Фэст і “best”

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Летась фестываляў было больш, чым калі. Даліся ў знакі біенале, дадаліся новыя святы — як міжнароднага разгорту, так і рэгіянальныя (адзін іх пералік заняў бы цэлую газетную калонку). І гэта ў чарговы раз вымусіла задумацца пра асаблівасці нацыянальных фестываляў.

Слова "фестываль" перакладаецца як "святочны". З цягам часу пад фестывалямі пачалі мець на ўвазе своеасаблівы "парад" дасягненняў у пэўнай сферы дзейнасці. Але ўсё больш відавочнай становіцца іншая тэндэнцыя - фестывалю як свята, на якім ужо не мае значэнне, дзеля чаго ладзіўся сам фестываль. Бо святочны антураж іншым разам пачынае скіроўваць абраны фестывалем кірунак зусім у іншы бок. Іншымі словамі, "світа" засланяе сваімі пышнымі ўбраннямі самога "караля". І замест народна-танцавальнага карагода ці залатой скарбонкі музычных рарытэтаў атрымліваюцца так ці інакш складзеныя вулічныя святкаванні, дзе часам забываецца фестывальная тэма, затое пануе прынцып  "Гуляць дык гуляць!".

Можна толькі вітаць зварот фестываляў у бок самаакупнасці - гэта патрабаванне часу. Але ідэальны варыянт - у гарманічным спалучэнні ўсіх складнікаў: фінансавага, мастацкага, асветніцкага, турыстычнага. І над усім - індывідуальнасць фестывальнага аблічча таго або іншага рэгіёна.

Добрай тэндэнцыяй стала больш шырокае выкарыстанне ў фінансаванні фестываляў спонсарскай дапамогі, супрацоўніцтва ў гэтай сферы дзяржаўных і недзяржаўных устаноў. Сёння ўжо многія пачынаюць разумець, што не толькі бізнес патрэбны для культуры, але і культура - для бізнесу. І справа не толькі ў тым, што ўкладаючы грошы ў культуру, мы ўкладаем іх, па сутнасці, у нашу будучыню. На фестывалях сустрэнеш не толькі дзеячаў культуры, але і прадстаўнікоў улады, бізнес-структур. Фестываль - гэта цудоўная пляцоўка для наладжвання як культурных, так і дзелавых кантактаў, стварэння сумесных праектаў, падпісання доўгатэрміновых кантрактаў. Нарэшце, фестываль - гэта выдатны стымул для прыцягнення турыстаў, а значыць - для далейшага развіцця інфраструктуры рэгіёна, звязанай з пашырэннем турыстычных паслуг.

На жаль, летась намецілася і тэндэнцыя да скарачэння навукова-аналітычнага складніка фестываляў. На некаторых з іх перасталі праводзіцца "круглыя сталы", публічныя абмеркаванні прадстаўленых праграм з удзелам нашых і запрошаных замежных крытыкаў. Зразумела, кожнаму хочацца пачуць словы ўхвалы, а не крытыку. Але творчыя дыскусіі даюць магчымасць выказацца розным бакам, пачуць супрацьлеглыя думкі, а значыць - канчаткова пераканацца ў сваіх эстэтычных пазіцыях. Ці, можа, наадварот: змяніць свой пункт гледжання. Урэшце, любое абмеркаванне дае дадатковую інфармацыйную нагоду для СМІ, вымушае журналістаў не толькі пералічваць фестывальныя мерапрыемствы, але і асвятляць дыскусійныя моманты, што куды больш "інтрыгуе" і прыцягвае публіку. І, як вынік, працуе на фестываль.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"