Галоўнае ў фестывалі

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Сімфонія для інструменталістаў і мастакоў у Заслаўі

ХІІ Свята музыкі "Заслаўе" стала 140-м па ліку фестывалем у малых гарадах, праведзеным Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

Як запэўніў мастацкі кіраўнік свята, сёлета геаграфія такіх фестываляў зноў будзе пашырана: святы камернай музыкі з'явяцца ў Горках і Навагрудку. І справа тут зусім не ў пагоні за колькасцю. "Мы жывём у час змены эпох, - сказала доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава - навуковы кіраўнік і вядучая ўсіх такіх святаў. - Таму асабліва важным становіцца галоўны інстынкт - нават не самазахавання, а "працягу роду". У музыцы яго ўвасабленнем з'яўляюцца захаванне і перадача традыцый. Менавіта гэтую ролю і адыгрывае аркестр Фінберга, выступаючы гарантам працягу нацыянальных традыцый у прафесійнай музыцы".

Адметнасцю заслаўскіх фестываляў застаецца іх надзвычайная камернасць. Зімовыя маразы не дазваляюць святу выліцца на вуліцу, маленечкая зала Дзіцячай школы мастацтваў можа ахапіць толькі некалькі дзясяткаў слухачоў, фінальны ж канцэрт папулярнай песні ў гарадскім ДК "Світанак" з'яўляецца хіба "святочным бонусам", а не "далучэннем да класікі". Дык у чым жа "каэфіцыент карыснага дзеяння" такога фестывалю? У тым, што яно адрасавана, найперш, юным прыхільнікам мастацтваў.

Гэта прыклад таго, як непазбежныя "мінусы" (уключаючы тэмпературныя, што ніжэйшыя за нуль) можна ператварыць у "плюсы". Арганізатарам "Заслаўя-2012" гэта ўдалося. "Дзіцячы" кірунак свята быў узмоцнены не толькі праз асветніцтва ("Расповед пра беларускую музычную спадчыну", праведзены В.Дадзіёмавай і ансамблем флейтыстаў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Скараходава, стаўся адной з мастацкіх дамінант свята), але і праз гульнёва-спаборніцкую атмасферу. Маразы не перашкодзілі правесці запланаваны конкурс юных музыкантаў - навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Мінскай вобласці. Кожны выконваў усяго адзін твор, але - беларускі: гучалі п'есы Напалеона Орды, Мікалая Чуркіна, Аляксея Туранкова, Марка Шнэйдэрмана, Дзмітрыя Камінскага, Аляксея Клумава, Пятра Падкавырава, Яўгена Глебава, Сяргея Картэса, Валерыя Карэтнікава, Ганны Кароткінай і многіх іншых нашых класікаў ды сучаснікаў. Не засталіся ўбаку і юныя мастакі: яны атрымалі цудоўны майстар-клас ад Віктара Ціханава.

Свята пачалося менавіта з малявання. Ці, можа, гэта быў урок псіхалогіі - гэткага "малявання настрою"? На практыцы была даказана думка майстра: "Маляваць умеюць усе, толькі не ўсе пра гэта здагадваюцца". Мальберт быў устаноўлены ў фае школы, на фоне выстаўкі В.Ціханава, - акурат перад уваходам у залу, дзе ў той час спрабавалі акустыку і праводзілі апошнія рэпетыцыі канкурсанты. "На вуліцы холадна, - усміхнуўся Віктар Пятровіч,  - таму давайце "грэцца": зробім лета, зарослую сажалку, кветкі, водбліскі сонца..." Маляванне ператварылася ў сапраўднае сімфанічнае развіццё. На кожным з этапаў, калі ў творчы працэс уключаліся ўсё новыя ўдзельнікі (у тым ліку музыканты, толькі што адыграўшы сваю конкурсную ці канцэртную праграму), карціна змянялася да непазнавальнасці. Мастак умела кіраваў фантазіяй сваіх "сааўтараў": "Палатно "стамілася", дайце яму адпачыць. А вось тут - няхай будзе больш сонейка..." Галоўнае ж - на рухі пэндзляў уздзейнічала музыка, што даносілася з канцэртнай залы.

