У чым жа справа? Сістэма, форма, “мост”

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Аляксей САЛАДУХІН, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа

/i/content/pi/cult/364/6986/1-1.jpeg

- Педагагічны калектыў нашай установы здольны ажыццяўляць навучанне на самым высокім узроўні. 23% выкладчыкаў і канцэртмайстраў павысілі сваю кваліфікацыю з дапамогай самых розных форм паслядыпломнай адукацыі, двое з іх маюць вучоную ступень кандыдата мастацтвазнаўства, 11 з'яўляюцца магістрамі мастацтваў, 6 - бакалаўрамі. Навучэнцы каледжа з поспехам удзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах ды фестывалях, выкладчыкі годна прадстаўляюць рэспубліку на міжнародных навуковых канферэнцыях, выступаюць у прэстыжных канцэртных залах Еўропы.

Я б мог яшчэ доўга распавядаць пра нашы поспехі, і гэта цудоўна, калі ёсць чым ганарыцца. Але вы скажаце: пры чым тут сістэма адукацыі? А менавіта ў сістэме - уся справа! Мы - не толькі сярэдняе звяно ў ланцугу. Мы - мост, які звязаны і са школамі, і з ВНУ. А ўсе мы разам - сістэма, моцная і надзвычай інтэграваная. І калі мы нечым ганарымся, то гэта наш агульны гонар. Як і праблемы: калі яны ёсць, дык таксама - агульныя.

Адна з галоўных звязана з прафарыентацыяй. Безумоўна, абітурыенты ніколі да нас "з неба" не сыпаліся, бо талентаў не можа быць шмат. На жаль, апошнім часам гэтая праблема абвастрылася, і яе вынікам сталі леташнія недаборы ў большасці музычных каледжаў рэспублікі. А значыць, праз чатыры гады, напэўна, будуць праблемы з наборам і ў Акадэмію музыкі, бо, паўтаруся, мы ж - сістэма. Дарэчы, яны былі і ў мінулым годзе, і тое невыпадкова, бо ў 2007-м таксама быў недабор. Улічваючы аб'ектыўныя дэмаграфічныя працэсы, мы не здымаем віну і з сябе, хаця, здавалася б, працавалі, як заўсёды, выязджалі ў школы з метадычнай дапамогай, шукалі перспектыўных, апекавалі таленавітых, агітавалі... Аднак усё цяжэй становіцца размаўляць з вучнямі і асабліва - з іхнімі бацькамі...

Як вядома, "мастацтва патрабуе ахвяр". Не сакрэт, што для авалодання такой спецыяльнасцю, як, напрыклад, "інструментальнае выканальніцтва", трэба вучыцца ад 14 да 16 гадоў. А ёсць жа яшчэ падрыхтоўчыя класы ў школе, паслядыпломная адукацыя. І пасля гэтага малады спецыяліст, канцэртмайстар нашага каледжа, за дзве стаўкі атрымлівае трохі больш за палову сярэдняй заработнай платы па краіне... Вось і думаюць многія бацькі: а ці варта? І сыходзяць таленты ў юрысты ды эканамісты. І не толькі туды, бо па некаторых спецыяльнасцях культуры і мастацтва вядуць падрыхтоўку 8 устаноў сярэдняй і 10 - вышэйшай адукацыі, якія не ўваходзяць у сістэму Міністэрства культуры! І толькі з 1 верасня мінулага года адкрыццё такіх спецыяльнасцей стала немагчымым без узгаднення з Міністэрствам культуры.

Не зусім правільную пазіцыю займаюць і некаторыя школы мастацтваў, акцэнтуючы агульнаэстэтычнае выхаванне як галоўную задачу. Згодны: адна з галоўных, але ж - не адзіная. А працэнт паступаючых мог быць бы і большы. Напрыклад, усяго 10,7% выпускнікоў дзіцячых школ мастацтваў Гродзеншчыны паступілі летась ва УССА. Для параўнання: у нашым каледжы мінулагодні паказчык паступлення ў Акадэмію музыкі склаў 27,6%. З 2003-га ў каледж прыбыло 27 маладых спецыялістаў, з якіх 23 - нашы выпускнікі, 21 - замацаваліся і плённа працуюць. Такім чынам, мы практычна вырашылі кадравую праблему.

