Партнёрства з бізнесам у сферы: тактыка і перспектывы

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/364/6976/1-1.jpeg

- Шаноўныя ўдзельнікі пасяджэння калегіі!

У дакладзе міністра былі дакладна акрэслены стратэгічныя мэты і задачы развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры, дадзена характарыстыка падрыхтаванай заканадаўчай і нарматыўна-прававой базы для яго рэалізацыі. Дапоўню, што ў чэрвені мінулага года на грамадскае абмеркаванне быў прадстаўлены праект Закону "Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве", які нядаўна быў прэзентаваны ў Жэневе Еўрапейскай камісіі ААН і прызнаны як вельмі актуальны, адпавядаючы запатрабаванням беларускай эканомікі. (Прынцыпы дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры будуць замацаваны таксама і ў Кодэксе аб культуры.)

Можна сцвярджаць, што ў цэлым - стратэгія выпрацавана, цяпер справа  - за нашай ініцыятывай, за нашымі цікавымі і прывабнымі творчымі праектамі...

Перадумовы для выкарыстання механізмаў ДПП у сферы культуры становяцца больш відавочнымі, падштурхоўвае да гэтага і эканамічная рэформа, скіраваная на больш эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных рэсурсаў, прыватызацыю дзяржмаёмасці і развіццё недзяржаўнага сектара эканомікі.

Можна сцвярджаць, што мецэнацтва і спонсарства ў нашай краіне зусім рэальныя і маюць дастатковы патэнцыял, а сфера культуры з'яўляецца прывабнай і валодае значнымі перавагамі для прыцягнення прыватнага капіталу (шырокае публічнае прызнанне, высокія творчыя вынікі, вядомыя імёны, яркая рэклама...).

Дзякуючы і нашым актыўным намаганням у грамадстве пачала фарміравацца натуральная патрэба ўкладваць сродкі ў культуру як найбольш эфектыўныя інвестыцыі ў сённяшні дзень (напрыклад, рэалізацыя фестывальнага праекта "Уладзімір Співакоў запрашае"), так і ў будучае нашага мастацтва (набыццё музычных інструментаў, падрыхтоўку музыкантаў, мастакоў і г. д.).

Сёння экспертамі многіх краін шырока абгрунтоўваецца думка аб тым, што менавіта культура акумулюе пазітыўныя эфекты ў розных сферах, дазваляе ператвараць слабыя бакі ў моцныя. Пераход да пазіцыі супрацоўніцтва дзяржавы і бізнесу, кааперацыі арганізацый культуры з іншымі эканамічнымі суб'ектамі дазваляе паляпшаць культурна-эстэтычны клімат і гарадское асяроддзе, развіваць турызм, прыцягваць інвестыцыі для развіцця культурнай інфраструктуры, ініцыяваць стварэнне новых рабочых месцаў, вырашаць сацыяльна-эканамічныя праблемы і здымаць канфліктныя сітуацыі, фарміраваць культурныя брэнды...

На калегіі Міністэрства ў мінулым годзе мы ўжо разглядалі дадзенае пытанне і прынялі адпаведныя рашэнні. Сёння, яшчэ раз пацвярджаючы надзвычайную актуальнасць і перспектыўнасць практычнай рэалізацыі дзяржаўна-прыватнага партнёрства, мы павінны вызначыць дакладныя падыходы і алгарытм нашых дзеянняў. У ліку першых могуць быць:

1) вывучэнне, аналіз і шырокае распаўсюджванне назапашанага вопыту, у тым ліку і замежнага;

2) падрыхтоўка арганізацый культуры да працы ў новых умовах і арганізацыя сістэмнага навучання нашых спецыялістаў, у тым ліку за мяжой;

3) аптымізацыя структуры і сеткі, аператыўнае адаптаванне дзейнасці нашых арганізацый культуры да працы ў новых умовах, далейшае ўдасканаленне нарматыўнай базы.

