Эканоміка галіны: са статуса спажыўца — у статус вытворцы

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Анатоль ТОЗІК, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/364/6989/1-3.jpeg

- Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць за вынікі вашай працы. Мінулы год быў даволі складаны, і не без вашага актыўнага ўдзелу ён прайшоў спакойна і беспраблемна. Вялікі дзякуй. Галіна вызначылася стабільнасцю, канструктыўнасцю. Вынікі яе дзейнасці - відавочныя. У кожным выступленні на калегіі гучалі і праблемы, і канкрэтныя прапановы па іх вырашэнні. Натуральна, іх неабходна вывучыць, каб рэалізаваць кожную рацыянальную ідэю...

Сёння нам трэба сур'ёзна ўсвядоміць неабходнасць перабудовы. Галіна культуры павінна пераходзіць са статуса спажыўца рэсурсу ў статус яго вытворцы. Усё неабходнае для гэтага ёсць. Безумоўна, бюджэтнае фінансаванне галіны не будзе зніжацца, мы імкнёмся трымаць планку на ўзроўні не менш за 0,5% ад УВП. Астатнія сродкі трэба зарабляць. Цяпер у еўрапейскіх дзяржавах культура фарміруецца ў крэатыўную падгаліну эканомікі і прыносіць ад 5 да 6,5% УВП. У нас гэты паказчык пакуль не перавышае 0,8%. А рэсурсы - ёсць. Вы стварылі Інстытут культуры Беларусі, дзе, як мне сказалі, - амаль 150 штатных адзінак. Цяжка знайсці туды кадры? Пакіньце ў штаце сто чалавек і рэзерв заработнай платы выкарыстайце менавіта для гэтай сотні спецыялістаў.

Вам трэба сур'ёзна заняцца эканомікай галіны і, мабыць, у Інстытуце культуры Беларусі стварыць адпаведнае падраздзяленне. Варта ўсебакова прааналізаваць сітуацыю, паглядзець на пытанні аптымізацыі ўстаноў культуры, іх аб'яднання з роднаснымі ўстановамі іншых галін і ведамстваў. Да прыкладу, навошта нам у вёсцы мець праз дарогу дзве бібліятэкі, адну з іх - школьную? У вашай бібліятэцы - 3-4 наведвальнікі за дзень і 60 найменняў падпісных выданняў. А ў школьнай - больш за паўсотні вучняў і 30 найменняў перыёдыкі. Дык мо школьная ўстанова з поспехам абслужыць і бацькоў тых вучняў? А вызваленыя сродкі мы больш вынікова зможам выкарыстаць... Сёння, карацей, трэба ўсё падлічваць.

Нашы ўстановы культуры часта нагадваюць птушанят, што сядзяць у гняздзе і ў чаканні корму дзюбы параскрывалі... Перабудоўвацца трэба! Музеі нашы могуць зарабляць. Моладзь неабходна прыцягваць. У вашай галіне практычна няма прафесійна падрыхтаваных менеджараў, якія дапамагалі б вам выгадна і па-сучаснаму падаць той "прадукт", што вы рыхтуеце для спажыўца.

У нас захавалася адметная народная творчасць: ткацтва, кераміка, нават, як сёння прагучала, тэхналогія пляцення лапцей. У сучасным свеце ўсё гэта высока цэніцца, у тым ліку і як сувенірная прадукцыя. Дзялянка працы, што патрабуе больш актыўных высілкаў. Дык варта, каб было больш такіх творчых майстэрняў, як, да прыкладу, школа бондарства ў Іванаве. Дзеці тут унікальныя рэчы вырабляюць. Пытанне тым больш актуальнае з той прычыны, што ў краіне развіваецца турызм, а сувенірная індустрыя абсалютна не развітая. Калі ж і ёсць сувенір, дык ён так упакаваны, што сорамна глядзець. Няўжо цяжка вырашыць гэтае пытанне, аб'яднаўшы намаганні міністэрстваў культуры, спорту і турызму і гандлю?

У сферу культуры трэба прыцягваць прыватную ініцыятыву, прыватны капітал, інвестараў. Смялей прымайце рашэнні, калі патрэбна адпаведная прававая база - давайце яе ствараць: уносьце канкрэтныя і слушныя прапановы. Дарэчы, за мінулы год у гэтым кірунку шмат ужо зроблена. Але бракуе мясцовай ініцыятывы, заснаванай на здаровым сэнсе. Узяць хаця б тыя ж начныя дыскатэкі: іх мэтазгоднасць павінна вырашацца на раённым узроўні.

Прашу звярнуць увагу і на захаванне тэрмінаў рэканструкцыі нашай Нацыянальнай кінастудыі - усе нарматыўныя дакументы ўжо прыняты. Нарматыўная база ёсць і па якасці прадукцыі "Беларусьфільма". Карціны робяцца, але - не нашымі рэжысёрамі. А дзе нашы? Чаму на "Славянскі базар у Віцебску" мы не можам знайсці свайго рэжысёра і нам прапаноўваюць "ката ў мяху"?

Заўвагі ёсці і наконт Нацыянальнай электроннай бібліятэкі. Спецыялістаў у НББ шмат, але ж цэлы год перапісваемся, а нам не працэс патрэбны - вынік. Хацеў бы звярнуць увагу і на неабходнасць павышэння прафесійнага ўзроўню апарата абласных упраўленняў культуры, Мінгарвыканкама, Міністэрства. Вы адказваеце за стан спраў у галіне. Мы - вашы праваднікі ва Урадзе. Усё, што ад вас будзе паступаць у адпаведнасці з інтарэсамі галіны, дзяржавы, усё будзе дастаткова аператыўна рэалізоўвацца.

Больш прапаноўвайце! Разумею, заробкі ў работнікаў культуры яшчэ не надта вялікія, а таму больш аналізуйце, што з дзяржаўнага фінансавання выкарыстоўваецца вамі без належнага эфекту, што з гэтых грошай можна накіраваць на матэрыяльнае стымуляванне, на сапраўднае развіццё галіны культуры. Мы нядаўна прааналізавалі становішча спраў са штатамі, фінансаваннем і заробкамі ў Маладзёжным тэатры эстрады. Штаты - вялікія, асабліва - адміністрацыйны апарат, а аддача - мінімальная, калі не сказаць больш. А ёсць жа і супрацьлеглыя прыклады. Вынікова дзейнічае Вялікі тэатр оперы і балета, куды білеты за два месяцы нельга купіць. І апрача спектакляў тут заўжды ладзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. Гэтак жа працуе і аркестр Міхаіла Фінберга. Ён грошай не просіць і за мінулы год здолеў зарабіць за кошт шматлікіх канцэртаў па ўсёй рэспубліцы, падаецца, больш за два мільярды рублёў. Значыць, вучыцца трэба ў таго, у каго атрымліваецца працаваць на вынік.