Праектная лабараторыя Магілёўшчыны

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Наталля ІГНАЦЬЕВА, намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

/i/content/pi/cult/364/6984/1-1.jpeg

- Вырашаючы задачы, якія стаяць перад установамі культуры, на сучасным этапе работнікам сферы Магілёўшчыны даводзіцца сутыкацца з шэрагам праблем, вырашэнне якіх патрабуе ўсебаковага і сістэмнага падыходу. Найбольш адпаведнай і эфектыўнай формай работы ў гэтым мы лічым праектную дзейнасць.

У сваім выступленні я закрану шэраг праектаў, што ініцыююцца і рэалізуюцца Магілёўскім АМЦНТіКАР і клубнымі ўстановамі Магілёўшчыны.

Пачну з праекта "Клубныя ўстановы ў люстэрку прэсы". Ідэя яго - актывізаваць работу ўстаноў культуры вобласці па адлюстраванні рэгіянальных культурных падзей на старонках СМІ. Праект ладзіўся сумесна з абласной газетай "Магілёўскія ведамасці". Дзякуючы гэтай акцыі сельскія дамы культуры і клубы атрымалі ўнікальную магчымасць прадэманстраваць свае дасягненні і творчыя знаходкі шырокай аўдыторыі. І, натуральна, праект стаў стымулам да абнаўлення культурнага жыцця вёскі, з'яўлення інавацыйных формаў працы.

Так, у Кіраўскім раёне створаны ў якасці аб'екта агратурызму Дом мёду, у Горках зладжаны конкурс па саломкапляценні "Жытнёвы звон", у Чавускім раёне рэалізаваны маладзёжны праект "Захоўвай традыцыі, жыві сучасным, стварай будучае", адбыліся многія іншыя ўнікальныя мерапрыемствы.

Таксама сёння Абласным метадычным цэнтрам сумесна з абласным тэлеканалам працягваецца рэалізацыя праекта "Святы, традыцыі і абрады Магілёўшчыны". Ідэя праекта - стварэнне праграмы, якая падрабязна распавядала б пра майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творчыя аматарскія калектывы, абрадавыя звычаі Магілёўшчыны. Ужо выйшла 22 выпускі, падрыхтавана 45 фільмаў, выдадзены шэраг буклетаў.

Вынікам праектнай дзейнасці можна лічыць і наданне 9 культурным аб'ектам Магілёўскай вобласці статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Тры з іх атрымалі яго летась: гэта тэхналогія пляцення лапцей у Дрыбінскім раёне, песні традыцыйнага вясельнага абраду і абраду хрышчэння вёскі Паршына Горацкага раёна, а таксама абрад "Бразгун" і яго складнік - шанаванне іконы святых апосталаў Пятра і Паўла вёскі Наркі Чэрыкаўскага раёна.

Магілёўскім метадычным цэнтрам выкарыстоўваецца праектная дзейнасць і для развіцця аматарскага мастацтва. Летась быў рэалізаваны праект "Дні аматарскіх тэатраў у Магілёве". Выступленне ў абласным цэнтры, натуральна, запатрабавала ад аматарскіх тэатральных калектываў вельмі высокага ўзроўню падрыхтоўкі. У рамках праекта было таксама арганізавана навучанне кіраўнікоў аматарскіх тэатраў, праведзена серыя кансультацый, майстар-клас з удзелам рэжысёра, сцэнарыста, дацэнта Усерасійскай акадэміі перападрыхтоўкі работнікаў культуры Уладзіслава Панфілава, адбыўся конкурс сярод тэатральных калектываў вобласці.

На Магілёўшчыне, на жаль, не атрымалі шырокага развіцця такія віды традыцыйнага мастацтва, як ткацтва, вышыўка... У святле рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па адраджэнні і развіцці народных промыслаў і рамёстваў, а таксама для вырашэння названай праблемы, намі быў распрацаваны і цяпер паспяхова рэалізуецца доўгатэрміновы творча-адукацыйны праект "Чароўны куфар". Галоўная мэта яго - прыцягнуць да супрацоўніцтва майстроў вобласці і рэгіёнаў Беларусі, каб з іх дапамогай наладзіць навучанне маладых кадраў. Таму адбываліся не толькі навучальныя мерапрыемствы з гэтай катэгорыяй спецыялістаў, але і была рэалізавана іх усебаковая творчая падтрымка.

Пры рэалізацыі праекта мы сутыкнуліся з праблемай забеспячэння спецыялістаў адпаведным абсталяваннем, у прыватнасці - кроснамі. Ініцыятыўнай групай была праведзена праца па пошуку неабходнага ткацкага інвентару, і ў выніку метадычнаму цэнтру былі перададзены на бязвыплатнай аснове двое кроснаў.

Асноўнымі формамі працы ў рамках названага праекта сталіся майстар-класы, творчыя лабараторыі, практыкумы вядомых майстроў народнай творчасці з усёй Магілёўшчыны, выданне шматлікіх метадычных рэкамендацый і дапаможнікаў. Цягам 2011 года ў адукацыйных мерапрыемствах, праведзеных пад час праекта, прынялі ўдзел амаль 120 чалавек.

Прадстаўленыя праекты, несумненна, унеслі значны ўклад у развіццё культурнай прасторы рэгіёнаў Магілёўшчыны, і гэтая праца будзе працягвацца. Так, дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у красавіку бягучага года адбудзецца Міжнародны форум "Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства". На гэтым мерапрыемстве плануецца абмеркаванне шырокага кола праблем: фарміраванне стратэгічнай падтрымкі і развіцця традыцыйнай культуры, выяўленне ролі органаў кіравання і ўстаноў культуры ў працэсе захавання, аховы і трансляцыі каштоўнасцей традыцыйнай культуры, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы ды многае іншае.