Мы ўжо маем у рэспубліцы некаторы пачатковы вопыт, які павінен стаць у найбліжэйшай перспектыве базай для фарміравання ў сферы культуры шырокай сістэмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства (развіццё мецэнацтва і спонсарства, рэалізацыя сумесных праектаў...). Асобныя прыклады значных культурных праектаў адзначаліся ў дакладзе міністра. З улікам складу сённяшняй аўдыторыі і наяўнасці скептыкаў у стаўленні да гэтай праблемы дазволю сабе прывесці і іншыя... У якасці аргументаў да таго, што дзякуючы ДПП могуць актыўна развівацца музеі і бібліятэкі, навучальныя ўстановы і творчыя калектывы - не толькі сталічныя, але і рэгіянальныя.

Цікавым з'яўляецца шматгадовае плённае супрацоўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея і кампаніі "Брыціш Амерыкан Табака", якое дазволіла прыцягнуць значныя фінансавыя сродкі для арганізацыі міжнародных выставачных праектаў "Шэдэўры Траццякоўскай галерэі", "Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі", "Палонныя прыгажосці" (прысвечанага рускаму акадэмічнаму салоннаму мастацтву 1830 - 1910 гг.), выдання каштоўных альбомаў і буклетаў... Пры актыўным супрацоўніцтве з кампаніяй праводзіцца штогадовы конкурс на стварэнне дызайну ўваходнага білета ў НММ (для дырэктараў музеяў, тэатраў і іншых арганізацый нагадваю: уваходныя білеты павінны выконваць не толькі тэхнічную ролю квіткоў, але і быць цікавым сувенірам, які застаецца на памяць аб наведанні), Міжнародная акцыя "Ноч музеяў", калядныя праекты. У верасні мінулага года кампанія-партнёр набыла для НММ скульптуру "Мастак і горад. Марк Шагал" С.Гарбуновай у сувязі з адзначэннем сёлета 125-годдзя з дня нараджэння творцы.

Пры фінансавай падтрымцы гэтай жа кампаніі Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі быў падрыхтаваны прадстаўнічы альбом "Рарытэты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі", тыражаваны дыск "Слуцкае Евангелле: беларускі рукапіс XVI ст.", адбылася акцыя "Рарытэтныя выданні - беларускай скарбніцы", у рамках якой у дар НББ было перададзена 26 унікальных старадрукаваных кніг, беларускіх перыядычных выданняў і карт.

У снежні 2010 года кампанія "Джапан Табака Інтэрнацыянал" і Нацыянальны гістарычны музей падпісалі Пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве, а ўжо ў 2011-м рэалізавалі шэраг цікавых праектаў на суму звыш 600 млн. рублёў. У бягучым годзе кампанія плануе пералічыць музею 85 тыс. долараў ЗША на выставачную дзейнасць. Для даведкі: згаданая кампанія за апошнія пяць гадоў рэалізавала ў Беларусі больш за 30 дабрачынных праектаў.

З Нацыянальным гістарычным музеем актыўна супрацоўнічае і Белзнешэканамбанк, які фінансава паспрыяў ажыццяўленню некалькіх важных праектаў: набыты ўнікальныя артэфакты - сярэбраная манета і карта Вялікага Княства Літоўскага канца XVI - XVII ст., камплект старадрукаваных кніг XVII  - XVIIІ стст. з бібліятэкі Будслаўскага бернардзінскага манастыра.

Той жа банк з'яўляецца таксама генеральным партнёрам фольк-фестывалю "Камяніца", які ўжо цягам некалькіх гадоў праводзіцца на тэрыторыі Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту (выручаныя сродкі ад фестывалю накіроўваюцца на рэстаўрацыю ўнікальных помнікаў драўлянай архітэктуры). Дарэчы, Музей народнай архітэктуры і побыту працуе на дагаворнай аснове з 90 турыстычнымі фірмамі. Рэалізуемыя сумесна з іншымі партнёрамі інтэрактыўныя абрадавыя мерапрыемствы "Масленка", "Гуканне вясны", "Вербная нядзеля", "Вяселле ў Малінаўцы", "Восеньскі фэст", "Апошні званок" ды іншыя не толькі прыцягваюць шматлікіх дадатковых наведвальнікаў, але і прыносяць добрыя прыбыткі ўстанове.

