Рэсурс інфармаванасці: кропка электроннага доступу

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Раман МАТУЛЬСКІ, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

/i/content/pi/cult/364/6978/2-2.jpeg

- 2012-ы абвешчаны Указам Кіраўніка дзяржавы Годам кнігі. Гэтае рашэнне ўспрынята бібліятэчнай супольнасцю з радасцю, бо з'яўляецца сведчаннем асаблівай дзяржаўнай увагі да праблемы кнігі і чытання.

У зацверджаным Саветам Міністраў Рэспубліканскім плане мерапрыемстваў па правядзенні Года кнігі закладзены шматаспектныя задачы. Да прыкладу, нас цікавіць канчатковы вынік чытання: распаўсюджванне ідэй, ведаў, інфармацыі для фарміравання на іх базе сістэмы духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей.

Разгледзім магчымасці дасягнення гэтага выніку пры дапамозе традыцыйнай друкаванай кнігі і электроннай.

Сёння асаблівую актуальнасць набывае змястоўнае напаўненне бібліятэчных фондаў. Мы заўсёды ганарыліся іх вялікім аб'ёмам. Цяпер жа гэты паказчык адлюстроўвае, хутчэй, міф, чым рэальнасць, бо па абарачальнасці фондаў мы ў пяць разоў адстаём ад міжнародных патрабаванняў.

Нягледзячы на Даручэнне Прэзідэнта краіны аб 15-працэнтным фінансаванні камплектавання фондаў публічных бібліятэк, якое сапраўды іх выратавала, неабходна канстатаваць, што фонды ў значнай ступені састарэлі. Каб забяспечыць іх абнаўляльнасць і запатрабаванасць чытачамі, неабходна павялічыць колькасць новых паступленняў і, адпаведна, фінансаванне гэтага працэсу - як мінімум у чатыры - пяць разоў.

Каб забяспечыць стабільны аб'ём фонду, не дапускаць яго скарачэння ва ўмовах невялікіх аб'ёмаў новых паступленняў, публічныя бібліятэкі вымушаны былі штучна стрымліваць спісанне літаратуры, што прывяло да назапашвання састарэлых выданняў. Я не заклікаю да ўсеагульнага спісання літаратуры, але ва ўсім павінен быць рацыянальны падыход, бо плошчаў пад фондасховішчы не хапае амаль усім, а памяшканні гэтыя трэба ацяпляць, асвятляць, утрымліваць...

Але куды больш складанымі і актуальнымі з'яўляюцца праблемы, звязаныя з распаўсюджваннем электроннай кнігі.

Нагадаю, што бібліятэка - найбольш шматлікі сацыяльны інстытут. Яна заўсёды працавала з сацыяльна актыўнымі групамі насельніцтва, у першую чаргу - з моладдзю, якая складае каля 75 - 95% бібліятэчных карыстальнікаў. Гэта найбольш актыўныя спажыўцы розных відаў інфармацыі, як каштоўнасна-ідэалагічнай, так і вытворча-практычнай. І яны аддаюць перавагу менавіта электронным відам дакументаў. Як задавальняецца гэты попыт?

Агульны аб'ём бібліятэчных фондаў публічных устаноў - 58,3 мільёна экзэмпляраў, электронныя дакументы складаюць 50,5 тысячы, менш за 0,1 працэнта. А сучасны свет - гэта сеткавы свет: моладзь працуе і хоча працаваць, у першую чаргу, з сеткавымі інфармацыйнымі рэсурсамі, найбольш аб'ёмнымі і аператыўнымі. Гэта першае.

Другое. Нягледзячы на пэўныя поспехі, неабходна прызнаць, што тэмпы аўтаматызацыі бібліятэк далёкія ад патрэб грамадства. Камп'ютары ёсць толькі менш чым у палове публічных бібліятэк, доступ да сеткі Інтэрнэт - толькі ў трэцяй частцы названых устаноў. Пры гэтым, неабходна ўлічыць узрост ПК і іх магчымасць, прапускную здольнасць сетак. У выніку эфектыўна працаваць з паўнатэкставымі дакументамі могуць толькі адзінкі.