Конкурс выявіў не толькі пераможцаў, але і праблемы выхавання юных піяністаў, скрыпачоў, віяланчэлістаў. Самай моцнай аказалася малодшая група. Тут папраўдзе ў многіх свяціліся вочкі, адчувалася шчырая прага да музыкі, а не толькі школьная стараннасць, больш ці менш удалае "паўтарэнне зададзенага". Дзевяцігадовы віяланчэліст Ян Хмялеўскі з Фаніпаля ўвогуле мог прэтэндаваць на Гран-пры, калі б яно было прадугледжана. І гэта невыпадкова: ён - лаўрэат ужо пяці конкурсаў, уключаючы міжнародны. У сярэдняй групе - усё наадварот. Журы справядліва не прысудзіла тут ніводнай Першай прэміі. У старэйшай - імкнулася падтрымаць тых, хто ўжо, можа, вызначыўся з будучай прафесіяй і збіраецца працягваць музычную адукацыю.

- Малодшых, - прызнаўся член журы, маладзечанскі скрыпач Аляксандр Баравік, - лягчэй "дрэсіраваць". Разумею, гэта не самая лепшая фармулёўка, але ў музычным навучанні вельмі важныя пастаянныя, штодзённыя трэніроўкі, а не заняткі ад урока да ўрока. Цяпер модным стала ранняе развіццё, але часам замест прывівання любові да музыкі, якая будзе рухаць чалавекам надалей і садзейнічаць самастойным заняткам, дзецям укладаюць адно пэўныя прыёмы - так хутчэй бачны вынікі, але не фарміруецца ўстойлівая зацікаўленасць. Далёка не ўсе пачаткоўцы стануць прафесіяналамі. І не трэба! Таму, атрымаўшы першыя навыкі, няхай дзеці развучваюць тое, што ім бліжэй, часцей выступаюць на публіцы, нават саліруюць пад фанаграму-мінусоўку - гэты напрамак сёння вельмі запатрабаваны ў Еўропе. А ёсць жа яшчэ імправізацыйнае мастацтва! Чаму б не прывучаць дзяцей і да яго?..

Заўважым, што намаганнямі арганізатараў святаў музыкі ў Заслаўі якраз і пачынае запаўняцца гэтая ніша. Дзеці выступаюць побач з дарослымі музыкантамі экстра-класа, атрымліваюць граматы і дыпломы з рук самога Міхаіла Фінберга, імправізуюць пэндзлем, і ўсё - у кантэксце беларускай нацыянальнай спадчыны, якая паяднала здабыткі Захаду і Усходу. Менавіта ў гэтым - яднанні заходняй і ўсходняй ліній развіцця музычнага мастацтва - бачыцца сёння місія знакамітага беларускага кампазітара Льва Абеліёвіча, 100-годдзе з дня нараджэння якога было адзначана на фестывалі. Ці прагучаць сёлета ягоныя творы хаця б у сталічнай філармоніі? Не ведаю. А ў Заслаўі - гучалі багата: і ў арыгінале, і ў шматлікіх пералажэннях для разнастайных камерных складаў.

У фестывалю, які спалучаецца з дзіцячым конкурсам, - вялікія перспектывы. Чаму б, да прыкладу, не дадаць у праграму творчую сустрэчу з беларускімі кампазітарамі? Дый у якасці прызоў дзеці маглі б атрымліваць ноты - хаця б ксеракопіі, але з кампазітарскімі аўтографамі (а яшчэ лепш - разам з цукеркамі!). Так, праблем у сферы дзіцячай музыкі хапае. Даецца ў знакі недахоп друкаваных нотных выданняў, самога музычнага матэрыялу, цікавага і карыснага для юных музыкантаў. Літаральна за кожным падрыхтаваным да конкурсу вучнем бачылася не толькі ўласна педагагічная праца настаўнікаў, але і іх пошукі беларускай музыкі, адпаведнай светапоглядам і выканальніцкаму ўзроўню дзяцей. Далучэнне да фестывалю "жывых" кампазітараў магло б спрыяць усяму гэтаму! Дый дзецям - памяць на ўсё жыццё. У дадатак да грамат і дыпломаў за подпісам Міхаіла Фінберга.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Заслаўе - Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"