Полацк з эмблемай і абрадамі

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Галоўны спецыяліст аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Юлія Аўчыннікава паведамляе “К”, што днямі была зацверджана афіцыйная эмблема святкаванняў з нагоды 1150-годдзя Полацка. Эмблема, у аснове якой — выява гарадскога герба на берасцяным скрутку з указаннем года заснавання Полацка і юбілейнай даты, неўзабаве з’явіцца на сувенірах.

/i/content/pi/cult/365/7004/1-2.gif

Праграма ўрачыстасцей, па словах Юліі Аўчыннікавай, дапрацоўваецца, але ўжо дакладна вядома, што свята пройдзе з 25 мая да 5 чэрвеня - Дня памяці Ефрасінні Полацкай. На юбілей збяруцца прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў, а таксама дэлегацыі са знакавых гарадоў Старажытнай Русі.

 А напярэдадні будзе зладжана навукова-практычная канферэнцыя, арганізатарамі якой стануць Нацыянальная акадэмія навук і Полацкі дзяржуніверсітэт. 25 мая адбудзецца і канцэрт артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старадаўняй Сафіі".

Культурнымі набыткамі плануюць адзначыць юбілей горада і работнікі культуры Полацкага раёна. Як распавядае "К" дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука, аддзел культуры Полацкага райвыканкама рыхтуе дакументы на прысваенне статуса нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці аўтарскаму выканальніцкаму майстэрству Валянціны Пісюковай і абраду "Качанне з гары на Іванаў дзень". Дарэчы, аналагічную падрыхтоўку вядзе і Полацкі ўніверсітэт, у выніку чаго названы статус займеюць рытуальныя дзеі пры ўшанаванні крыніц на Верхнім замку ў Полацку.

А ўсяго па Віцебшчыне, як паведамляе Кацярына Лабука, статус нематэрыяльнай каштоўнасці неўзабаве набудуць тэхналогія хлебавыпечкі ў Глыбоцкім, тэхніка ажурнага ткацтва і гульня на Масленку ў Гарадоцкім, абрад "Вясельны каравай" у Дубровенскім, практыка задымлення ганчарнага посуду і цацкі ў Пастаўскім і прыгатаванне традыцыйных страў у Талочынскім раёнах.

А.С.