ДЗЯРЖАЎНАЯ ПРАГРАМА "КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ": СТРАТЭГІЯ ПАЧАТКУ

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Даклад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі на выніковай калегіі Міністэрства культуры

/i/content/pi/cult/364/6973/1-1.jpeg

Паважаныя калегі!

Шаноўныя госці!

Дазвольце сардэчна прывітаць вас у гэтай цудоўнай зале, якая зусім нядаўна адкрыла свае дзверы ў гістарычным цэнтры Мінска.

Думаю, што адной са знакавых культурных падзей сталіцы мінулага года стала адкрыццё Дзіцячай філармоніі, бо менавіта падтрымка маладых талентаў з'яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў у сферы культуры. Хацеў бы падзякаваць кіраўніцтву Мінска за гэты цудоўны аб'ект культуры.

2011-ы быў годам прыняцця новых заканадаўчых актаў, з'яўлення новых ідэй і праектаў, акрэслення будучых падыходаў да развіцця культуры Беларусі.

Прэзідэнт і Урад падтрымалі курс, узяты Міністэрствам культуры ў 2010 годзе.

На апошняй сустрэчы з творчай моладдзю Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў:

- нам трэба стварыць неабходныя ўмовы для развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства, спонсарства і мецэнацтва;

- нам неабходны праектны падыход да фінансавання культуры, развіваць інстытут прадзюсарства;

- патрэбна павышаць запатрабаванасць беларускай культуры ў краіне і за мяжой.

Сёння для нас на першы план выходзіць задача больш эфектыўнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў, якія выдаткоўваюцца на сферу культуры. Бюджэтная палітыка мэтанакіравана пераарыентоўваецца з кіравання выдаткамі на кіраванне вынікамі, укараняецца сістэма фінансавання ў сферы культуры як дзяржаўнай сеткі, так і падтрымкі прыватных устаноў культуры.
Важным складнікам дзейнасці ў гэтым кірунку з'яўляецца ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы сферы культуры. Міністэрствам рэалізуецца рэформа, накіраваная на ўнясенне змяненняў у заканадаўчыя акты, якія рэгулююць прынцыпы кіравання, дзяржаўнага фінансавання і стварэння сістэмы канкурэнтных механізмаў развіцця культуры.

У сваім выступленні хацеў бы засяродзіць увагу на наступных пытаннях:

1. Аналіз заканадаўчых актаў у сферы культуры.

2. Новыя культурныя праекты.

3. Аналіз выканання ўрадавай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гг.

Аналіз заканадаўчых актаў у сферы культуры

У 2011 годзе створаны шэраг заканадаўчых прэферэнцый для сферы культуры.

1 ліпеня 2011 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта № 145 "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферах культуры і інфармацыі", якім зацверджаны даволі шырокі пералік падатковых ільгот для сферы культуры.

Разам з тым, Указ № 145 абвастрыў праблемы існуючай практыкі работы ўстаноў культуры. Падатковымі льготамі могуць карыстацца толькі ўстановы, якія маюць статус юрыдычнай асобы. На жаль, сёння 90 працэнтаў бібліятэк і клубных устаноў не маюць гэтага статуса. Міністэрствам створана рабочая група па выпрацоўцы парадку дзейнасці па дадзенай праблематыцы. Гэта - найважнейшая задача для абласных упраўленняў, бо менавіта на месцах неабходна будзе прымаць канчатковыя рашэнні аб наданні статуса юрыдычнай асобы падпарадкаваным установам культуры.

Шэраг захадаў зроблены для стварэння сістэмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў кінавытворчасці, стымулявання развіцця кінапрадзюсарства. Гэта ўступленне ў сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 567 ад 5 снежня 2011 г. "Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі".

З 1 студзеня 2011 г. уступіў у сілу Указ № 457 аб новым парадку фінансавання дзяржаўных тэатральна-відовішчных і кінавідэапракатных арганізацый.

Мінулы год паказаў, што рэалізацыя Указа дае станоўчыя вынікі: напрыклад, сума страт у арганізацыях кінематаграфіі знізілася, у параўнанні з 2010 годам, у 4,8 раза.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 77 ад 28 лютага 2011 г. пашыраюцца магчымасці па выкарыстанні спонсарскай дапамогі ў сферы культуры.

