творчай спадчыны Купалы, а таксама малавядомых дакументаў і фактаў яго біяграфіі, Навуменка спрабуе намаляваць для нас, гледачоў, палатно пад умоўнай назвай "Творца і Час". Сама па сабе задача гэтая - маштабная і вартая ўвасаблення: не сакрэт, што многія з сучасных маладых людзей (а спектакль, безумоўна, разлічаны ў аснове сваёй на школьную аўдыторыю), вельмі цьмяна ўяўляюць сабе гісторыю Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. І калі падзеі Вялікай Айчыннай вайны дзякуючы пастаяннай і магутнай патрыятычна-прапагандысцкай рабоце на агульнадзяржаўным узроўні цвёрда трымаюцца ў галовах новага пакалення, то Кастрычніцкая рэвалюцыя, калектывізацыя, нэп, сталінскія рэпрэсіі і г.д. часта з'яўляюцца для іх своеасаблівым "адкрыццём". У дачыненні ж да Янкі Купалы такі ход выглядае цалкам лагічным: паэту давялося жыць у няпростыя, пераломныя дзесяцігоддзі, якія, што і казаць, фарміравалі не толькі гісторыю краіны, але і значна паўплывалі на менталітэт нашага народа.

Іншая справа, што ў аўтарска-рэжысёрскім увасабленні Святлана Навуменка пайшла самым прымітыўным ходам - шляхам храналагічнага прадстаўлення шэрагу напаўпластычных эцюдаў-алегорый, чый вобразны рад занадта грубы і прамалінейны для таго, каб з яго дапамогай будаваць тонкі свет адчуванняў і перажыванняў Паэта. Чырвоны сцяг, што раздзяліў Купалу з жонкай, зацягнута-доўгая гісторыя са згвалтаваннем жняі-Беларусі... - гэтыя і шэраг іншых сцэнічных эцюдаў, за чарадой якіх рэжысёр старанна хавала сваё падсвядомае жаданне паўтарыць сцэнічны поспех "Адвечнай песні" ў рэжысуры Сяргея Кавальчыка на тых жа падмостках, распадаюцца на абстрактна-абагуленыя замалёўкі, камбінацыі і паслядоўнасці. Часам нават і сама наяўнасць іх не выклікае адчування неабходнасці ў "целе" спектакля. Зрэшты, гэткі эфект аказаўся цалкам натуральным, і "спаборніцтва" з Янкам Купалам Святлана Навуменка прайграла на першых жа хвілінах: калі ў "Адвечнай песні" мы маем справу з дакладна прадуманай і пралічанай унутранай гісторыяй героя - Мужыка, з якой, бы з самотнай песні, не выкінеш ані слова, "Кругі раю" пабудаваны па прынцыпе кліпа, дзе галоўную ролю адыгрывае не драматургія дзеяння твора (яе ў дадзеным выпадку зусім няма), а ўсяго толькі актыўная дынаміка змены карцін, за кошт чаго тэмпарытм спектакля "садзіцца" на музычна-харэаграфічнага канька і стварае ілюзію развіцця сцэнічнай дзеі.