Цікавым прыкладам сістэмнага падыходу ў развіцці комплексу культурных паслуг з актыўным выкарыстаннем небюджэтных сродкаў з'яўляецца Гомельскі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў (паездкі на аўтацягніку па парку, плаванне на цеплаходзе па Сожы, курсіраванне па горадзе рэкламнага тралейбуса № 20, стварэнне аддзела турызму, забеспячэнне цікавых маршрутаў "Залатое кольца Гомельшчыны", па транспамежным і рэлігійным турызме). Па выніках 2011 года Палацава-паркавы комплекс адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 Невялікі ў параўнанні з вышэйназванымі Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа сабраў немалыя дабрачынныя сродкі на стварэнне да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры скульптурнай кампазіцыі "Якуб Колас. Роздум".

Паказальным прыкладам з'яўляецца шматгадовае супрацоўніцтва сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча і мясцовай прыватнай фірмы "ЭНЭФ" (створаны сумесны апякунскі савет, у адпаведнасці з падпісанай дамовай фірма выдзяляе штогод аркестру фінансавыя сродкі на рэкламна-інфармацыйную дзейнасць, транспарт, пашыў сцэнічных касцюмаў, пастаноўку канцэртных нумароў...).

Станоўчым прыкладам ДПП у сферы мастацкай культуры з'явілася адкрыццё новага мастацкага салона "Ад вучня - да майстра" ў Мінску. Мецэнаты з апякунскага савета і кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў задумалі гэты выставачны маладзёжны праект дзеля таго, каб даць магчымасць мастакам-пачаткоўцам адчуць запатрабаванасць сваіх твораў і атрымаць дадатковыя імпульсы для творчага развіцця.

У гэтым выпадку хачу звярнуць вашу ўвагу на неабходнасць фарміравання дзейсных і аўтарытэтных апякунскіх саветаў - прыклады падобных былі прыведзены ў дакладзе міністра. Аднак аналіз інфармацыі, атрыманай Міністэрствам, паказвае, што пры многіх арганізацыях культуры, асабліва - на абласным і раённым узроўнях, фармальна створаны "бутафорскія" склады саветаў з ліку кіраўніцтва і прадстаўнікоў гэтых жа арганізацый.

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў з'яўляецца ганаровым партнёрам прафесійнага конкурсу "Брэнд года Беларусі". У рамках партнёрства акадэмія ажыццявіла пастаноўку спектакля па матывах рамана Рычарда Баха "Чайка па імені Джонатан Лівінгстан", прадзюсарам якога выступіў Нацыянальны конкурс.

Акадэміяй падрыхтавана чатырохбаковае пагадненне паміж "Прыорбанкам", Аўстрыйскім культурным форумам (г. Масква) і Універсітэтам мастацтваў г. Лінца (Аўстрыя) аб абмене студэнтамі і арганізацыі стажыровак.

За апошні час з'явіліся цікавыя прыклады партнёрства і з прыватнымі асобамі. Так, па ініцыятыве старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Валерыя Казакова Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала ў дар некалькі дзясяткаў тамоў каштоўных кніг: копію Слуцкага летапісу і Баркалабаўскай хронікі XVI - XVII стст., выданне Бібліі XVIIІ ст. Часовы Павераны нашай краіны ў Швейцарыі А.Кулажанка перадаў НББ некалькі кніжных помнікаў (выданне ўспамінаў прынцэсы Антуаны Радзівіл, Парыж, 1911 г., і лічбавую копію Нюрнбергскіх хронік аб захопе Полацка войскамі Івана Жахлівага ў 1563 г.).

