Як удасканаліць нарматыўна- прававую базу?

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Анатоль АКУШЭВІЧ, начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама

- Мінулы год для галіны культуры Міншчыны быў напружаным і адказным. Выкананы ўсе даведзеныя /i/content/pi/cult/364/6979/1-1.jpegзаданні і паказчыкі. Тэмп росту пазабюджэтных паступленняў склаў 110,9%, зароблена без малога 16 млрд. рублёў, на будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонты асвоена 87,2 млрд. рублёў, на набыццё - 9,5 млрд. Узведзены амфітэатр у Маладзечне і Дом культуры ў пасёлку Чысць, Любанская і Мар'інагорская дзіцячыя школы мастацтваў.

Для адраджэння і захавання нацыянальных традыцый упершыню праведзены абласны конкурс майстроў па ткацтве і пляценні "Беларускі пояс". Цягам года вялася маштабная праца па падрыхтоўцы абласнога конкурсу па ўзнаўленні народнага строю "Традыцыйны касцюм Міншчыны". Выдадзены пяты том шасцітомнай серыі "Традыцыйная мастацкая культура Беларусі" - першы вопыт фальклорна-этнаграфічнага апісання сучаснага стану аўтэнтычнай народнай культуры цэнтральнага рэгіёна Беларусі.

Вынікам мэтанакіраванай работы па выяўленні ўнікальных аб'ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны стала рашэнне Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады аб наданні статуса гісторыка-культурнай спадчыны абраду "Цягнуць Каляду на дуба", што захаваўся ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна, і традыцыі закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў, характэрнай для вёскі Семежава Капыльскага раёна.

Плённым быў год для творчай моладзі і аматарскіх калектываў вобласці. Гран-пры Міжнароднага фестывалю маладых талентаў "Карлін-2011" (Польшча) і званне лаўрэата І ступені ХІV Міжнароднага фестывалю народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" атрымаў народны інструментальны ансамбль "Нясвіжскія лыжкары". Гран-пры ў намінацыі "Вакал" Міжнароднага фестывалю "Дыямент Карпат" (Украіна) удастоена Алена Шаплыка з Любанскага раёна, лаўрэатам прэстыжнага Міжнароднага фестывалю памяці Г. Гараняна ў Маскве стала джаз-трыа настаўнікаў Салігорскай школы мастацтваў.

Цікавыя і яркія праекты ажыццёўлены сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Адзін з іх - ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, у рамках якога на сямі пляцоўках адбыліся разнапланавыя мерапрыемствы. Жыхары і госці Маладзечна змаглі далучыцца да розных напрамкаў музычнай культуры - эстраднай, акадэмічнай, джазавай і рок-музыкі, - тэатральных пастановак, наведаць сустрэчы з беларускімі паэтамі і кампазітарамі.

У апошнія гады Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь распрацавала і зацвердзіла на ўзроўні Урада заканадаўчыя акты, якія вызначаюць агульныя напрамкі дзяржаўнай культурнай палітыкі. У першую чаргу гэта - Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2011 - 2015-ы, Закон Рэспублікі Беларусь ад 3 ліпеня 2011 г. "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь", Закон Рэспублікі Беларусь "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" ад 17 мая 2011 г. № 262-3, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ад 13 студзеня 2011 г. № 243-З, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферы культуры і інфармацыі" ад 14 сакавіка 2011 г. № 145, шэраг інструктыўных дакументаў, у аснову якіх пакладзена задача далейшага развіцця сферы культуры, якаснага паляпшэння і пашырэння культурнай прасторы.

Даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2007 года аб накiраваннi на камплектаванне фондаў бібліятэк не менш як 15% сродкаў ад сумы бюджэтнага фінансавання на іх утрыманне змяніла псіхалогію кіраўнікоў рэгіёнаў. Аднак, на наш погляд, ёсць неабходнасць змены методыкі разліку названага нарматыву, у якім сума сродкаў на камплектаванне вызначаецца, зыходзячы з агульнага аб'ёму фінансавання на ўтрыманне бібліятэкі з улікам сродкаў на камплектаванне і бягучыя рамонты. У выніку, чым больш сродкаў мы накіроўваем на рамонт бібліятэк, тым складаней выканаць нарматыў.

З гэтай нагоды прапануем наступныя змены: разлічваць нарматыў, выключыўшы раздзел "Аплата бягучага рамонту будынкаў і памяшканняў". Гэта будзе садзейнічаць выкананню Даручэння Прэзідэнта і больш аб'ектыўнаму і раўназначнаму выдзяленню сродкаў на камплектаванне бібліятэк.

Уступленне ў сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 года № 582 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб арганізацыі правядзення дыскатэк і працы культурна-забаўляльных (начных) клубаў у Рэспубліцы Беларусь" шмат у чым пагоршыла сітуацыю з арганізацыяй вольнага часу моладзі. Па-першае, не дасягнута галоўная мэта пастановы - прафілактыка правапарушэнняў, паколькі маладыя людзі, не маючы магчымасці знаходзіцца ў клубнай установе пасля 22.00, паводзяць сябе бескантрольна за яе межамі. Па-другое, значна скараціліся даходы ад рэалізацыі дыскатэчных білетаў. Калі ў 2006 годзе доля платных паслуг ад іх продажу ў Мінскай вобласці складала 48,5% ад агульнай сумы даходаў, а ў 2009-м, калі актывізаваліся праверкі органаў унутраных спраў, - 34,5%, дык у 2011 годзе, з уступленнем у сілу пункта 17.12 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях,  - усяго 25,6%.

Нам вядома, што цяпер у першым чытанні разгледжаны папраўкі ў Закон "Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх". Законапраект дапоўнены артыкулам, які прадугледжвае абмежаванне знаходжання непаўналетніх во ўзросце да 16 гадоў у грамадскіх месцах з 23.00 да 06.00, іншых абмежаванняў не прадугледжана. Прыняцце ўказанага нарматыўнага акта будзе спрыяць захаванню адной з асноўных форм актыўнага адпачынку моладзі, але - пры ўмове прывядзення ў адпаведнасць з папраўкамі ў Закон пастановы № 582.

Упершыню на Міншчыне стартуе рэспубліканская акцыя "Культурная сталіца Беларусі". Услед за Полацкам і Гомелем гэты статус нададзены аднаму з найстаражытных гарадоў вобласці - Нясвіжу. У 2012-м ён будзе прымаць прафесійных артыстаў, адбудуцца тэатральныя пастаноўкі і фестывалі народнай творчасці, мастацкія пленэры і музейныя выстаўкі, навуковыя канферэнцыі і іншыя культуралагічныя акцыі.

Дазвольце выказаць словы шчырай удзячнасці Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь за творчую ініцыятыву і рэалізацыю праекта на тэрыторыі Мінскай вобласці і выказаць упэўненасць, што наданне статуса "Культурная сталіца года" стане імпульсам для далейшага развіцця інфраструктуры Нясвіжа, павышэння яго прэстыжу і турыстычнай прывабнасці.