Ад ідэй да праектаў

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Для пераважнай большасці айчынных і — асабліва — замежных турыстаў наведанне музея той мясцовасці, куды яны завіталі, з’яўляецца ці не абавязковым рытуалам.

Калі казаць пра якаснае развіццё айчынных музеяў, то відавочным крокам наперад стала прыняцце Закону "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь", абмеркаванне якога доўжылася не адзін месяц, пра што неаднаразова падрабязна пісала "К". Каб не паўтарацца, варта толькі адзначыць колькі станоўчых момантаў новага Закону. Да прыкладу, была ўведзена доўгачаканая забарона на ўстанаўленне музеям нарматываў атрымання даходу, у Законе ўпершыню прапісаны гарантыі з боку Міністэрства культуры на замежныя выстаўкі, што будуць экспанавацца ў Беларусі.

Аднак, вядома ж, адным законам усе клопаты айчыннага музейшчыка не вырашыць, у тым ліку і фінансавыя. Невыпадкова ўсё часцей пачынаюць гучаць думкі пра неабходнасць распрацоўкі музеямі ўласных бізнес-планаў, праектаў, разлічаных на гранты. Разам з тым, вельмі часта музейныя супрацоўнікі маюць надта аддаленае ўяўленне пра гэтую важную дзейнасць, скіраваную на пошук інвестара.

У той жа час, каб знайсці арганізацыю ці чалавека, што ахвотна ўклаў бы ў музейны праект уласныя сродкі, трэба прапанаваць цікавы прадукт або хаця б ідэі, якіх у нашай багатай на традыцыі краіне апрыёры павінна быць вельмі шмат. А таму невыпадкова ўжо ў найбліжэйшай будучыні плануецца стварэнне шэрагу ўнікальных музеяў, кшталту тэхнічнага, дзіцячага, а таксама прысвечаных народным традыцыям рэгіёнаў.

Адпаведны эфект мусіць мець і той факт, што Міністэрствам культуры краіны пачынаюць узнімацца прапановы па рэарганізацыі профіляў некаторых раённых музеяў у адпаведнасці з іх мясцовымі адметнасцямі. Бо, пагадзіцеся, далёка не кожны краязнаўчы музей сёння можа прапанаваць цікавую, прывабную для розных катэгорый насельніцтва экспазіцыю, адметную адукацыйную праграму. Хаця і тут назіраюцца станоўчыя зрухі. Трэба адзначыць пазітыўныя моманты ў дзейнасці рэгіянальных музеяў, што звязаны з удзелам у праекце "Ноч музеяў", цікавасць да якога з боку турыстаў і мясцовага насельніцтва расце.

Не ўлічваць замежны вопыт працы музеяў было б проста недаравальным пралікам. Безумоўна, айчынныя музейшчыкі, якія ўсё часцей удзельнічаюць у замежных стажыроўках, не павінны цалкам капіраваць чужыя ідэі і праекты, каб не атрымалася так, што, да прыкладу, у Празе, Мінску і Брэсце турысту будуць прапаноўваць абсалютна аднолькавы, шаблонны прадукт. Але каштоўнасць стажыровак - ва ўзаемаабмене думкамі наконт развіцця музейнай сферы, новых падыходаў у працы з наведвальнікам, эфектыўнасці праектаў.

І такі абмен думкамі ды ідэямі павінен весціся, безумоўна, не паміж двума-трыма музеямі. Гэтаму садзейнічае ўдзел музейшчыкаў у буйных міжнародных праектах кшталту Музейнага фестывалю "Інтэрмузей", дзе нашы суайчыннікі не першы год шырока прадстаўлены.

Даўно наспела неабходнасць убачыць усю палітру айчынных музеяў разам з распрацаванымі праектамі, у тым ліку і на фоне іх замежных калег. Якраз у гэтым, думаецца, і дапаможа Першы беларускі музейны фестываль, што сёлета адбудзецца ў Гродне: ён дазволіць прааналізаваць дзейнасць літаральна ўсіх музейных устаноў нашай краіны, вызначыць лепшых у асобных намінацыях.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"