Перспектыўным сумесным праектам ДПП на бліжэйшыя гады можа быць фарміраванне дзяржаўнай музычнай калекцыі на базе аднаго з нацыянальных музеяў. Пачатак яе пакладзены набыццём унікальнага для нашай краіны інструмента - скрыпкі Гварнеры 1674 года, якую вы сёння пачуеце ў час выступлення новага маладзёжнага камернага ансамбля з удзелам лаўрэатаў і стыпендыятаў спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі пад кіраўніцтвам Улады Беражной.

Сёння Міністэрства культуры мае трывалыя адносіны як з надзейнымі фінансавымі партнёрамі з амаль 40 кампаніямі, фірмамі, банкамі (Беларуская калійная кампанія, Белтрансгаз, "Трайпл", Белгазпрамбанк, Белзнешэканамбанк, Белінвестбанк, Альфа-банк, БПС-банк, Прыорбанк, МТС, Велком, Белтэлекам, Беларуская чыгунка, БелАВІЯ і іншымі).

Паспрыяюць замацаванню і пашырэнню партнёрскіх сувязей запланаваныя Міністэрствам правядзенне ў бягучым годзе конкурсу "Мецэнат культуры", публічнае ўшанаванне спонсараў і мецэнатаў у час правядзення Фестывалю опернага і балетнага мастацтва ў нясвіжскім Палацы Радзівілаў...

З'явіліся ў нас і цікавыя міжнародныя праекты ў рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства, да прыкладу, "Заахвочванне турызму па абодвух баках Літвы і Беларусі, павялічваючы даступнасць і прыцягальнасць культурна-гістарычнай спадчыны у Рокішскім і Пастаўскім раёнах" (будзе выдзелена звыш 230 тыс. еўра на аднаўленне Палаца Тызенгаўза ў Паставах), "Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё" (каля 100 тыс. еўра на рэканструкцыю гарадскога парку і падтрымку традыцыйнай культуры), рэалізацыя якіх дазволіць не толькі вырашыць важныя сацыяльна-культурныя задачы, але і, што яшчэ больш важна, будзе спрыяць назапашванню айчыннага вопыту міжнароднай праектнай дзейнасці...

Разам з тым, неабходна адзначыць, што мы недастаткова выкарыстоўваем фінансавыя магчымасці UNESCO і іншых міжнародных арганізацый для аднаўлення аб'ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, рэалізацыі іншых праектаў.

Добрым прыкладам згуртавання зацікаўленых людзей і акумулявання фінансавых сродкаў з розных крыніц з'яўляецца дзейнасць фондаў "Паўночныя Афіны" і "Спадчына Агінскага" па аднаўленні спадчыны М.К. Агінскага ў Смаргонскім раёне і г. Маладзечна, "Любчанскі замак"... На жаль, мы маем адзінкавыя прыклады дзейнасці такіх фондаў...

Сёння ўжо і ў сферы культуры пашыраецца канкурэнцыя: прыватныя фірмы ды прадпрымальнікі пачынаюць актыўна развіваць паслугі культурна-мастацкага кірунку (мастацкія галерэі, тэматычна-забаўляльныя паркі, рытуальна-абрадавыя паслугі і інш.). Пагартайце рэкламныя газеты: колькі прапануецца паслуг (абрадавыя паслугі, карпаратыўны адпачынак, арганізацыя канцэртаў і прадстаўленняў), і часта - на базе нашых устаноў, з удзелам нашых спецыялістаў... Усё гэта адносіцца да малога і сярэдняга бізнесу, а значыць, павінна праводзіцца работа па выяўленні і стварэнні ўмоў для яго развіцця. У сувязі з гэтым, наспела мэтазгоднасць правядзення ў Мінску, абласных цэнтрах Кірмашоў творчых індустрый і праектаў, якія будуць заўтра абавязкова запатрабаваны ...

Даводзіцца канстатаваць, што да працы ў такіх умовах большасць нашых арганізацый і творчых калектываў ні псіхалагічна, ні эканамічна пакуль не гатова... Як і тое, што на рэгіянальных узроўнях праблема развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства належным чынам пакуль не вырашаецца.