/i/content/pi/cult/365/7020/1-1.jpegУ дачыненні да Янкі Купалы ў спектаклі мы бачым непрыхаваную тэндэнцыю да ледзь не кананізацыі асобы паэта. Бы язычніцкі ідал, што стаіць пасярод сцэны (сцэнаграфія - Юрыя Саламонава), паўстае перад намі і сам Купала, на якога практычна моляцца стваральнікі спектакля, вымалёўваючы перад намі фігуру пакутніка, што не прадаўся аніякай уладзе. Прычым сам "прадмет пакутніцтва" Купалы выглядае надзвычай цьмяна: зыходзячы з тых тэкстаў і сцэн, што паўстаюць перад гледачамі, увесь унутраны канфлікт героя заключаецца ў тым, што ён хацеў, каб сяляне мелі зямлю і ўласную годнасць, а ніводная з улад ім гэтага не давала. І калі Прадстаўнік улады (Аляксандр Марчанка), які вядзе сваю ролю па прынцыпе ўвасаблення "глабальнага зла" ў стылі амерыканскіх коміксаў, пачынае прэсінгаваць Паэта і спрабаваць падкупіць то дармовымі ботамі, то аўтамабілем "шэўрале", тэатральны Купала ламаецца на ўзроўні побыту, але ў душы застаецца пакутнікам за ідэю людской свабоды. Думаецца, што такое лінейнае разуменне творчых памкненняў Купалы зусім не адлюстроўвае рэальнай карціны і дыяпазону палёту яго аўтарскай думкі, а, хутчэй, выяўляе рэжысёрскае жаданне стварыць тэатральную "ікону", што ўжо не будзе мець патрэб у тым, каб яе разглядалі, аналізавалі, асэнсоўвалі і ацэньвалі. Нездарма на самым пачатку спектакля чатыры Жаночыя істоты (парафразы караткевічаўскіх Чатырох чараўніц?) абвяшчаюць-заклінаюць: "Паўстань з народу нашага прарок!" Але потым замест таго, каб гэтага прарока паслухаць, услухацца, адчуць і прачуць, стваральнікі спектакля пачынаюць трансліраваць уласнае меркаванне аб ім і свае здагадкі адносна таго, хто ён і што думаў, адчуваў, перажываў. Як вынік - за "сцэнічнымі карцінкамі" асоба галоўнага героя заціраецца, ператвараючыся ў нагоду для размовы, а зусім не ў цэнтральны аб'ект нашай глядацкай увагі.

У ролі Паэта (праграмка не называе галоўнага героя Янкам Купалам) выступае акцёр тэатра Дзяніс Паршын. Дзякуючы выключна сваёй тонкай і лірычнай ігры ён у многіх момантах кампенсуе пастановачную бездапаможнасць і надуманасць сцэнічнага аповеду. Унікальная творчая прырода Паршына і яго надзвычайная арганічнасць - якасці вельмі рэдкія для сучаснага акцёра. Тонкае лірыка-рамантычнае нутро і ўменне быць на сцэне шчырым, а не "іграць шчырасць" даюць яму магчымасць з першых жа хвілін пераадолець наша ўспрыняцце ягонага героя як спробы стварэння сцэнічнага партрэта паэта. Так, ён не іграе Янку Купалу, не "гуляе" ў яго і не намагаецца прэзентаваць свае думкі наконт таго, што ж гэта была за асоба. Залог поспеху акцёра - у тым, што ён быццам бы спрабуе паставіць сябе сучаснага ў сітуацыях, у якіх, паводле сцэнічнай гісторыі, даводзіцца апынуцца Купале. І менавіта дзякуючы гэтаму ўвесь сцэнічны пафас "разбіваецца" на дробныя шкельцы ля ног чалавека - нармальнага, маладога, прывабнага, разумнага, мыслячага, - які не разумее, чаму павінен дабравольна адмовіцца ад сваіх ідэалаў, уласнага ўнутранага свету і ператварыцца ў "вінцік". Купала Паршына - не пакутнік, не ахвяра і не прарок. Ён, можна сказаць, - звычайны чалавек: у тым сэнсе, што жыццёвыя ўяўленні яго сфарміраваны ў цалкам традыцыйным рэчышчы. І прыцягальнасць яго, а разам з гэтым і пераканаўчасць акурат у тым, што гісторыя жыцця і смерці Янкі Купалы, якую мы, гледачы ў зале, успрымаем як трагедыю, для персанажа Паршына - адзіны магчымы, натуральны шлях, цалкам лагічны і неабвяргальны з пазіцый унутранай маралі героя. Бадай, гэтая акцёрская тонкасць, якая сваёй чалавечнасцю так і не дала да канца ўвасобіцца старанным спробам ператварыць Янку Купалу ў "расфарбаванага" ўласнымі вершамі "ідала", - галоўнае, за што хочацца яму падзякаваць.

На здымках: сцэна са спектакля "Кругі раю"; Паэт - Дзяніс Паршын.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА