НЯСВІЖСКІ ПАЛАЦ: ПА ПРЫСТУПКАХ ГОДА

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Сярод закупак — слуцкія паясы

/i/content/pi/cult/364/6982/1-1.jpeg

Рэстаўрацыйныя работы ў былой Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў ужо, бадай, завяршыліся, а вось стварэнне экспазіцыі і папаўненне фондаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" адбываюцца надзвычай актыўна. Так, літаральна напрыканцы 2011-га былі набыты два слуцкія паясы: адзін з іх датуецца XVIII-м, а другі - XIX стагоддзем. Кожны каштаваў прыкладна 30 тысяч долараў, а знайсці іх удалося ў прыватнай калекцыі.

Агулам за мінулы год асноўны музейны фонд, адзінкі якога менавіта сёлета стануць часткай экспазіцыі палаца, папоўніўся на 1160 прадметаў. Як зазначыў карэспандэнту "К" дырэктар установы Сяргей Клімаў, многія з іх - гэта сапраўдныя рарытэты, якія маюць вялікую гістарычную і культурную каштоўнасць. Прыкладам, чайны сервіз на 40 персон, выраблены майстрамі Мэйсана напрыканцы XIX - на пачатку XX ст., гадзіннік з Заходняй Еўропы першай трэці мінулага стагоддзя, хрустальныя збанкі і графіны XIX ст., вырабленыя ў Францыі./i/content/pi/cult/364/6982/1-2.jpeg

/i/content/pi/cult/364/6982/1-3.jpeg- Мы самастойна закуплялі шмат гістарычных артэфактаў, а таксама нам былі перададзены на бязвыплатнай аснове прыкладна 850 прадметаў з Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцей Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, - распавёў Сяргей Клімаў. - Яшчэ нашы фонды папоўніліся экспанатамі, перададзенымі брэсцкай і мінскай мытнямі...

Сярод гэтых каштоўнасцей - агнястрэльная і халодная зброя XIX - пачатку XX ст., старадаўнія манеты, а таксама шматлікія іконы, крыжы, складні.

- Летась на закупку 111 экспанатаў пайшоў прыкладна 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў, - адзначае галоўны захавальнік фондаў /i/content/pi/cult/364/6982/1-4.jpegНацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Ала Курыла. - Гэта мэбля XVII - XX стагоддзяў, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творы жывапісу і многае іншае...

Як адзначыў дырэктар музея-запаведніка, закупка новых экспанатаў, якая прадоўжыцца і сёлета, будзе адпавядаць патрэбам фарміравання лакальных экспазіцый.

- Цяпер мы распрацоўваем такія тэмы, як "Радзівілы", "Вялікае Княства Літоўскае", "Паўночная вайна", - кажа Сяргей Клімаў. - Спадзяёмся, што здо леем "раскрыць" іх дзякуючы новым каштоўным артэфактам, якія з'явяцца ў нашых калекцыях...

Неаспрэчна, аднаўленне колішняй велічы Радзівілаўскай рэзідэнцыі запатрабуе нямала часу. Каштоўныя артэфакты даводзіцца адшукваць па "драбніцах", літаральна выхопліваючы іх з міжнароднага рынку антыкварыяту. Да таго ж, спешка ў такой карпатлівай і затратнай справе, як фарміраванне экспазіцыі аднаго з "турыстычных брэндаў" краіны, зусім не патрэбна. А дзяржаўная ўвага да гэтага аб'екта - якая мае, у тым ліку, і фінансавае вымярэнне - дазваляе спадзявацца, што вынікі працы музейшчыкаў будуць плённымі.

Фотарэпартаж Юрыя ІВАНОВА