Іматрыкуляцыя

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Інаўгурацыя і іматрыкуляцыя — за гэтымі мудрагелістымі словамі, якімі была пазначана ўрачыстасць у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, хавалася віншаванне першакурснікаў з “ганаровым званнем” студэнтаў.

 /i/content/pi/cult/132/700/Un-t kultury1.jpg

У фае Цэнтральнага дома афіцэраў кучкавалася моладзь, іграў духавы аркестр, а на стэндах была размешчана выстаўка студэнцкіх работ кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і навуковых работ супрацоўнікаў універсітэта. Як высветлілася пазней, усім жадаючым трапіць на гэтую ўрачыстасць нават не хапала месца.
Сярод ганаровых гасцей у зале прысутнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, міністр адукацыі Беларусі (ці, як яго назвала рэктар універсітэта Ядвіга Грыгаровіч, “галоўны настаўнік краіны”) Аляксандр Радзькоў, прадстаўнікі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, а таксама першы рэктар БДУКіМ Алесь Петрашкевіч.
Пасля невялічкай харэаграфічнай уверцюры з прывітальным словам да прысутных звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук: “Я добра памятаю той дзень, калі стаў студэнтам.
І шчыра вам зайздрошчу, бо студэнцтва — цудоўны час. Ну, а тыя цяжкасці, што суправаджаюць навучанне — агонь, вада і медныя трубы, — гэта тое, што загартоўвае чалавека, робіць з яго добрага спецыяліста”. Ён заклікаў студэнтаў шанаваць беларускую мову, бо гэта наша гісторыя, нашы карані.
Нагадаў, што “самая галоўная скарбніца навучальнай установы — яе выкладчыкі, якія будуць побач са студэнтамі не толькі гэтыя пяць гадоў, а ўсё жыццё”. Міністр падкрэсліў, што “культура — гэта не толькі сталіца і абласныя цэнтры, але і многія іншыя найпрыгожыя куткі нашай Беларусі”.
Дзяржава клапоціцца пра моладзь, і тая павінна гэта разумець і аддзячваць сваім далейшым працоўным унёскам.
У залу ўнеслі штандар і сцяг універсітэта з красамоўнай выявай жарптушкі.
На сцэну выйшлі

 /i/content/pi/cult/132/700/Un-t kultury2.jpg

рэктар Ядвіга Грыгаровіч і яе намеснікі ў мантыях — як і належыць “людзям вучоным”. Ядвіга Дамінікаўна адзначыла, што падобная інаўгурацыя, якая ўжо 15-ты раз адбываецца ў Доме афіцэраў,— гэта працяг старажытных еўрапейскіх традыцый. Яна падкрэсліла, якую вялікую дапамогу аказвае універсітэту дзяржава: ужо некалькі гадоў, як навучальная ўстанова атрымала другі корпус, а да таго ж— мастацкую галерэю, змешчаную ў Палацы Рэспублікі. Дый зараз Прэзідэнтам краіны падпісана распараджэнне аб перадачы універсітэту 5-павярховага будынка па вуліцы Маскоўскай, 18. І гэта выдатна, бо запатрабаванне на спецыялістаў культурна-мастацкага профілю надзвычай вялікае. Сёлетні конкурс сярод абітурыентаў на некаторыя спецыяльнасці складаў каля 20-ці чалавек на месца. Усяго на першы курс прынята 1200 студэнтаў. За пяць гадоў, як падлічылі ва універсітэце, ім давядзецца здаць 110 залікаў і іспытаў. Пажадана — з першага разу. А праз нейкі час іспыт будзе здаваць сама навучальная ўстанова, праходзячы традыцыйную атэстацыю.

 /i/content/pi/cult/132/700/Un-t kultury3.jpg

Віншаванне з ганаровым званнем заслужанай артысткі Беларусі атрымала знакамітая салістка Ірына Дарафеева, якая, між іншым, таксама выкладае ў БДУКіМ. Дарэчы, сярод выкладчыкаў гэтай навучальнай установы такія знакамітасці, як народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, вядомы кампазітар Алег Елісеенкаў, гітарыст Уладзімір Угольнік, спявачка Наталля Коўб. А сярод студэнтаў — дыпламант сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” Ганна Благава, фіналісты тэлевізійнага праекта “Зорны дыліжанс” Дзмітрый Карпінчык і Дзяніс Ліс.
Таму няма чаго здзіўляцца, што святочны канцэрт атрымаўся такі шматкаляровы. У ім бралі ўдзел не толькі салісты, але і, галоўнае, шматлікія творчыя калектывы універсітэта, сярод якіх — некалькі хораў (мужчынскі “Віват”, камерны “Дабравест”, акадэмічны “Мара”), безліч ансамбляў (вакальна-харэаграфічны “Валачобнікі”, фальклорныя “Грамніцы”, “Талака”, акардэаністаў “Туцці”, ансамбль кафедры харэаграфіі, ансамбль “Універсум”), капэла беларускіх народных духавых і ўдарных інструментаў “Гуды”, Маладзёжны эстрадна-сімфанічны аркестр, Беларускі аркестр народных інструментаў, канцэртны аркестр духавых і ўдарных інструментаў “Светач” і іншыя.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымках: падчас мерапрыемства