Ад НББ да "Паэтычнай ночы"

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

16 лютага ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная дзейнасці бібліятэк па папулярызацыі чытання.

Як запэўніў начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вадзім Шчэрбіч, міністэрства будзе прыкладаць усе намаганні, каб мерапрыемствы, прысвечаныя Году кнігі, 120-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, ахапілі як мага больш чытачоў, у тым ліку і патэнцыйных, асабліва - моладзі. Усе мерапрыемствы, якія будзе праводзіць міністэрства на рэспубліканскім узроўні, зазначыў ён, заўсёды знойдуць свой працяг у рэгіёнах, дзе мясцовыя бібліятэкі карыстаюцца сталічным і агульнарэспубліканскім вопытам.

Дарэчы, першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Даўгаполава якраз распавяла пра тое, што супрацоўнікі НББ займаюцца маніторынгам і вывучэннем чытацкіх прыярытэтаў не толькі ва ўласных сценах, а і ў бібліятэках па ўсёй рэспубліцы. А паколькі сярод моладзі ўсё большую папулярнасць заваёўваюць электронныя формы кнігі, дык НББ заўсёды ідзе насустрач чытачам, пераводзячы ў лічбавы фармат тую частку фондаў, на якую валодае аўтарскімі правамі.

А вось Алена Кубышкіна, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Мінска, распавяла, што апошнім часам адкрыліся тры новыя бібліятэкі: у мікрараёнах "Захад", "Чырвоны Бор" і "Брылевічы".

Сёлета, дарэчы, запланаваны сапраўды ўнікальныя акцыі. Да прыкладу, 21 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі, у бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдзе "Паэтычная ноч".