Многіх хібаў можна было б пазбегнуць...

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Алег РЫЖКОЎ, начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама

/i/content/pi/cult/364/6980/1-2.jpeg

- Адным з важных кампанентаў прыцягальнасці таго або іншага рэгіёна з'яўляецца, апрача прыроднага рэсурсу, яго гісторыка-культурная спадчына. Акумуляваным адлюстраваннем яе часта выступаюць мясцовыя музеі, што дазваляюць экспазіцыйнымі сродкамі данесці да наведвальніка своеасаблівасць гісторыі, традыцый, духоўнай і матэрыяльнай культуры кожнага кутка краіны. Але гэтая задача выканальная толькі пры ўмове, калі музейныя экспазіцыі будуць сапраўды арыгінальнымі, яркімі, непаўторнымі.

На жаль, гэтага нельга сказаць пра большасць рэгіянальных музеяў Гомельшчыны. У адносінах да тых устаноў, дзе экспазіцыі складзены шмат гадоў таму, гэта яшчэ можна патлумачыць дзеяннем шэрагу аб'ектыўных фактараў. Аднак такая тэндэнцыя, на жаль, распаўсюджваецца і на тыя экспазіцыі, якія цягам апошніх гадоў ствараліся наноў ці абнаўляліся. У ліку апошніх - Хойніцкі, Добрушскі, Петрыкаўскі, Рэчыцкі краязнаўчыя, Чачэрскі і Светлагорскі гісторыка-этнаграфічныя музеі. Усе яны даволі аднатыпныя паводле тэматычнай структуры, тэхнічных і выяўленчых сродкаў прэзентацыі экспазіцыйнага матэрыялу. Сітуацыю нейкім чынам карэкціруе, але не ратуе цалкам, прадметнае насычэнне экспазіцыі, якое мае ў кожнай канкрэтнай установе пэўныя адрозненні, звязаныя з паўнатой тых або іншых калекцый.

Самі ж гэтыя калекцыі ў большасці выпадкаў фарміраваліся цягам доўгага часу ў адпаведнасці з тыпавой класічнай структурай краязнаўчага музея, якая склалася яшчэ за савецкім часам. Структура тая дыктавала ці не абавязковую наяўнасць у экспазіцыі раздзелаў, прысвечаных прыродзе краю, яго этнаграфіі, гісторыі (дарэвалюцыйны і паслярэвалюцыйны перыяды), падзеям Вялікай Айчыннай вайны, сацыялістычнаму будаўніцтву і г. д. У постсавецкі час дадаліся комплексы, звязаныя з афганскімі падзеямі і трагедыяй Чарнобыля.

Гэтая інерцыя, акрамя аб'ектыўных прычын, захоўваецца ў многім яшчэ і з суб'ектыўнай прычыны, калі рэгіянальнае кіраўніцтва імкнецца рабіць музеі "як ва ўсіх", не зважаючы на наяўнасць тых або іншых музейных калекцый.

Немалаважны фактар падабенства новых экспазіцый, апрача тэматычнай структуры, - з'яўленне ўніфікаванага экспазіцыйнага абсталявання. Справа ў тым, што пры яго стварэнні выкарыстоўваюцца аднолькавыя матэрыялы і канструктыўна-тэхналагічныя прыёмы. У поўнай меры гэта датычыцца і матэрыялаў, што выкарыстоўваюцца пры афармленні экспазіцый, і прынцыпаў іх мастацкага афармлення (раздрукоўка адсканіраваных фатаграфій і дакументаў, у тым ліку шырокафарматных фонавых здымкаў, дэкаратыўныя колеравыя плямы, камп'ютарная графіка і г. д.).

Многіх з названых недахопаў можна было б пазбегнуць, калі б стварэнне новых музеяў і экспазіцый мела планавы характар і базіравалася на доўгатэрміновым грунце. Пагадзіцеся, гэты працэс - ад асэнсавання ідэі, канцэпцыі, распрацоўкі мастацка-вобразнага рашэння да непасрэднага мантажу - працяглая і карпатлівая справа, а не імгненная акцыя, як гэта часцей і бывае апошнім часам. Адкрыццё ўстаноў ці стварэнне новых экспазіцый прымяркоўваецца да нейкай падзеі, юбілею і, адпаведна, мае вельмі абмежаваныя часавыя рамкі выканання. А недастатковае, як правіла, фінансаванне, у сваю чаргу, дыктуе выбар самых танных і распаўсюджаных матэрыялаў. У выніку маем тое, што маем.

Прыкладамі іншага роду з'яўляюцца экспазіцыі ці музеі, прысвечаныя вузкай тэматыцы, што дазваляе канцэнтравана выказаць сэнсавую сутнасць, галоўны складнік пэўнай, характэрнай для рэгіёна з'явы. Веткаўскі музей народнай творчасці - брэнд не толькі вобласці, але і рэспублікі. Пра духоўную сілу мясцовых жыхароў, пра трагізм пэўных перыядаў іх жыцця тут кажуць не фрагменты зброі, не ганаровыя граматы, а ручнікі, старадрукі ды іконы са слядамі снарадных аскепкаў... Музейны аб'ект Мазырскага аб'яднанага краязнаўчага музея "Палеская веда" - яшчэ адзін прыклад падобнага роду: гэта арыгінальная спроба распавесці пра жыццёвы цыкл чалавека ў кантэксце традыцыйнай паляшуцкай матэрыяльнай і духоўнай культуры. Адзін з арыгінальных праектаў - беларуска-французская выстаўка ў Брагінскім гістарычным музеі... Менавіта такія вузкатэматычныя музеі і экспазіцыі могуць быць прыцягальнымі для турыстаў. Задача музейшчыкаў - знайсці "зерне" , распрацаваць канцэпцыю, тэматычную структуру. Іншым разам для гэтага можна перапрафіляваць і асобныя наяўныя музеі.

Наступны перспектыўны кірунак - стварэнне комплексных музейна-турыстычных цэнтраў, якія базіруюцца на мясцовых аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Прыкладам можа паслужыць музеефікацыя палаца ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Такі ж падыход правамоцны і ў дачыненні да Палацава-паркавага ансамбля ў Нароўлі. Узгадаць можна і комплекс археалагічных помнікаў старадаўняга Турава: развіццё той музейнай інфраструктуры, пачатак якой пакладзены краязнаўчым музеем, стварэнне экспазіцыі ў павільёне-крыпце над руінамі ўнікальнага храма XII стагоддзя, уключэнне ў экскурсійны маршрут Барысаглебскіх могілак дазволяць стварыць у Тураве адзін з найцікавейшых турыстычных цэнтраў.

Развіццё музейнай справы ў раёнах з дапамогай выкарыстання канцэнтравана выдаткоўваемых фінансавых сродкаў і з акцэнтам на найбольш знакавыя ды перспектыўныя аб'екты паўплывае, неаспрэчна, на развіццё сацыяльнай інфраструктуры малых населеных пунктаў і на стварэнне новага, прыцягальнага іміджа рэгіёнаў.