Апекуны для сучаснага мастацтва

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Наталля ШАРАНГОВІЧ, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва

/i/content/pi/cult/364/6983/1-1.jpeg

- Мінулы год быў азнаменаваны значнай для нас падзеяй - адкрыццём Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на 54-м Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва. Гэта здзейснілася пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры, а таксама пры дапамозе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, іншых дзяржаўных і творчых арганізацый краіны. Генеральным спонсарам выступіў адзін з прыватных банкаў. Упершыню мы так ярка паказалі сучаснае айчыннае мастацтва на адным з найбуйнейшых міжнародных мастацкіх форумаў у свеце, а галоўнае - засведчылі наяўнасць у рэспубліцы цікавай прафесійнай куратарскай думкі і арганізацыйных магчымасцей для ўдзелу ў прэстыжных праектах, што падштурхнула цікавасць да сучаснага мастацтва і форм яго прэзентацыі ў краіне і за мяжой.

Як паказала практыка, форм прэзентацыі сучаснага мастацтва вельмі шмат. Галоўнае - не баяцца ініцыятывы. Да прыкладу, леташняя канцэптуальная інсталяцыя групы маладых беларускіх мастакоў упершыню была абрана спецпраектам на ІV Маскоўскім біенале сучаснага мастацтва - не менш значным форуме, чым Венецыянскі. А папярэдне гэтая экспазіцыя была прадстаўлена ў нашым музеі пад час Рэспубліканскай выстаўкі сучаснага выяўленчага мастацтва. Аўтарскае мастацкае шкло атрымала штуршок для развіцця, калі шклозавод "Нёман" падтрымаў ідэю правесці на ўласным абсталяванні міжнародны сімпозіум. Адгукнуліся не толькі мастакі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі.

Другі перспектыўны напрамак, праца над якім толькі распачынаецца, - гэта актыўнае асваенне гарадской прасторы. Нашы краіны-суседкі напоўніцу карыстаюцца такім спосабам інтэрактыўнага ўваходжання мастацтва ў сферу жыцця людзей. Згадайма рэпрадукцыі карцін на сценах дамоў Масквы і Санкт-Пецярбурга; ёсць і прыклады больш кардынальнага выкарыстоўвання прасторы - калі аўтавакзалы, паркі і нават гістарычныя помнікі становяцца аб'ектамі мастакоўскіх эксперыментаў. У краінах Заходняй Еўропы асваенне публічнай прасторы стала ўжо традыцыяй - ад абстрактнай скульптурнай пластыкі на вуліцах і плошчах да скульптурных інтэрвенцый на сценах дамоў.

Мы таксама пачынаем актыўна працаваць над гарадской прасторай. Да прыкладу, у Мінску на плошчы Якуба Коласа былі выстаўлены да Дня горада і ўвесь верасень 2011 года дэманстраваліся беларуска-польскія плакаты ў рамках фестывалю "Дызайн дыялога". Былі прыцягнуты пры дапамозе Польскага інстытута ў Мінску замежныя сродкі і выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс і магчымасці сталіцы. Праект быў падтрыманы ўпраўленнем культуры Мінгарвыканкама. Станоўчую ініцыятыву мяркуецца прадоўжыць і сёлета, аднак пашырыць яго межы ад плошчы Якуба Коласа на іншыя сталічныя пляцоўкі.

Асваенне гарадской публічнай прасторы мае шмат перспектыў. Заводскія цэхі могуць стаць пляцоўкамі для маладзёжных творчых эксперыментаў або правядзення фестываляў. Можна прадстаўляць творы сучаснага выяўленчага мастацтва на бігбордах, прыпыначных пунктах. Аднак для здзяйснення такіх праектаў неабходна актыўнае прыцягненне спонсарскіх сродкаў. На жаль, далёка не ўсе бізнес-структуры і камерцыйныя банкі падтрымліваюць пачынанні ў галіне культуры. Пытанне фінансавання вырашаецца не так хутка, як нараджаюцца ідэі. Вось тут абавязаны дапамагчы і апякунскі савет музея, і скарыстанне сістэмы грантаў.

Сучаснае мастацтва можа быць ярка прэзентавана і фондамі музея. Каб гэта было дзейсна, наспела неабходнасць набываць мастацкія творы тэматычнымі калекцыямі, якія дазволілі б фарміраваць фонды па накірунках мастацтва, актуальных тэндэнцыях, адсочваць развіццё пакаленняў і яркіх творчых груп. І тут патрэбна папярэдняе колькаснае і якаснае планаванне такіх закупак. На сёння яны адбываюцца хаатычна і выпадкова. Шляхі змянення сітуацыі, безумоўна, ёсць. Для набыцця новых кніг бібліятэкам адлічваецца 15 працэнтаў ад агульнага бюджэту на іх утрыманне. Як падаецца, і для музеяў на набыццё фондавай калекцыі варта адлічваць не менш за 10 працэнтаў ад іх агульнага фінансавання, што дазволіла б нам быць не толькі фіксатарам падзей, але і захавальнікам лепшых мастацкіх твораў.

 Не варта забывацца і пра традыцыйныя формы дзейнасці - маю на ўвазе стварэнне музейнай экспазіцыі. Пытанні тэхнічнага абсталявання паступова вырашаюцца. За апошні год з'явілася сучасная апаратура, палова камп'ютараў адноўлена для працы над Дзяржаўным каталогам. Аднак Музею сучаснага выяўленчага мастацтва (і гэта датычыцца многіх іншых музейных устаноў рэспублікі) патрэбна павелічэнне плошчаў для стварэння пастаяннай экспазіцыі, якая сёння ў нас з аб'ектыўных прычын адсутнічае. Музей працуе як выставачная галерэя. Цяперашнія памяшканні ад пачатку стварэння ўстановы планаваліся як часовыя. Сёння для арганізацыі экспазіцый мы выкарыстоўваем не толькі дзве выставачныя залы, якія маем у сваім распараджэнні, але і калідоры, фае, лесвіцу. Ад агульнай плошчы ў 1000 кв. метраў разам з фондасховішчамі і падваламі гэта складае ўсяго 350 кв. метраў. Багатая калекцыя апошніх двух дзесяцігоддзяў - мастацтва незалежнай Рэспублікі Беларусь - застаецца схаванай ад гледача ў фондах.

Нам неабходна дзеючая структура, якая акумулюе ў сабе творчыя ініцыятывы маладзёжнага асяроддзя, усю разнастайнасць тэндэнцый сучаснай культуры і мастацтва нашай краіны. Правядзенне ў бліжэйшыя гады ў Мінску буйных спартыўных спаборніцтваў, развіццё міжнароднага турызму, павелічэнне міжнародных кантактаў Рэспублікі Беларусь з краінамі Заходняй Еўропы і Бліжняга Усходу, звязаныя з прыездам у краіну вялікай колькасці замежных грамадзян, узмацняюць важнасць развіцця ў сталіцы такога сегмента культуры, як сучаснае мастацтва.