Год актыўнага сонца

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

2011-ы ў мастацкай прасторы краіны прайшоў адносна спакойна.

Як заўсёды, у музеях ды галерэях сталіцы і рэгіёнаў адкрываліся выстаўкі. Мастакі прымалі ўдзел ў афармленні цікавых аб'ектаў, у прыватнасці - будынка мінскай Дзіцячай філармоніі, капліцы ў гонар іконы Божай Маці "Знаменне" на брацкіх могілках часоў Першай сусветнай вайны (аўтарскі калектыў атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне"). Як і заўсёды, мы пазнаёміліся з шэрагам экспазіцый з краін блізкага і далёкага замежжа.

Канешне ж, і нашы творцы выстаўляліся за мяжой. У гэтым плане асабліва трэба адзначыць Венецыянскі біенале як новы прарыў маладога беларускага авангарднага мастацтва на сусветную арэну. Але таксама хочацца вылучыць тры экспазіцыі манументальнага мастацтва Беларусі, якія прайшлі ў Нацыянальнай бібліятэцы, мастацкай галерэі БСМ (Палац мастацтва) і Акадэміі мастацтваў. Па-першае, яны далі гледачам магчымасць зразумець, што было зроблена нашымі творцамі за апошнія дваццаць гадоў у гэтай галіне на тэрыторыі ўсёй краіны і за мяжой: ад Кітая да Расіі, ад Турцыі да Украіны. Па-другое, узнялі важнае пытанне: у якім "манументальным абліччы" мы ўбачым заўтра нашу радзіму? Скажам, важнай з'явай у выяўленчай культуры Беларусі стала адкрыццё ў Кіеве помніка У. Караткевічу - добры знак таго, што нашы скульптары і архітэктары даўно ўжо заявілі пра сябе не толькі ў рэгіянальных "рамках" роднай краіны.

Цікавым быў шэраг праектаў Нацыянальнага мастацкага музея - ад рэалізацыі цыкла "Нашы калекцыі" да паказу "відавых" і "жанравых" экспазіцый: ад цікавых выставак нацюрморта і пейзажа - да экспанавання ўнікальных беларускіх ікон і рускай класікі (творы І.Шышкіна, да прыкладу). Шмат выставак, пра якія рэгулярна пісала "К", праходзілі і ў Палацы мастацтва - рознага ўзроўню, рознай якасці. Але тут праблема іншая, пра што я неаднойчы казаў: вельмі нізкая глядацкая актыўнасць. У чым прычыны? Іх шмат: няма адпаведнай рэкламы выставак як у прэсе, так і на тэлебачанні, радыё, у Інтэрнэце, не праводзіцца праца экскурсаводаў-прафесіяналаў, да арганізацыі экспазіцый рэдка далучаюцца куратары (як гэта робіцца ў НММ). Да ўсяго, на жаль, практычна адсутнічае мастацкая крытыка, якая змагла б "растлумачыць" шараговаму гледачу і чытачу, што ў нашым мастацтве добра і што - не.

Хочацца верыць, што 2012-ы будзе больш яркім і парадуе арт-адкрыццямі не толькі нас, мастацтвазнаўцаў, але і тых, для каго, уласна кажучы, ствараецца мастацтва. І бліжэйшая такая "кропка" - гэта юбілейная мастацкая выстаўка, прысвечаная Я.Купалу і Я.Коласу. Што новага яна нам прынясе? Ну і, вядома ж, цягам года мы будзем успамінаць нашага вялікага земляка - В.К. Бялыніцкага-Бірулю, 140 гадоў з дня нараджэння якога споўніцца 29 лютага. Да гэтай даты НММ РБ запланаваў шмат цікавых праектаў на радзіме мастака і ў Мінску. Чакаем!

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"