У мінулым годзе толькі на правядзенне "Славянскага базару ў Віцебску", кінафестывалю "Лістапад", Нацыянальнай тэатральнай прэміі, фестывалю "ТэАРТ", Фестывалю Юрыя Башмета было прыцягнута каля 14 млрд. руб. спонсарскіх і іншых пазабюджэтных сродкаў.

У мэтах развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства і стымулявання новых творчых ідэй Саветам Міністраў прынята пастанова ад 23 снежня 2011 года, якой зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення конкурсу на арганізацыю і (або) правядзенне культурных мерапрыемстваў і парадку іх фінансавання. Па выніках года Міністэрства прааналізуе выкарыстанне рэгіянальнымі ўпраўленнямі культуры палажэнняў дадзенай Пастановы.

Яшчэ адным фактарам, які дапаможа прыцягнуць прыватны капітал у культуру, з'яўляецца прыняцце Саветам Міністраў у сакавіку 2011 года пастановы № 308 па стварэнні апякунскіх саветаў.

Ужо створаны апякунскія саветы Вялікім тэатрам, Нацыянальным мастацкім і Нацыянальным гістарычным музеямі, Нацыянальным музеем-запаведнікам "Нясвіж". Трэба праводзіць гэтую працу і ў рэгіёнах, але не ўсеахопна, не для справаздачнасці, а для рэальнай падтрымкі і дапамогі ў ажыццяўленні новых культурных праектаў.

3 ліпеня 2011 года быў прыняты Закон "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь". Увядзенне ў дзеянне новых норм дадзенага Закону з'яўляецца новым крокам для функцыянавання музеяў нашай краіны.

У лістападзе Палатай прадстаўнікоў разгледжаны ў першым чытанні змяненні ў Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якім прадугледжваецца ўзмацненне кантролю за ўтрыманнем і выкарыстаннем каштоўнасцей.

Міністэрствам падрыхтаваны шэраг прававых актаў, што рэгулююць дзейнасць устаноў адукацыі сферы культуры ў кантэксце ўвядзення ў дзеянне Кодэкса "Аб адукацыі".
На чарзе - праца над стварэннем Кодэкса аб культуры, які павінен быць уведзены ў дзеянне ў 2015 годзе.

Кодэкс аб культуры як прынцыпова новы комплексны акт дазволіць сістэмна аб'яднаць дзеючыя нарматыўныя прававыя акты, скараціць колькасць існуючых нарматываў, будзе садзейнічаць укараненню інавацыйных механізмаў арганізацыі дзейнасці ў сферы культуры.

 Сёння канцэпцыя Кодэкса вынесена на грамадскае абмеркаванне. Для нас прынцыпова важным з'яўляецца рэакцыя на канцэпцыю з рэгіёнаў краіны.

НОВЫЯ ПРАЕКТЫ

2011 год быў багаты на новыя праекты ў нашай сферы.

У 2011 годзе ўпершыню мы прынялі ўдзел у Канскім кінафестывалі, кінафестываль "Лістапад" атрымаў акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў.

Распачаў сваю працу Рэспубліканскі савет па справах культуры і мастацтва.

Упершыню былі вызначаны пераможцы Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Яскравай падзеяй стала правядзенне ў другі раз Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, у трэці раз - Вялікага навагодняга балю ў Вялікім тэатры.

Рэалізаваны два новыя музычныя праекты: Нацыянальная музычная прэмія і "Залатая калекцыя беларускай песні".

Культурнымі падзеямі сталі беларуска-расійскія праекты: традыцыйны Міжнародны фестываль Юрыя Башмета і новыя - канцэрт сімфанічнага аркестра Марыінскага тэатра пад кіраўніцтвам Валерыя Гергіева і "Рускія сезоны" Андрыса Ліепы.

На Венецыянскім біенале адкрыў свае дзверы Нацыянальны павільён Беларусі. Нашы мастакі бралі таксама ўдзел у IV Маскоўскім біенале сучаснага мастацтва.

Упершыню на Міжнародным фестывалі "Інтэрмузей" (Масква) перамогу атрымалі беларускія музеі: Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Віцебскі абласны краязнаўчы музей. У 2012 годзе галоўнай культурнай падзеяй стане Першы Нацыянальны форум "Музеі Беларусі", які адбудзецца ў Гродне.

