Ахова спадчыны: кантроль больш жорсткі

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама

/i/content/pi/cult/364/6985/1-2.jpeg

- Дзейнасць органаў улады Віцебшчыны ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закону Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" і адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі. На тэрыторыі вобласці - 936 гісторыка-культурных каштоўнасцей, унесеных у Дзяржспіс. За апошнія пяць гадоў ён павялічаны на 51 аб'ект, і праца ў гэтым кірунку працягваецца. Для разгляду на Навукова-метадычнай радзе Міністэрства культуры падрыхтаваны чатыры элементы нематэрыяльнай спадчыны.

Летась рэстаўрацыйна-абнаўленчыя работы ладзіліся на 62 аб'ектах. Агульны аб'ём фінансавання - больш за 20 млрд. рублёў. Вынікам стала якаснае пераўтварэнне гістарычнага цэнтра Віцебска. На 9 аб'ектах устаноў абласнога падпарадкавання выканана рэстаўрацыя на 2,4 млрд. рублёў. Сёлета для гэтага запланавана 6,6 млрд. Міністэрства культуры выдаткавала 1,5 млрд. рублёў на рамонт аргана ў Сафійскім саборы. У Полацку працягваецца рэстаўрацыя фрэсак Спаса-Праабражэнскай царквы, Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. У мінулым годзе на гэта выкарыстаны 1 млрд. рублёў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, сёлета запланавана 500 млн. рублёў долевага ўдзелу.

У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 верасня 2011 г. вызначаны пералік аб'ектаў рэстаўрацыі з арганізацыяй на іх базе турыстычнай інфраструктуры. Сярод іх - былы манастыр бернардзінцаў у Дуброўне (будучы раённы гісторыка-краязнаўчы музей). На сёлетні працяг рэстаўрацыйных работ з абласнога бюджэту выдаткавана 700 млн. рублёў. Распрацаваны праект і адшукваюцца інвестары для стварэння турыстычнага аб'екта "Дом рыбака" на сядзібе вёскі Азярцы Глыбоцкага раёна.

Дзяржпраграма "Замкі Беларусі" на 2012 - 2018 гады прадугледжвае кансервацыю замкавых руін "Белы Ковель" у вёсцы Смальяны Аршанскага раёна і добраўпарадкаванне тэрыторыі замчышчаў у Браславе, вёсках Іказань, Стары Лепель, Кульнева, Верхняга і Ніжняга замкаў у Полацку. Для гэтага будзе выкарыстана больш за 500 млн. рублёў.

Пытанні гісторыка-культурнай спадчыны знаходзяцца на пастаянным кантролі і разглядаюцца на пасяджэннях выканаўчых камітэтаў, прэзідыумах Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, калегіях упраўлення культуры аблвыканкама. Ва ўсіх раёнах распрацаваны і зацверджаны рашэннямі выканкамаў палажэнні аб каардынацыйных саветах па ахове спадчыны. Праведзены маніторынг стану матэрыяльных каштоўнасцей, даследавана 250 аб'ектаў.

Пачалі вырашацца пытанні, якія гадамі не вырашаліся. Верхнядзвінскі райвыканкам правёў перамовы і падрыхтаваў праект рашэння па перадачы сядзібна-паркавага комплексу ў вёсцы Опытная іншаму ўласніку. У Талачынскім раёне ужо ёсць дакументы аб прыёме на баланс вадзянога млына XIX стагоддзя, які не меў уласніка аж з 1996-га. На Лепельшчыне, у адпаведнасці з рашэннем выканкама, уладальнік помніка архітэктуры (будынка вінаачышчальнага завода) склаў тэхнічную дакументацыю для продажу аб'екта новаму ўласніку. Ушацкі райвыканкам прыняў рашэнне аб кансервацыі былой сядзібы ў вёсцы Арэхаўна. Уласнік сядзібнага дома з вёскі Дзедзіна Міёрскага раёна замовіў праект рэстаўрацыі. Актывізавалася работа па ўстанаўленні ахоўных дошак на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны.

Разам з тым, леташнія праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства ў сферы гісторыка-культурнай спадчыны, праведзеныя органамі пракуратуры і Міністэрствам культуры, выявілі шэраг парушэнняў. У пэўных раёнах адсутнічае ўлік аб'ектаў, асобныя з іх не маюць уліковых дакументаў, ахоўных дошак. Ёсць выпадкі выканання работ на аб'ектах без дазволу Міністэрства культуры. Па выніках праверак да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 18 службовых асоб. Больш жорсткім стаў кантроль за захаваннем заканадаўства пры размяшчэнні рэкламы на гістарычных аб'ектах: цалкам выпраўлены выяўленыя парушэнні ў Оршы, Полацку, Глыбокім.

Пытанне аб працы мясцовых органаў улады ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны вынесены для разгляду на пасяджэнні сесій Віцебскага абласнога савета дэпутатаў у другім квартале бягучага года. Дадзенае пытанне запланавана для разгляду і на пасяджэннях гар-, райвыканкамаў і сесіях гар-, райсаветаў у дзевяці раёнах вобласці.