Як разлічыць бюджэт і разлічыцца з пазабюджэту?

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Надзея ЖУК, начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама

/i/content/pi/cult/364/6981/1-3.jpeg

- Дзяржаўная культурная палітыка летась ажыццяўлялася з улікам рэальных умоў і асаблівасцей канкрэтнай мясцовасці, таму кожны рэгіён мае свае адметныя напрацоўкі і дасягненні. Мы ўсе - розныя, і гэта добра, бо дапаўняем адно аднаго і агульнымі намаганнямі робім вельмі многае! Дзяржпраграма "Культура Беларусі" на 2011 - 2015-ы - гэта своеасаблівы пяцігадовы план нашай дзейнасці. З якімі праблемамі сутыкнуліся ў працэсе яго рэалізацыі? З-за не вельмі спрыяльных умоў фінансава-эканамічнага гаспадарання нам не ўдалося напоўніцу забяспечыць сябе камп'ютарнай тэхнікай. Становішча выправім сёлета, бо фінансы ўжо выдаткаваны.

У раздзеле праграмы "Развіццё музейнай справы", дзе гаворка - пра забеспячэнне захаванасці Музейнага фонду краіны і агульнадаступнасць музейных прадметаў, прадугледжваецца павелічэнне аб'ёму гэтага фонду (на 10% да 2015 года). На наш погляд, у больш цяжкім становішчы апынуліся музеі са значным фондавым аб'ёмам. Напрыклад, музейны фонд Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава складае амаль 24 тысячы музейных прадметаў. Павелічэнне на 10% - гэта павелічэнне на 2350 прадметаў за пяць гадоў: па 470 прадметаў - штогод. Задачу не толькі цяжка выканаць: мы лічым, што дасягненне лічбавага паказчыка не паспрыяе якаснаму развіццю музейнай справы. На выдаткаваныя грошы мэтазгодна набываць абмежаваную колькасць прадметаў, але яны стануць сапраўды каштоўным набыткам для канкрэтнага музея. Павелічэнне ж фондаў у такім аб'ёме прыцягне яшчэ адну праблему - захоўвання музейных зберажэнняў.

Так, праграму трэба выконваць, але ёсць прапанова: са згоды Міністэрства культуры распрацаваць па абласцях дыферэнцаваную сістэму павелічэння згаданага аб'ёму - у залежнасці ад наяўных фондаў і магчымасцей розных груп музеяў, каб у выніку ўсё ж выйсці на праграмную лічбу...

Выкананне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла дало магчымасць якасна ўдасканаліць матэрыяльна-тэхнічны стан устаноў культуры. На гэта пайшлі мільярды рублёў. Камп'ютарызаваныя аграгарадоцкія бібліятэкі з хуткасным Інтэрнэтам ліквідавалі дыспрапорцыю паміж інфармацыйнымі запытамі вясковых жыхароў і бібліятэчнымі магчымасцямі. Гэта радуе. Як і тое, што выдаткаванне 15% сродкаў ад бюджэтнага фінансавання ЦБС на набыццё сацыяльна значнай літаратуры паспрыяла цягам апошняга часу значнаму папаўненню кніжных фондаў, але ж напрыканцы года, асабліва - мінулага, улічваючы карэкціроўку павышэння бюджэтных расходаў, з заданнем цяжка было справіцца. Таму вялікая просьба ад усіх маіх калег: прадугледжваць 15-працэнтнае фінансаванне на камплектаванне фондаў на пачатак фінансавага года фіксаванай сумай...

Сёння наспела і неабходнасць унясення змяненняў у парадак выкарыстання пазабюджэтных сродкаў у частцы вяртання ў бюджэт кошту камунальных, транспартных паслуг, паслуг сувязі (пастанова Міністэрства фінансаў № 152). Часта, асабліва ў сельскіх установах культуры, сума пералічэнняў перавышае суму заробку ад платных паслуг. З леташняй раённай пазабюджэтнай дзейнасці сумы на аплату камунальных, транспартных паслуг, паслуг сувязі пайшло 52%, на заработную плату з налічэннямі на яе - 30,3%, на набыццё прадметаў забеспячэння і расходных матэрыялаў выкарыстана 10,8%, іншыя расходы склалі 3%. А на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы засталося толькі 5,9%. Карацей кажучы, сродкаў на абнаўленне гэтай базы амаль не застаецца. Гэта пры ўсім тым, што мы зарабілі за год 1 млрд. 310 млн. рублёў (па 16 тысяч рублёў на жыхара раёна) плюс 20 мільёнаў спонсарскіх грошай.