У мінулым годзе Гомель паспяхова рэалізаваў праект першай Культурнай сталіцы СНД. У 2012-м Культурную сталіцу Беларусі прадстаўляе Нясвіж.

На наданне статуса "Культурная сталіца Садружнасці і Беларусі" ў 2013 годзе Міністэрствам культуры намініраваны Магілёў.

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПРАГРАМА "КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ" НА 2011 - 2015 ГАДЫ

Паважаныя калегі!

2011-ы - першы ў рэалізацыі прынятай Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, якая вызначае стратэгію і перспектывы нашай працы.

ПРАФЕСІЙНАЕ МАСТАЦТВА

Прафесійнае мастацтва краіны вызначае сёння сучаснае аблічча і ўзровень нашай культуры.

На сённяшні дзень паспяхова дзейнічаюць 27 тэатраў (па жанравым кірунку - 2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных). Статус "Нацыянальны" маюць 4 тэатра, звання "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь" удастоены 9 тэатраў.

 Склалася трывалая сістэма фестывальнага руху. Толькі ў 2011 годзе было праведзена 6 фестываляў і форумаў у Мінску і рэгіёнах па розных накірунках тэатральнага мастацтва. Упершыню - Форум тэатральнага мастацтва "ТэАРТ".

Разам з тым, у Нацыянальнай тэатральнай прэміі з 12 спектакляў-намінантаў удзельнічалі толькі 2 спектаклі па творах беларускіх аўтараў, што сведчыць пра неадпаведную работу нашых тэатраў з беларускім матэрыялам. Шмат надзей у гэтым кірунку мы ўскладалі на Цэнтр беларускай драматургіі. Але яго дзейнасць, як і работа тэатраў з беларускім рэпертуарам, патрабуе значнага ўдасканалення.
Каб палепшыць дадзеную сітуацыю, Міністэрства, са свайго боку, аказала фінансавую падтрымку пастаноўкам спектакляў па творах беларускіх аўтараў Тэатру юнага гледача, Гродзенскаму і Магілёўскаму абласным драматычным тэатрам. Міністэрствам ажыццёўлены дзяржаўныя заказы Вялікаму тэатру на пастаноўку ў 2012 годзе оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага, Цэнтру візуальных і выканальніцкіх мастацтваў - на пастаноўку спектакля "Ладдзя роспачы" паводле У.Караткевіча.

Для тэатральнага мастацтва, як і раней, праблемай з'яўляецца падрыхтоўка рэжысёрскіх кадраў. Адсутнічаюць галоўныя рэжысёры ў Нацыянальным тэатры імя Я.Коласа, Мінскім абласным драматычным тэатры. Сёння з'явілася магчымасць ажыццяўляць стажыроўкі тэатральных спецыялістаў галіны культуры за кошт бюджэтных сродкаў. Аднак тэатры краіны пасіўна ставяцца да гэтага пытання.

На сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з творчай моладдзю, якая адбылася ў снежні мінулага года, адзначалася, што неабходна падтрымліваць маладых рэжысёраў. Можа, настаў час, каб пасады галоўных рэжысёраў займалі маладыя рэжысёры. Таму звяртаюся да кіраўнікоў абласных і Мінскага гарадскога ўпраўленняў культуры, рэспубліканскіх тэатраў з просьбай надаць асаблівую ўвагу пастаноўкам спектакляў маладымі рэжысёрамі, выпускнікамі Акадэміі мастацтваў. Са свайго боку, Міністэрства культуры гатова фінансава дапамагчы ў вырашэнні дадзенага пытання.

Трэба адзначыць недастатковую ўвагу да праблем мінскіх гарадскіх тэатраў. Пасля шматлікіх зваротаў нарэшце зрушылася з мёртвай кропкі справа з рамонтам Тэатра юнага гледача, дафінансавання на новыя пастаноўкі Музычнаму тэатру і Тэатру юнага гледача.

Сучаснае музычнае мастацтва Беларусі. У краіне створаны ўнікальныя кампазітарская і выканальніцкая школы. Айчынныя музыканты-выканаўцы паспяхова ўдзельнічаюць у самых прэстыжных міжнародных конкурсах.

Сёння канцэртную дзейнасць ажыццяўляюць 16 дзяржаўных канцэртных арганізацый рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання, якія аб'ядноўваюць каля 1500 чалавек артыстычнага персаналу. Амаль усе творчыя калектывы і выканаўцы годна прынялі ўдзел у Культурнай акцыі "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і СНД 2011 года", у адзначэнні 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 70-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна.

