Тэатральны “хэнд-мэйд”

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Бадай, галоўнай тэатральнай падзеяй мінулага года стала правядзенне першай у гісторыі нашай краіны Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Нарэшце, насуперак усім “аб’ектыўным абставінам” і нават аморфнасці саміх тэатралаў, гэтая Прэмія — адбылася.

Не заглыбляючыся ў аналіз вынікаў, якія прадэманстравала Прэмія, і задач, што натуральным чынам паўсталі перад яе будучымі арганізатарамі (мы неаднаразова падрабязна разбіралі іх на старонках "К"), хочацца сказаць галоўнае: пакладзены першы камень у падмурак сістэмнага маніторынгу бягучага стану айчыннага тэатральнага мастацтва. І, думаецца, праз год-два, калі сам арганізацыйна-рабочы механізм прэміі належным чынам адладзіцца, мы зможам аператыўна бачыць і аналізаваць усе тыя творчыя здабыткі і пошукі, якія здараюцца не толькі на сталічных сцэнах, але і ва ўсіх тэатрах краіны.

Такім чынам, тэатральнае мастацтва, якое існуе "за межамі Мінскай кальцавой дарогі", будзе мець аднолькавыя са сталічным магчымасці для сваёй належнай ацэнкі і папулярызацыі. Бо, вядома ж, галоўнай сваёй мэтай Нацыянальная тэатральная прэмія ставіць зусім не раздачу "жалезных" узнагарод, а перадусім - вывад айчынных творцаў са стану "аморфнасці" ды заспакоенасці і стымуляванне іх мастацкіх пошукаў шляхам стварэння прафесійна-творчай канкурэнцыі. Думаецца, дадатковым стымулам для іх стаўся б і факт больш актыўнага ўключэння ў конкурснае спаборніцтва і тэатральных труп недзяржаўнага падпарадкавання (балазе Палажэнне аб прэміі гэтую магчымасць прадугледжвае). Тым больш, што такія калектывы, як "ІнЖэст", "Карняг тэатр" або "D.O.Z.SK.I.", ужо стала прадстаўляюць беларускае мастацтва не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Дык чаму ж не "ўбачыць", нарэшце, і іх?

Другой, не менш знакавай для развіцця айчыннага тэатральнага працэсу, падзеяй стала прыняцце новага Закону "Аб аўтарскім і сумежным праве", які ўступіў у сілу ў снежні мінулага года. Сярод іншых пытанняў, ён рэгламентаваў і рэжысёрскі статус: згодна з Законам, рэжысёр драматычнага тэатра цяпер афіцыйна не з'яўляецца аўтарам спектакля, а прылічваецца па статусе да выканаўцы.

Акрамя юрыдычна-рэгламентацыйных, гэты закон абазначыў яшчэ і іерархічнае месца рэжысёра ў сучаснай мадэлі так званага камерцыйнага тэатра, да якой сёння свядома ці не імкнецца большасць тэатральных калектываў краіны. І ў гэтым святле па-новаму ўсведамляецца функцыя мастацкага кіраўніка: на яго ўскладаецца задача распрацоўкі адметнай рэпертуарнай палітыкі, якая дапамагала б тэатру фарміраваць уласнае творчае аблічча, а не кланіраваць у чарговы раз ідэю "ўніверсальнай тэатральнай мадэлі", разлічанай на поспех сярод усіх. Як паказвае практыка, стаўка на стварэнне "стопрацэнтных хітоў" у колах сучасных спажыўцоў айчыннага тэатральнага мастацтва не спрацоўвае. Сённяшні глядач жадае бачыць зусім не агульнаўжытковы і часта абязлічаны "шырспажыў", а - індывідуальную, аўтарскую прапанову, тэатральны "хэнд-мэйд". І акурат за гэткае "выканальніцтва" ён гатовы заплаціць належным чынам.

І яшчэ адну важную адметнасць мінулага года нельга абысці ўвагай. На фоне актывізацыі палітыкі прасоўвання і рэпрэзентацыі беларускай культуры за мяжой, практычна незаўважнай для шырокіх колаў грамадскасці нашай краіны прайшла падзея - знакавая і, безумоўна, іміджавая для ўсяго тэатральнага мастацтва Беларусі. Сёлета на ХV Сусветным фестывалі тэатраў лялек у Празе Брэсцкі тэатр лялек са спектаклем "Халстамер" упершыню за ўсю гісторыю гэтага прэстыжнага форуму сабраў неверагодную колькасць адзнак: найвышэйшую ўзнагароду - Гран-пры фестывалю, - а таксама тры дыпломы (за лепшую рэжысуру, сцэнаграфію і музычнае афармленне). І гэта - толькі адзін з эпізодаў таго, як менавіта айчынныя лялечнікі паслядоўна і плённа ствараюць культурны імідж нашай краіны за мяжой, прыносячы ёй па выніках тэатральнай "алімпіяды" "золата" найвышэйшай пробы.

Ды толькі сёлетні з'езд UNIMA прадэманстраваў, што ўсе гэтыя міжнародныя прэстыжныя перамогі лялечнікаў на радзіме да гэтага часу так і не маюць належнага "ўліку". Любы, хто пажадае даведацца пра сучасны беларускі тэатр лялек, немінуча сутыкнецца з тым, што ва ўсіх выданнях яго гісторыя заканчваецца... 70 - 80-мі гадамі мінулага стагоддзя. А між тым, стварэнне агульнага інфармацыйна-прэзентацыйнага каталога айчынных тэатраў лялек, дзе былі б прадстаўлены гісторыка-біяграфічныя, інфармацыйныя, тэхнічныя, творчыя ды іншыя звесткі пра ўсе тэатры лялек краіны, уключаючы тэлефоны і электронныя адрасы, а таксама, у абавязковым парадку, - гастрольна-фестывальную геаграфію перамог і дасягненняў, - такое выданне стала б рэальным крокам у падтрымцы тых імкненняў і здзяйсненняў, якімі сёння айчынныя лялечнікі могуць пахваліцца не на словах. Тым больш, працу па зборы і падрыхтоўцы інфармацыі можна было б правесці ў колах самой UNIMA. Бо не сакрэт, што не менш, а, магчыма, нават больш важнае за мары пра будучыя вялікія дасягненні ўменне граматна і своечасова фіксаваць і прэзентаваць тыя рэальныя здабыткі, якія ў нас ужо маюцца на сённяшні дзень.