Не дадаў, на наш погляд, аптымізму ў праблеме прафарыентацыі і Кодэкс аб адукацыі, у адпаведнасці з якім паступленне ва УВА цяпер вызваляе ад абавязку працы па размеркаванні толькі ў выпадку паступлення за кошт рэспубліканскага бюджэту і толькі ў год атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта значыць, што, па-першае, выпускнік музычнага каледжа, які не прайшоў па конкурсе, мае магчымасць яшчэ раз паспрабаваць ажыццявіць сваю мару толькі праз два гады. А за два гады вельмі не проста застацца "ў форме". Па-другое, паступаць можна толькі ва ўстановы Беларусі - а як жа агульная дзяржава, калі Маскоўская кансерваторыя зноў закрыта для беларусаў? Трэба адзначыць, што Міністэрства культуры прымае пэўныя захады ў гэтым кірунку, арганізоўвае стажыроўкі, майстар-класы для нашых студэнтаў, але ж там і "сцены вучаць"... Канешне ж, адток "мазгоў" (а ў нашым выпадку - талентаў) - не зусім добрая справа, і дзяржава павінна аб гэтым клапаціцца. Аднак, на маю думку, гэтую праблему трэба вырашаць не столькі забаронай, колькі стварэннем умоў, пры якіх наша творчая моладзь, маючы магчымасць атрымаць адукацыю ў Расіі ці Еўропе, будзе вяртацца на Радзіму і з задавальненнем працаваць на яе карысць.

Ёсць у нас і іншыя праблемы, да прыкладу, перагружанасць навучэнцаў. Мы ўжо не ставім пытанне наяўнасці ў вучэбных планах агульнаадукацыйных прадметаў на ўзроўні сярэдняй адукацыі, аднак дзеля статыстыкі адзначу, што за апошнія тры гады ва УВА паступіў 131 выпускнік нашага каледжа, і толькі 9 - не на спецыяльнасці культуры і мастацтва, а з іх толькі 2 - не ў гуманітарную галіну! Нас крытыкавалі за парушэнне правоў навучэнцаў, якія хочуць мець агульную сярэднюю адукацыю. Дык аб чыіх правах у выніку мы клапоцімся? Той большасці, якая, асэнсавана паступіўшы да нас, вырашыла звязаць лёс з культурай, ці жменькі тых, хто памыліўся з выбарам? На другім узроўні (ва УВА) гэтая праблема зноў-такі ўзнікае. Паўстае пытанне: мы рыхтуем спецыялістаў або толькі дыпламаваных маладых людзей з шырокім разуменнем працэсаў культуры?

Праблема - і з нарматыўным, і з метадычным забеспячэннем. Агульныя пытанні распрацоўвае Міністэрства адукацыі, аднак у нас жа так шмат спецыфічнага! А пераканаць у гэтым ці адстаяць свае пазіцыі часам даволі цяжка, бо за Міністэрствам адукацыі - цэлыя інстытуты, а ў нас - маленькі аддзел у Інстытуце культуры Беларусі, які вельмі плённа працуе, але мае надта абмежаваныя магчымасці...

Сістэма мастацкай адукацыі мае шэраг дасягненняў. Аднак, напэўна, наспеў час надаць ёй новыя імпульсы. Гэтаму магла б паспрыяць распрацоўка Канцэпцыі развіцця адукацыі ў галіне культуры і мастацтва, якая, дарэчы, у Расіі была прынята яшчэ ў 2008 годзе. А заняцца гэтым мог бы, скажам, Дэпартамент па адукацыі Міністэрства культуры, які, на маю думку, варта стварыць. Разумею, што гэта - дадатковыя фінансавыя ўкладанні, але сэканоміўшы сёння, мы можам "двойчы заплаціць" заўтра.