"Дрэва жаданняў"

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Пад такой назвай з 15 лютага ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выстаўка твораў Ганны Сілівончык. На ёй прадстаўлены жывапісныя работы і арт-аб’екты.

/i/content/pi/cult/365/7017/2-5.jpeg

Ганна - выхаванка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (аддзяленне станковага жывапісу). З 2008-га з'яўляецца членам БСМ. Мае медаль "Талент і прызванне" Міжнароднага альянсу "Міратворац".

Вось што яна кажа пра сваю выстаўку: "Тысячы гадоў людзі нараджаюцца на свет дзякуючы каханню, жывуць дзеля яго, вар'яцеюць і паміраюць ад яго. Вераломнае і ўсепаглынальнае, стыхійнае і апантанае, яно штурхае нас на подзвігі і патрабуе ахвяр, напаўняе наша жыццё святлом і прыносіць душэўныя пакуты.

Усе людзі па-свойму разумеюць, што такое каханне: біялогія, хімія, псіхалогія, філасофія, рэлігія - кожны па-рознаму тлумачыць яго прыроду і сутнасць. Шматграннае і шматаблічнае, загадкавае і неспасціжнае, каханне капрызлівае і наравістае ды такое прыгожае сваёй нелагічнасцю...

Няўлоўнае, прывіднае і эфемернае, гэтае пачуццё нярэдка бяжыць ад тых, хто яго шукае, і кідаецца на шыю тым, хто ад яго хаваецца. Каханне часам бывае дзіўнае, цудоўнае, хваравітае, забароненае і заганнае, смешнае і недарэчнае, пакутлівае і спапяляльнае, але яно ж ёсць сутнасць жыцця, яе рухавік і сэнс..."

Работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, - гэта намаганне прадэманстраваць парадаксальныя і неадназначныя праявы кахання.

Наш кар.