З грыфам “Для распаўсюджвання”

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

2011-ы запомніўся ўручэннем Першай Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва. Але гэтая прэмія, задуманая як “падзея падзей”, пакуль такой не атрымалася.

Напярэдадні шмат крытыкі прыпала на арганізацыю і правядзенне гэткай жа тэатральнай прэміі. Але ўсё спасцігаецца ў параўнанні: побач з музычнай тая, пры ўсіх недапрацоўках, успрымалася ледзь не шэдэўрам. Здарылася гэта, мусіць, яшчэ і таму, што эстрада - як адно з самых масавых, разлічаных на самую шырокую аўдыторыю, мастацтваў - куды больш звязана з тэлебачаннем, чым тэатр. Адпаведна, і музычная прэмія задумвалася як сумеснае дзецішча Міністэрства культуры і канала "СТБ". У выніку прэмія, названая Нацыянальнай, не перасягнула, на жаль, межы аднаго тэлеканала. На ёй у поўнай меры адбілася сумна вядомая па замежнай практыцы "вайна тэлеканалаў" (у нашых рэаліях - "спаборніцтва"): адзначаліся, найперш, тыя праекты, якія так ці інакш былі звязаны з СТБ. І гэта, з аднаго боку, правільна: канал павінен піярыць свае здабыткі, "раскручваць" адны свае праграмы праз другія. Ды мэты Нацыянальнай прэміі - іншыя.

У гэтым сэнсе прэмія тэатральная выканала задачу прыцягнення ўвагі да тэатра. Эстрада ж і без таго - быццам на вачах ва ўсіх. І задачы Нацыянальнай прэміі ў гэтай галіне - прапагандаваць эстраду і яе нацыянальныя адметнасці, заахвочваць да стварэння і назапашвання беларускамоўнага рэпертуару высокага гатунку. Гэта сёння з'яўляецца адным з прагалаў айчыннай эстрады. Пэўна, далейшае існаванне прэміі магло б спалучацца з конкурсам на лепшую беларускую песню. Бо прэмія такога кшталту павінна не толькі ісці следам за развіццём эстрады, але - і скіроўваць яго. На сёння ёсць некалькі эстрадных праектаў: на Беларусь-1, АНТ, СТБ. Нацыянальная ж прэмія ўжо паводле свайго статуса не можа залежаць ад тэлеканала. Наадварот, гэта яны павінны спаборнічаць за права асвятляць яе падзеі і фінальную цырымонію. Каб так было, трэба не чакаць канца года, а ўжо зараз дапрацаваць умовы, намінацыі, акцэнтаваць у іх неабходныя для развіцця нашай эстрады бакі - і піярыць прэмію. Нельга, каб пра яе патэнцыйныя ўдзельнікі даведваліся ў апошні момант, як летась.

Дарэчы, Нацыянальная музычная абвастрыла праблему, больш актуальную для акадэмічнай музыкі, дзе ў нас куды больш творчых здабыткаў, прызнаных у замежжы. Але - існуюць вялізныя "нажніцы" паміж тым, якія новыя творы ў нашай акадэмічнай музыцы ідуць "на экспарт", а якія "прадукты" прызначаюцца для сябе. Усё, як нярэдка і ў жыцці: "у людзі" - што лепш, а сабе - і так добра. Мінулы год яшчэ больш узмацніў гэтую тэндэнцыю. Стала зразумела: у нас, на жаль, з вялікім спазненнем выконваюцца ці, бывае, зусім не гучаць менавіта тыя творы, якія паспяхова ўпрыгожваюць сур'ёзныя замежныя фестывалі. А колькі яшчэ тых, што маглі б стварыць гонар нашай краіне! Сёння гэта залежыць ад аўтара. Толькі не ад ягонай творчасці, а ад таго, ці зможа ён распаўсюдзіць білеты на канцэрт. Дык давайце, нарэшце, прызнаем, што "продаж" і "маркетынг", як і звычайная рэклама, у сферы мастацтва таксама павінна рабіцца прафесіяналамі. Можа, слухачы тады і палюбяць беларускую музыку, калі пачуюць лепшае? І неаднойчы! Тут нават пакланенне перад замежным можа спрацаваць: калі такая музыка, маўляў, вітаецца на лепшых сцэнах Еўропы, дык і мы павінны яе "даганяць". І слухаць яе не ў першы і апошні раз, а куды часцей.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"