На бюджэт разлічваць таксама не даводзіцца, таму што 93% такога фінансавання складаюць расходы на заработную плату, камунальныя выплаты, і толькі 2,2% застаецца на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Такая сітуацыя на сёння ніяк не стымулюе развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры, таму, думаецца, наспеў час перагледзець формулу разлікаў у бок зніжэння, ці ўвогуле адмяніць гэты пункт...

Цяпер актыўна выконваецца Закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь". Аднак, з узмацненнем кантролю, часта сутыкаемся з недасканаласцю заканадаўчай базы: насуперак нормам заканадаўчых актаў дасылаюцца інструкцыйныя лісты ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры. Адсутнічае выразная пазіцыя па распрацоўцы рэгіянальных праграм, не зусім зразумелая працэдура пастаноўкі на ўлік асноўных сродкаў гісторыка-культурных каштоўнасцей, ды іншае.

Не дадае аптымізму інфармацыя пра распрацоўку новага праекта Закону аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у згаданы ўжо закон. Мы з калегамі асцерагаемся, што з яго выхадам, напрыклад, неабходна будзе рыхтаваць новыя ўліковыя дакументы. А на гэта пойдуць вялікія грошы - адзін уліковы дакумент - ад 800 тысяч рублёў. Толькі па Кобрынскім раёне спатрэбіцца больш за 170 мільёнаў рублёў. Дык навошта гэта рабіць, калі ўжо зроблена і прафінансавана больш за 90% уліковых дакументаў на гісторыка-культурныя каштоўнасці?

Думаю, што ахова спадчыны - гэта тая сфера, дзе ўся праца павінна весціся планамерна, без перыядычнай перапрацоўкі з нуля. Падаецца, уносіць кардынальныя змены ў Закон 2006 года немэтазгодна. Таму вялікая просьба даслаць праект Закону "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў" у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" да ўсіх зацікаўленых, каб і мы на месцах маглі папрацаваць і афіцыйна накіраваць нашы прапановы ў Міністэрства культуры.


Каментарый пасля калегіі

Святлана Гаўрылава, намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

- Сёння ў Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь знаходзіцца каля 2,9 млн. музейных прадметаў, якія сабралі некалькі пакаленняў музейшчыкаў. Але гэта пасляваенны збор, паколькі пад час Другой сусветнай вайны значная частка калекцый, у тым ліку такія рарытэты, як Крыж Ефрасінні Полацкай, слуцкія паясы, Слуцкае Евангелле XVI ст. і іншыя, не захаваліся. Таму ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі музеі краіны актыўна збіралі матэрыялы, што раскрывалі менавіта гэтую тэму. У 1950 - 1990-я фонды музеяў папаўняліся экспанатамі, якія дэманстравалі дасягненні краіны: гэта, у асноўным, фота- і дакументальны матэрыял, узоры прадукцыі прамысловасці. Частку калекцый папоўнілі прадметы з дублетных фондаў расійскіх музеяў (з іх дапамогай, дарэчы, сфарміраваны экспазіцыі і фонды Кобрынскага музея).

Толькі ў апошнія гады музеі пачалі мэтанакіравана камплектаваць калекцыі матэрыяламі тых эпох, якія зусім не адлюстраваны ў фондах.

Прааналізаваўшы ў 2009 годзе якасны склад Музейнага фонду, мы прыйшлі да высновы, што частка матэрыялаў не адпавядае таму статусу, які мае музейны прадмет. Таму адпаведныя змяненні былі ўнесены ў Закон "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь", дзе вызначана "асабліва каштоўная" частка Музейнага фонду.

Неабходна было тэрмінова прымаць меры для таго, каб якасна палепшыць стан Музейнага фонду і паступова насычаць яго прадметамі як мінулых стагоддзяў, так і сучаснасці. Праграмай "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гг. прадугледжана павялічыць колькасць музейных прадметаў на 2% у год. У гэтую лічбу ўваходзіў агульны паказчык як па набываемых прадметах, так і па тых, што перадаюцца бязвыплатна. Безумоўна, на месцах упраўленні культуры павінны вызначыць, якім музеям неабходна павялічыць гэты паказчык, а якім - паменшыць.

Калі мы не зробім гэта зараз, мы не зможам ствараць ні якасныя, адметныя экспазіцыі, ні значныя выставачныя праекты. Яшчэ раз падкрэслю: музей пачынаецца з музейнага прадмета. Калі ў экспазіцыях - муляжы ды копіі, гэта не музей, а іншая ўстанова.