Але ўявім, што з камп'ютарнай тэхнікай і сеткай у нас усё ў парадку. Чым будзе напоўнена гэтая сетка? Сеткавыя нацыянальныя інфармацыйныя рэсурсы практычна адсутнічаюць. Адзінае выключэнне складае сегмент прававой інфармацыі, які актыўна развіты дзякуючы дзейнасці Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі і шэрагу камерцыйных фірм. Іншых аналагічных рэсурсаў няма, і выдавецтвы краіны, падобныя арганізацыі нават не прыступалі да рэалізацыі згаданых праектаў.

Сусветны рынак інфармацыйных сеткавых прадуктаў развіты добра, і інфармацыйныя цэнтры на канкурэнтнай аснове прапаноўваюць свае паслугі. Адразу ж пасля завяршэння будаўніцтва НББ мы забяспечылі доступ грамадзян краіны да дадзеных рэсурсаў. За мінулы год наша ўстанова адкрыла доступ да 153 баз даных сусветных вытворцаў. Пры дапамозе сеткавых рэсурсаў цяпер задавальняецца каля 60% попыту карыстальнікаў НББ.

Наступным крокам была спроба пашырыць колькасць кропак доступу да дадзеных рэсурсаў з дапамогай сістэмы віртуальных чытальных залаў. Летась яны былі адкрыты ў 49 бібліятэках і інфармацыйных цэнтрах краіны, 50% з якіх - ВНУ. Такія залы дзейнічаюць і ва ўсіх абласных бібліятэках і 3-х ЦБС.

Аднак эфектыўнасць выкарыстання набытых ЦБС баз даных выглядае на ўзроўні статыстычнай хібы - 1,5 звароту на 10 тысяч карыстальнікаў. Наўрад ці ў нашых абласных і раённых цэнтрах народ у тысячу разоў менш дапытлівы, чым у сталіцы. Асноўная прычына тут, на нашу думку, крыецца ў кваліфікацыі супрацоўнікаў бібліятэк. Сістэму перападрыхтоўкі, а таксама самаадукацыі спецыялістаў трэба карэнным чынам рэфармаваць.

Мы маем магчымасць прадаставіць сёлета некалькім бібліятэкам бясплатны тэставы доступ да адной з самых аўтарытэтных у свеце замежных баз даных "Евско", якая мае рускамоўны інтэрфейс. Звяртаюся з гэтай трыбуны да начальнікаў абласных упраўленняў культуры: давайце вызначым у кожнай вобласці па дзве - тры раённыя бібліятэкі для падключэння да віртуальнай чытальнай залы НББ, а напрыканцы года разам падвядзём вынікі эфектыўнасці іх працы: як працуе абсталяванне, ці дастаткова прапускных здольнасцей сетак, а самае галоўнае - ведаў і таленту бібліятэкараў для працы ў такім рэжыме.

Комплекснае ж рашэнне ўзнятай праблемы бачыцца нам у рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы "Нацыянальная электронная бібліятэка". Яна павінна ўяўляць з сябе інтэграваны размеркаваны электронны інфармацыйны рэсурс, у стварэнні якога павінны ўдзельнічаць сотні, калі не тысячы нацыянальных агрэгатараў. А доступ карыстальнікаў будзе ажыццяўляцца як праз сістэму публічных інфармацыйных цэнтраў, у першую чаргу - бібліятэк, так і непасрэдна праз персанальныя гаджаты. Рэалізацыя такой праграмы дасць магчымасць змяніць і ўніфікаваць падыходы да фарміравання камп'ютарнага парку, праграмнага забеспячэння і сетак, стварэння кантэнту, павышэння кваліфікацыі персаналу і змены крытэрыяў ацэнкі эфектыўнай дзейнасці бібліятэк.