Тэатральнае абнаўленне

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

Рэканструкцыя будынкаў і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы беларускіх тэатраў завершыцца ў 2013 годзе.

Пра гэта было паведамлена пад час сустрэчы з прэсай, якая адбылася 23 лютага ў Міністэрстве культуры краіны.

- Дзяржава надае вялікую ўвагу пытанню рэканструкцыі тэатральных будынкаў, - адзначыў на сустрэчы намеснік міністра культуры Віктар Кураш. - Большая частка запланаванага Праграмай рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання тэатраў ужо выканана. У 2012 - 2013 работы завершацца на апошніх аб'ектах, якія падлягалі абнаўленню: Брэсцкі і Гродзенскі абласныя тэатры лялек, Слонімскі драматычны тэатр, Рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр. Усе яны знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, таму тэрміны іх рэканструкцыі звязаны з фінансаваннем з мясцовых бюджэтаў.

Што да актыўных работ на будынку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, то яны фінансуюцца ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы...

Усяго за перыяд 2004 - 2010 гадоў, паведаміў намеснік міністра, у поўным аб'ёме завершаны рамонт і тэхнічнае пераабсталяванне 18 тэатраў, у тым ліку 3 - рэспубліканскай (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі) і 15 - камунальнай уласнасці. Абнаўленне будынкаў станоўча адбіваецца на паказчыках працы тэатральных калектываў, у тым ліку колькасці наведвальнікаў, і фінансава-эканамічных лічбах. Даходы тэатраў і цікавасць да іх з боку гледача пасля рэканструкцыі ўзрастае.

Што да самага буйнога аб'екта на дадзены момант - будынка Купалаўскага тэатра, - то праца над яго рэканструкцыяй з частковай рэстаўрацыяй ідзе поўным ходам. Галоўны архітэктар праекта Раіса Рымашэўская паведаміла, што за "пункт адліку" работ па будынку ўзяты праект канца ХІХ стагоддзя архітэктара Караля Казлоўскага. Знешні і ўнутраны выгляд тагачаснага Мінскага губернскага тэатра атрымае Купалаўскі пасля завяршэння ўсіх работ. Пры гэтым, ён мае стаць больш утульным і зручным для пастаноўкі сучасных відовішчаў: памеры сцэны і службовых памяшканняў павялічацца, будзе ўстаноўлена найноўшая гукавая і асвятляльная апаратура, будынак атрымае новы гардэроб... Да слова, сцэнічная прастора Купалаўскага даўно патрабавала пашырэння: сцэна тэатра была самай малой сярод сцэн нацыянальных тэатраў былога СССР.

Пры пашырэнні сцэнічнай прасторы давялося дэманціраваць частку будынка, якую тэатр атрымаў пад час рэканструкцыі 1956 - 1964 гадоў. Як высветлілася ўжо ў ходзе рэканструкцыі, цагляныя сцены не звязаны належным чынам з асноўнымі канструкцыямі будынка 1890-х і былі не ў стане вытрываць цяжар новага сцэнічнага абсталявання, а яно павінна дазволіць выкарыстоўваць больш дасканалыя дэкарацыі пад час спектакляў. Цяпер ідуць работы па ўмацаванні фундамента будынка, пабудавана і новая размеркавальная падстанцыя, што будзе забяспечваць Купалаўскі электраэнергіяй.

Як паведаміла на сустрэчы кіраўніцтва самога тэатра, вымушаная праца калектыву Купалаўскага на іншых пляцоўках сталіцы не адбілася на стаўленні да яго гледачоў - спектаклі нязменна ідуць з аншлагам. А абноўлены будынак і новае, звышсучаснае, абсталяванне павінны дапамагчы калектыву Нацыянальнага акадэмічнага зрабіць яго спектаклі яшчэ больш цікавымі і дасканалымі.