Пры падтрымцы Міністэрства, рэгіянальных упраўленняў працягваліся праекты Вялікага тэатра "Вечары ў Нясвіжскім замку", "Магія раяля", "Таўкачыкі на Каляды", шэраг праектаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, такіх, як Святы беларускага мастацтва ў Хойніках, Чачэрску, "Музы Нясвіжа", "Мірскі замак", "Пінскія спатканні", 500 гадоў надання Магдэбургскага права Навагрудку і іншыя.

Прайшоў шэраг фестываляў, найбольш значныя з якіх - юбілейны, ХХ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", ХI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, Міжнародныя фестывалі "Беларуская музычная восень", Фестываль Юрыя Башмета, "Залаты шлягер" у Магілёве, Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску і іншыя.

З мэтай падтрымкі творчасці прафесійных кампазітараў у 2011 годзе Міністэрствам набыта больш за 160 арыгінальных твораў на суму каля 163 млн. рублёў.

Разам з тым, адчуваюцца пэўныя праблемы ў сферы музычнага, харэаграфічнага, эстраднага мастацтва. Цягам года Міністэрства займалася праблемай Беларускага саюза кампазітараў: фінансавання арэнды памяшканняў і заробкаў адміністратыўнага персаналу. Гэтая праблема патрабуе неадкладнага вырашэння.

На сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з творчай моладдзю адзначалася, што патрэбна ўдасканаленне дзейнасці Маладзёжнага тэатра эстрады, асабліва ў накірунку пошуку і падрыхтоўкі маладых таленавітых выканаўцаў, большай творчай актыўнасці.
Дарэчы, праца нашых канцэртных арганізацый таксама патрабуе большай актыўнасці.

Тое ж самае датычыцца і гастролей нашых творчых калектываў. Выхад на замежны рынак - адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці кожнага прафесійнага творчага калектыву. Большай актыўнасці чакаем і ад Дзяржаўнага ансамбля танца, Дзяржаўнага ансамбля "Харошкі" і Нацыянальнага хору імя Г.Цітовіча, іншых калектываў.

Абвастрылася праблема адтоку творчых кадраў: артыстаў балета, артыстаў-салістаў-інструменталістаў. Так, за 2011 год у Вялікім тэатры звольнілася 15 артыстаў балета, з Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі - 14 артыстаў, Дзяржаўнага ансамбля "Харошкі" - 6 чалавек. Кіраўніцтву нашых падведамасных арганізацый неабходна прыняць тэрміновыя меры для змяншэння гэтай негатыўнай тэндэнцыі. З іншага боку, эканамічнаму ўпраўленню Міністэрства неабходна ўнесці прапановы ў Савет Міністраў па сістэмным падыходзе да вырашэння гэтай праблемы.

У 2011 годзе вялася работа па развіцці выяўленчага мастацтва.

Актуальным творчым праектам стала Рэспубліканская выстаўка манументальнага мастацтва.

У працяг маштабных выставачных праектаў у гэтым годзе плануецца арганізацыя Першай Усебеларускай выстаўкі сучаснага мастацтва ў Мінску. У бліжэйшыя дні Міністэрства аб'явіць конкурс на стварэнне канцэпцыі выстаўкі.

 Адкрыты помнікі Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве, героям-пагранічнікам у Брэсцкай крэпасці.

Міністэрствам закуплена работ у мастакоў на суму 826 млн. рублёў (у тым ліку за кошт фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва - 180 млн. рублёў). Аднак у абласцях практычна не вядзецца работа па набыцці твораў выяўленчага мастацтва. Вырашалася гэтае пытанне толькі ў Гродзенскай вобласці, дзе на дадзеныя мэты ў мінулым годзе было выдзелена 107 млн. рублёў. Аднак у Брэсцкай вобласці - толькі 13,6 млн. рублёў, у Магілёўскай - 7 млн. рублёў. Мінскім гарвыканкамам, Мінскім, Гомельскім, Віцебскім аблвыканкамамі сродкі наогул не выдаткоўваліся.