Спонсары і тыя, каго спансіруюць, часцей дзейнічаюць наўгад, аддаючы перавагу асабістым кантактам і густам кіраўнікоў спансіруючых фірм. Але, безумоўна, першы крок павінен быць за намі, за нашай ініцыятывай...

Відавочна, што гэта часовы этап. Для яго хутчэйшага пераадолення ўзнікае вострая патрэба ў інфармацыйным забеспячэнні спонсарства, фарміраванні інфармацыйных баз даных для патэнцыйных спонсараў аб культурных праектах, установах, калектывах або выканаўцах, іх узроўні, рэпутацыі, міжнародным прызнанні. Гаворка ідзе пра фарміраванне інфармацыйнага рынку паслуг, пра стварэнне адпаведных структур.

Мяркую, што найбліжэйшай надзённай задачай для Міністэрства і Інстытута культуры Беларусі павінна стаць абагульненне вопыту і фарміраванне інфармацыйнага банка аб рэалізуемых праектах і на іх аснове - арганізацыя серыі семінараў для спецыялістаў культуры з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў эканомікі і фінансаў, Нацыянальнай акадэміі навук, вядомых менеджараў, у тым ліку і з замежных краін, а пазней - правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі па тэме "Развіццё ДПП у сферы культуры: тэорыя, рэальнасць і перспектывы", як гэта было зроблена ў Расіі ў 2010 г.

Актуальнай з'яўляецца задача функцыянальных і структурных змяненняў нашых арганізацый культуры і больш дакладнае адаптаванне да працы ва ўмовах ДПП: перагляд статутаў і палажэнняў, штатных раскладаў, стварэнне структурных падраздзяленняў - аддзелаў маркетынгу і інавацыйнай дзейнасці, унясенне змяненняў у Кваліфікацыйны даведнік (уключэнне пасад арт-менеджара, маркетолага, менеджара па міжнародных культурных сувязях і інш.).

Важнай задачай з'яўляецца эксперыментальная адпрацоўка розных мадэлей ДПП на базе нашых вядучых цэнтраў культуры, напрыклад, на базе Замкавага комплексу "Мір", Музея-запаведніка "Нясвіж" і іншых, дзе ёсць для гэтага шырокія магчымасці (цікавыя і прыцягальныя для наведвальнікаў аб'екты, прэзентатыўныя памяшканні, элітныя канцэртныя залы, гасцініцы і рэстараны можна скарыстаць для арэнды, дагавораў, канцэсіі, сумеснага фінансавання праектаў і г. д.).

Надзённай задачай для устаноў культуры з'яўляецца больш шырокае асваенне існуючых "культурных ніш": карпаратыўны адпачынак, культурна-гістарычны і фестывальны турызм, курортна-аздараўленчыя арганізацыі і аграсядзібы, нацыянальная сувенірная прадукцыя, рытуальна-абрадавыя паслугі, беларускі этыкет, нацыянальная кухня і інш.

І некалькі слоў у заключэнне.

У кожнай краіне фарміруецца свая мадэль дзяржаўнага фінансавання культуры і мастацтва, адэкватная нацыянальнай сістэме міжбюджэтных зносін і традыцыйным накірункам дзяржаўнай падтрымкі гэтай сферы. У той жа час, для ўсіх краін характэрны адзіны падыход да культуры не толькі як да фактару духоўнага, але і эканамічнага прагрэсу грамадства.

Шматканальнае дзяржаўнае фінансаванне, міжбюджэтныя і партнёрскія дзяржаўна-прыватныя формы субсідзіравання лепш за ўсё забяспечваюць прыток сродкаў у сферу культуры, асабліва - ва ўмовах дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту. Паспяховасць дзяржаўных мер падтрымкі культуры і мастацтва ў многім залежыць ад эфектыўнасці выкарыстання патэнцыялу прыватнага спонсарства і мецэнацтва.