Колькі Асоб — столькі інвестараў

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Найноўшая святломузычная апаратура, усталяваная больш за дзесяць гадоў таму ў аграгарадоцкай клубнай установе, паспела безнадзейна састарэць. Дыялектыка развіцця: час патрабуе не толькі новых дыскатэчных рытмаў, але і новага гуку, святла.

Вядома, што на сёння такая "прасунутая" апаратура каштуе не адзін дзясятак мільёнаў. Раней, за бясхмарным фінансавым часам, за іх можна было адрамантаваць СДК...

Але гаворка - не пра грошы. І менш за ўсё мы казалі пра іх пад час рэдакцыйных "лятучак" з "К" (пазалеташні і леташні праекты, якія рэалізоўваў наш аддзел рэгіянальнай культуры). Гутарка з абавязковым удзелам кіраўніцтва раёна і начальніка аддзела культуры ішла збольшага пра недахоп спецыялістаў сферы, што і думаць-прапаноўваць умеюць, і ад рэалізацыі задуманага адчуваюць асалоду. Такіх прынята называць прафесіяналамі, асобамі. На такіх пакуль дэфіцыт. Не толькі ў вёсках, але і ў райцэнтрах.

Так, асоб у рэгіянальнай сферы культуры бракуе. І маю на ўвазе не звычайную тэхнічную спрактыкаванасць у выкарыстанні, скажам, мікшарнага пульта. Хоць і з гэтым - процьма праблем: на танцавальных вечарах "тэхнічны" рэй часцяком вядуць не работнікі культуры, а маладыя "хэдлайнеры" "з вуліцы"... Хачу падкрэсліць іншае. Прафесіянал, у сённяшніх сельскіх рэаліях, павінен быць сацыёлагам, псіхолагам, маркетолагам, менеджарам, піяртэхнолагам, здольным здзіўляць нестандартным падыходам да свайго штодзённага клопату. Час практыкаў (работнікаў без спецыяльнай адукацыі) адыходзіць - надыходзіць час прафесіяналаў. Так, многім работнікам культуры мае высновы не спадабаюцца. Але, перакананы, пад імі з гатоўнасцю падпішацца любы старшыня райвыканкама, любы начальнік рэгіянальнага аддзела культуры. Вакансій "на пасады Асоб" хапае.

"Няхай яны прыйдуць да мяне і дакажуць сваю патрэбнасць!" - гэтае выказванне на рэдакцыйных "лятучках", адрасаванае клубнікам, бібліятэкарам, музейшчыкам, уласцівае ці не кожнаму трэцяму кіраўніку раёна... Так, надыходзіць час прафесіяналаў, здольных працаваць на якасна новым узроўні. Гэты дыялектычны працэс можна параўнаць з тым, як электронная кніга становіцца "калегай" кнізе друкаванай. У адваротным выпадку сумна будзе ў клубах, бібліятэках, музеях. Нават пры наяўнасці суперсучаснай апаратуры. Нават пры жаданні райвыканкама зрабіць з мясцовай культуры "цукерачку". Банальна, але факт: калі культработніку нецікава на пасадзе, нецікава і спажыўцу такога "арт-прадукту". Натуральна, у станаўленні асобы пэўныя спадзяванні заўжды ўскладаліся і на БДУКіМ, на Інстытут культуры Беларусі. Усё гэта так. Сістэмная прафарыентацыя, паўсюднае завочнае і мэтавае навучанне - надзейны грунт для фарміравання прафесіянала. Але і тут трэба змяніць падыходы. Як? Давайце думаць разам.

 Чым вызначаецца сённяшні прафесіянал? Як падаецца, адзін з дакладных крытэрыяў - здольнасць да выніковага сацыяльнага партнёрства, без якога цяпер любы праект далей папяровага абгрунтавання не пойдзе. А да добрага спецыяліста ад культуры інвестар сам ідзе. Пра гэта - рэдакцыйны праект "Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства". І першыя практычныя высновы - наступныя: колькі Асоб у культуры, столькі і яе інвестараў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"