“...И дух наш молод!”

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

З 1 па 23 верасня 2007 г. у Маскоўскім музеі сучаснага мастацтва прайшла выстаўка твораў з металу мастакоў Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны “Металічны вернісаж”. Праект арганізаваны Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва і Фабрыкай мастацкіх кавальскіх вырабаў “ОСТ” (Віцебск), пры падтрымцы ўрада Масквы, Камітэта па культуры горада Масквы і Расійскай акадэміі мастацтваў. Сярод удзельнікаў праекта — вядомыя беларускія кавалі Юрый Круш, Алесь Вераб’ёў, мастачкі з Мінска Марына Капілава і Жанета Шыдлоўская, заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі Валерый Галкін, заслужаны мастак Украіны Алег Банькоўскі, майстар з Літвы Ўладас Кузінас, а таксама мастакі па метале Маскоўскага творчага саюза кавалёў.

Беларускія кавалі — у Маскве

Дадзены праект у Маскоўскім музеі сучаснага мастацтва — значная культурная з’ява, школа развіцця і трамплін у будучыню. Яго арганізатары не толькі вызначылі канцэптуальную структуру гэтага унікальнага віду творчасці, але змаглі ў кожным прасоўванні праекта

 /i/content/pi/cult/132/699/Kavali2.jpg
 А.Вераб’ёў. “Дрэва мараў” (Гродна).

выбудаваць новую стратэгію, звязаную з улікам устойлівага шматгадовага развіцця, аб’яднаўшы інтарэсы ўстаноў культуры Віцебска і Масквы, прамысловых прадпрыемстваў і майстроў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы.
Кропкай адліку для праекта можна лічыць 1999 год, калі кіраўніцтва маладога прадпрыемства вызначыла сваім прыярытэтам вытворчасць высокамастацкіх кавальскіх вырабаў і архітэктурнага металадэкору. Вопыт удзелу ў буйных спецыялізаваных выстаўках міжнароднага маштабу, правядзенне асабістых іміджавых мерапрыемстваў, арганізацыі кавальскіх фестываляў і майстар-класаў мастакоў па метале на прэстыжных пляцоўках у Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Віцебску далі значны вынік. Арганізатары праекта — Эма Краснабаева і Святлана Рабушкіна, якія прадстаўлялі на выстаўках фабрыку “ОСТ” і кавалёў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін, літаральна ўзгадавалі структуру сучаснай мастацкай з’явы па найновых правілах паспяховых тэхналогій.
У дзейнасці Віцебскай фабрыкі мастацкіх кавальскіх вырабаў “ОСТ” і яе падраздзяленняў выявіліся віцебскія гісторыка-культурныя тэндэнцыі, што цесна ўзаемадзейнічаюць з вядомымі сусветнымі культурнымі з’явамі.
У 20-ыя гады ХХ ст. вялікія стваральнікі Віцебскай мастацкай школы Марк Шагал і Казімір Малевіч, на гістарычнай базе якой развіваецца мясцовы Цэнтр сучаснага мастацтва, ажыццявілі прарыў авангарднага мастацтва ў прамысловы асяродак. Па іх эскізах жыццёвы асяродак чалавека набыў новую эстэтычную форму. Фабрыка разглядалася як элемент шляху да новага вобраза жыццядзейнасці чалавека.
Пакінуўшы Віцебск, заснавальнікі творчага аб’яднання УНОВИС ажыццяўлялі свае праекты на фарфоравай фабрыцы імя Ламаносава пад Ленінградам, а многія эскізы з выкарыстаннем металічных канструкцый былі ўвасоблены і на міжнародных выстаўках у Кёльне, Берліне, Парыжы. Даследаванні тэарэтычнай і мастацкай спадчыны Віцебскай школы, якія вядуцца ў Цэнтры сучаснага мастацтва г. Віцебска, дазваляюць пашырыць кола выставачных праектаў у рамках прынцыпу “прастора і дыялог”.
Сучасныя майстры мастацкай апрацоўкі металу — гэта творцы гарадской жыццёвай прасторы, у якой групуюцца мастакі, скульптары, прадпрымальнікі, інжынеры, арганізатары вытворчасці.
І, канешне ж, кавалі— гэтыя “праваднікі часу і прасторы”. Праз іх энергія стварэння — ад агню да твора мастацтва — як вечны сімвал закранае самыя глыбінныя пласты свядомасці.
Глыбіня тэмы, гісторыка-культурныя традыцыі Віцебска, высокія канцэптуальныя задачы, пастаўленыя ў праекце Цэнтрам сучаснага мастацтва і супрацоўнікамі “ОСТ”, былі падтрыманы выканаўчым дырэктарам Маскоўскага музея сучаснага мастацтва Васіліем Цэрэтэлі і кіраўніком выставачнага аддзела Аляксеем Навасёлавым. У сумеснай працы “выкаваўся вобраз праекта”.
Самым вялікім падарункам для ўсіх быў удзел у фарміраванні экспазіцыі і адкрыцці выстаўкі

 /i/content/pi/cult/132/699/Kavali1.jpg
 Адкрыццё выстаўкі. Пасвячэнне ў кавалі прэзідэнта Расійскай акадэміі мастацтваў З.Цэрэтэлі.

прэзідэнта Расійскай акадэміі мастацтваў, народнага мастака Расіі Зураба Цэрэтэлі. Тут спрацаваў феномен Майстра. Унутраная культура Зураба Канстанцінавіча, яго адкрытая радасць ад сустрэчы з аўтарамі работ прывяла да таго, што ён сказаў супрацоўнікам: “Не перашкаджайце ім рабіць экспазіцыю. Яны самі тонка ўсё адчуваюць”. Давер. Гэта заўсёды шмат значыць. Давер такога мастака — удвая.
Падчас адкрыцця выстаўкі быў праведзены рытуал пасвячэння З.Цэрэтэлі і гасцей у “ганаровыя кавалі”. Тэатр-рытуал не парушыў чароўны казачны свет дворыка Маскоўскага музея, а стаў прамой пераклічкай з “народным тэатрам” шматлікіх цэрэтэлеўскіх скульптурных груп, што літаральна насяляюць двор.
Калі сіламі ўдзельнікаў выстаўкі была створана рабочая экспазіцыя ў зале музея, стала зразумела, што патрэбен іншы падыход. І да працы па стварэнні экспазіцыі былі прыцягнуты дачка З.Цэрэтэлі Ліка і намеснік дырэктара музея Людміла Андрэева. Расстаноўка экспанатаў доўжылася дапазна. Задача вызначыць стылістычную прыналежнасць мастака, абазначыць яго месца ў экспазіцыі— нялёгкая задача. Але яна была вырашана.
Раніцай наступнага дня майстры ўбачылі новую цудоўную экспазіцыю, за што цёпла падзякавалі Ліцы Зурабаўне за ўдзел у рэалізацыі праекта і вобраз экспазіцыі, які яна стварыла. Усе звёны выстаўкі выбудаваліся ў гарманічным адзінстве, дзе творчая фантазія мастакоў, супрацоўнікаў музеяў і фабрыкі “ОСТ” заклала аснову новаму ўзроўню арганізацыі будучых праектаў.
Прэзідыум Расійскай акадэміі мастацтваў узнагародзіў дыпломамі і медалямі арганізатараў праекта і мастакоў за дасягненні ў мастацтве.
Дыялог прасторы і майстэрства адбыўся. Што наперадзе?
Наперадзе — новыя праекты…

Валянціна КІРЫЛАВА,
дырэктар Віцебскага цэнтра
сучаснага мастацтва