Дагаворы, якія рэальна працуюць

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Наталля АЎДЗЕЕВА, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры

/i/content/pi/cult/364/6987/1-1.jpeg

- Паважаныя прысутныя!

На працэс узаемадзеяння сферы культуры і прафсаюзаў значна ўплывае пагадненне, падпісанае паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Цэнтральным камітэтам Прафсаюза работнікаў культуры на 2010 - 2012 гады. Яно з'яўляецца падмуркам для адпаведных працоўных і калектыўных дагавораў. Дарэчы, працэс заключэння калектыўных дагавароў у сферы культуры на 2012 год амаль завяршыўся.

Да таго ж, кінастудыя "Беларусьфільм", ЦК прафсаюзаў і Гільдыя кінаакцёраў падпісалі сумеснае пагадненне, якое рэальна працуе на дадатковую сацыяльную і прававую абарону работнікаў.

Экспертыза калектыўнага дагавору паказвае, наколькі важнымі з'яўляюцца запісаныя ў ім нормы і для работнікаў, і для наймальнікаў. Калі ва ўстанове ёсць калектыўны дагавор - значыць, маюцца шырокія магчымасці законна падтрымліваць супрацоўнікаў. Таму хочацца, каб у тых установах культуры, дзе ў прафсаюз уваходзіць толькі палова работнікаў, колькасць членаў нашай арганізацыі павялічылася.

Летась прафсаюз дапамагаў бацькам аздаравіць дзяцей. Толькі пад гэтыя мэты мы накіравалі больш за 120 мільёнаў рублёў. Таксама больш за 300 мільёнаў выдаткавалі на арганізацыю навагодніх і калядных святаў. Прыкладна 16 мільёнаў рублёў было сабрана для пацярпелых ад тэракту на станцыі метро "Кастрычніцкая". А яшчэ прафсаюз падтрымаў шматлікія рэспубліканскія акцыі, у тым ліку - па зборы сродкаў на ўзвядзенне новага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Сёлета мы плануем актывізаваць працу па папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод калектываў арганізацый сферы культуры. Таксама да ўжо вядомых рэспубліканскіх конкурсаў, якія ладзіць наш прафсаюз,
у 2012-м дададуцца і новыя. Сярод іх - на лепшы калектыўны дагавор і лепшага па прафесіі сярод моладзі, што працуе ў аграгарадках. Спадзяёмся на вашу зацікаўленасць і падтрымку.

Актыўнай была ў мінулым годзе і наша прававая інспекцыя працы. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.05.2010 г. № 240 "Аб ажыццяўленні грамадскага кантролю прафесійнымі саюзамі" мы правялі маніторынг у 230 арганізацыях. Выяўлена 606 парушэнняў працоўнага заканадаўства, але 598 з іх на сёння ўжо ліквідаваны.

Што да тэхнічнай інспекцыі працы, дык яна таксама летась актыўна вяла сваю дзейнасць па прафілактыцы вытворчага траўматызму, па выкананні заканадаўства аб ахове працы і працоўнай дысцыпліны. За 2011 год было выяўлена амаль паўтары тысячы правапарушэнняў.

Такім чынам, па ўсіх названых накірунках будзем працаваць і надалей. А каб паміж работнікам і наймальнікам было менш непаразуменняў, прафсаюз стварыў асобны сайт. Звяртайцеся да нас, калі ласка! І, хачу гэта адзначыць, нам пастаянна пішуць людзі. Толькі за мінулы год пісьмовых зваротаў у Беларускі прафсаюз работнікаў культуры было каля 14 тысяч.

Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць шчырую ўдзячнасць усім нашым сацыяльным партнёрам за паспяховае і плённае супрацоўніцтва. Дзякую за ўвагу і жадаю ўсім здароўя, шчасця, дабрабыту і творчых поспехаў на карысць культуры Беларусі!

Павел Латушка:

- Дзякуй, Наталля Пятроўна! Невялікая рэмарка. Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі сардэчна запрашае ўсіх нас у сваю вобласць, каб правесці сёлетнюю Спартакіяду работнікаў культуры ў горадзе Ліда. Ці падтрымліваюць прафсаюзы гэтую прапанову?

Наталля Аўдзеева:

- Безумоўна.

Павел Латушка:

- Тады давайце так і зробім: правядзём спартакіяду не пад Мінскам, як звычайна, а ў Лідзе. Там, пасля пазалеташняга Свята-кірмашу работнікаў сяла "Дажынкі", шмат што зроблена, таму з задавальненнем наведаем гэты рэгіён і мясцовыя ўстановы культуры.