КАЛЕГІЯ: ДЗЕЛАВЫ СТЫЛЬ ГАВОРКІ

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

8 лютага ў Канцэртнай зале “Верхні горад” сталічнай Дзіцячай філармоніі адбылося пасяджэнне выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзе грунтоўна аналізавалася леташняе развіццё галіны, зацікаўлена абмяркоўваліся прыярытэты агульнай работы на бягучы год.

У пасяджэнні прымалі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік; намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга; начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай сферы апарата Савета Міністраў краіны Алена Сівалобава; намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сухавей; старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева; намеснік міністра спорту і турызму краіны Чэслаў Шульга; намеснік упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Уладзімір Ламека.

У рабоце выніковай калегіі ўдзельнічалі таксама намеснікі старшынь аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, якія курыруюць сацыяльна-культурную сферу, начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, цэнтральны апарат Міністэрства культуры, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў краіны, кіраўнікі арганізацый культуры рэспубліканскага і абласнога падпарадкаванняў, абласных і гарадскіх выканаўчых камітэтаў прафсаюза работнікаў культуры, абласных кінапракатных арганізацый, начальнікі аддзелаў культуры рай- і гарвыканкамаў, кіраўнікі творчых саюзаў і грамадскіх арганізацый, дзеячы культуры і мастацтваў, журналісты рэспубліканскіх СМІ.

Перад работай выніковай калегіі з дапамогай відэапрэзентацыі ў рознакаляровым вітражным антуражы новай Канцэртнай залы былі прадстаўлены ўсе выразныя фарбы, якімі за мінулы год узбагацілася наша нацыянальная культура.

Міністр культуры Павел Латушка сваё выступленне праанансаваў наступным чынам: усё станоўчае адлюстравана ў толькі што прадэманстраваным відэафільме і застанецца ў поўным варыянце даклада, змешчаным у газеце “Культура”, а непасрэдна на калегіі ўпор будзе зроблены на крытычны аналіз здзейсненага.

Аналагічным чынам будаваліся і прамовы іншых выступоўцаў, якія агучвалі праблемы, прапаноўвалі канкрэтныя і слушныя захады па іх вырашэнні. У гэтым, на наш погляд, — галоўная адметнасць сёлетняй выніковай калегіі. Дзелавая атмасфера панавала і ў яе кулуарах. Нават і тут гаворка ішла не столькі пра нядаўнія творчыя здабыткі, колькі пра стратэгію эканамічнай перабудовы галіны, выніковасць якой будзе заснавана і на дзяржаўна-прыватным супрацоўніцтве, і на аптымізацыі дзейнасці кожнай яе структуры.