2012-ты: да класа “А”!

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Усе, хто звязаны з беларускім кіно, яшчэ доўга будуць успамінаць 2011-ы, бо менавіта ў мінулым годзе былі закладзены перадумовы для будучага годнага развіцця сферы кінематаграфіі ў нашай краіне. На ўвазе маецца шэраг прынцыповых змяненняў у дзеючым заканадаўстве, дзякуючы якім наша кіно павінна атрымаць дадатковы штуршок да хуткіх перамен. Справа — за тым, каб удала скарыстацца магчымасцямі, што з’явіліся ў беларускіх кінавытворцаў, і пачаць канкурыраваць з іншаземнымі кінакампаніямі.

3 1 студзеня 2012-га ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі", які змяніў прынцыпы фінансавай дзяржаўнай падтрымкі беларускай кінавытворчасці і аблягчыў працу кінапрадзюсараў. Прыватныя кампаніі цяпер атрымалі права на атрыманне дзяржаўных грошай для вытворчасці кінапрадукту, а Нацыянальная кінастудыя і "Беларускі відэацэнтр" - права прыцягваць прыватных партнёраў, у тым ліку з-за мяжы, для стварэння сумесных праектаў.

Доўгачаканы выхад айчыннага кінамастацтва на дастойны еўрапейскай краіны з багатымі культурнымі каранямі ўзровень - працэс, які займае не адзін год. Паўнавартасны кінапраект - як вялікі акіянскі лайнер, пасля закладкі якога праходзіць досыць шмат часу, пакуль ён не будзе спушчаны на ваду. 2011-ы якраз стаў такім "годам закладкі", калі нацыянальныя кінавытворцы распачалі шэраг цікавых праектаў, што пабачаць свет толькі праз год-другі.

Але 2012-ы можа стаць нават больш важным, бо менавіта ён павінен вырашыць галоўную праблему айчыннага кіно: "пераламіць" глядацкае стаўленне да беларускага як да другаснага, "ненадзённага" і "нецікавага". Першы крок зроблены ў мінулым годзе, калі Нацыянальнай кінастудыяй былі створаны карціны Івана Паўлава "Усё, што нам трэба" і Сяргея Шульгі "Талаш". Абедзве былі заўважаны гледачом, прычым, што да стужкі Паўлава, - не толькі айчынным.

Такіх вынікаў, безумоўна, трэба дасягаць і ў накірунку кіно для вялікага экрана. Выхад стужкі Піэтэра Сіма "Адзінокі востраў", які запланаваны ўжо на 1 сакавіка, павінен прадэманстраваць наведвальнікам кінатэатраў не толькі ў нашай краіне аб сапраўдным ўзроўні творчасці нашых кінематаграфістаў, бо і аператарская работа Вадзіма Пацеева, і акцёрскія ні ў чым не саступаюць работам іх замежных калег. 2012-ы павінен давесці свету, што беларусам пад сілу сумесная вытворчасць і міжнародная кааперацыя на самым сур'ёзным, у тым ліку фестывальным, узроўні. Яшчэ адзін доказ таму - хуткае завяршэнне працы над праектам сусветна вядомага рэжысёра Сяргея Лазніцы "У тумане" паводле аповесці Васіля Быкава, у якім "Беларусьфільм" удзельнічаў як паўнавартасны партнёр. Спадзяёмся, менавіта гэтая стужка стане доўгачаканым "прарывам" нашага кіно ў свет фестываляў класа "А".

Менавіта ўдзел у кінафорумах падобнага ўзроўню можа дапамагчы "прарваць інфармацыйную блакаду" нашага кінамастацтва і заняць Беларусі, нарэшце, сваё месца на кінематаграфічнай карце свету. Прынамсі, цікавасць да нашай студыі як да пляцоўкі для стварэння фестывальнага прадукту найвышэйшага гатунку ўжо ёсць: у Мінску хутка распачнуцца здымкі карціны Канстанціна Лапушанскага "Роля", у працы над якой, сумесна з беларускім бокам, будзе прымаць удзел Андрэй Сігле - прадзюсар стужкі Аляксандра Сакурава "Фаўст", што атрымала летась найвышэйшую ўзнагароду Венецыянскага міжнароднага фестывалю.

Нарэшце, якаснага рыўка можна чакаць і ад Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", які ў мінулым годзе ўпершыню праходзіў у новым статусе акрэдытаванага члена Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF). Менавіта Мінскі міжнародны павінен стаць для беларускіх кінаманаў, у тым ліку для будучых патэнцыйных кінатворцаў, сапраўдным "акном" у свет фестывальнага кіно. Спадзяёмся, сёлета "Лістапад" будзе надаваць павышаную ўвагу не толькі іншаземным гасцям, але і шараговым гледачам, а таксама - прадстаўнікам беларускай прэсы, праз якую на "Лістапад" глядзіць наша грамадства.

Дзякуючы ўсебаковай падтрымцы нашай дзяржавы, беларускія кінематаграфісты маюць унікальны шанц заявіць аб сабе ў поўны голас. Спадзяёмся, яны гэты шанц скарыстаюць.