Аднак, калі ў рэгіёнах не будуць пастаянна набывацца творы мастакоў, то праз 10 - 15 гадоў будзе страчаны цэлы культурны пласт. Праз 50 гадоў правесці выстаўку мастакоў пачатку ХХІ стагоддзя, напрыклад, Віцебскай школы жывапісу, будзе немагчыма з прычыны адсутнасці работ у фондах музеяў. Ігнараванне рэгіёнамі дадзенай праблемы можа прывесці да паўтору сітуацыі, якая склалася з творамі культурнай спадчыны Беларусі, калі даводзіцца марнаваць значныя фінансавыя і арганізацыйныя рэсурсы на вяртанне ў Беларусь культурных каштоўнасцей.

Урадам прынята пастанова ад 8 чэрвеня 2011 г. № 732 па пытаннях стварэння і прыёмкі твораў манументальнага мастацтва. Пастанова ўзмацніла ролю Міністэрства ў рэгуляванні дадзенай сферы. Цяпер патрабуецца абавязковае атрыманне заключэння Міністэрства культуры па праектах рашэнняў мясцовых органаў улады аб стварэнні і ўстаноўцы манументальных твораў.

Разам з тым, вопыт прымянення пастановы паказаў, што ў рэгіёнах у большасці выпадкаў узнікае ініцыятыва па стварэнні манументальных твораў асобам, якія, у асноўным, не маюць дачынення да культуры і гісторыі краіны (напрыклад, помнік работнікам дарожнай службы, помнік ветэрынару), у той час, калі сёння ў Беларусі адсутнічаюць помнікі славутым дзеячам нашай гісторыі і культуры.

КІНАСФЕРА

У 2011 годзе мы фактычна зрабілі канцэптуальныя заканадаўчыя захады, накіраваныя на рэформу кінавытворчасці нашай краіны: стварэнне сістэмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства, стымуляванне і развіццё кінапрадзюсарства. Гэта павінна павялічыць эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўных бюджэтных сродкаў на стварэнне кінапрадукцыі, пашырыць сумесную кінавытворчасць з айчыннымі і замежнымі партнёрамі.
Дзяржава будзе і надалей падтрымліваць кінавытворчасць. У бягучым годзе з бюджэту плануецца выдаткаваць 90 млрд. рублёў на падтрымку кінавытворчасці.

Галоўная задача 2012 года: прыняцце ўсіх неабходных падзаконных актаў, якія вынікаюць з Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 567 "Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі".

Згодна з Даручэннем Савета Міністраў, Міністэрству культуры неабходна ўнесці ва Урад да 20 лютага бягучага года праекты адпаведных нарматыўных актаў.

Разам з тым, перад кінастудыяй "Беларусьфільм" ужо сёння стаіць задача аб паляпшэнні мастацкай якасці фільмаў і павелічэнні канкурэнтаздольнасці і самаакупнасці кінапрадукцыі, прыцягненні пазабюджэтных сродкаў у кінавытворчасць.

У 2011 годзе было створана 9 адзінак мастацкіх, 66 дакументальных і 9 анімацыйных фільмаў. Беларускія кінематаграфісты атрымалі 39 узнагарод больш чым на 50 міжнародных кінафестывалях: у Італіі, Канадзе, Францыі, Бразіліі, Чэхіі, Польшчы, Германіі, Індыі, Грэцыі і іншых краінах.

Упершыню агульная сума прыцягнутых у фільмавытворчасць пазабюджэтных сродкаў дасягнула 81, 5 млрд. рублёў, у тым ліку на вытворчасць дакументальных фільмаў - 2,5 млрд. рублёў.

У 2011 годзе пашырылася геаграфія дзелавых партнёраў кінастудыі. Упершыню ажыццяўляецца супрацоўніцтва з Германіяй, Нідэрландамі, Латвіяй, Эстоніяй, Фінляндыяй, еўрапейскім фондам "Eurimages".

У 2011-м кінастудыяй сумесна з замежнымі партнёрамі створаны 2 поўнаметражныя мастацкія стужкі: "Адзінокі востраў" (рэжысёр - П.Сім, Эстонія), сумесна з кінакампаніямі Латвіі і Эстоніі; "Снайпер-2. Тунгус", сумесна з расійскімі партнёрамі.

У 2011 годзе запушчаны ў вытворчасць 5 сумесных мастацкіх фільмаў, завяршэнне якіх запланавана ў 2012-м: "Паляванне на гаўляйтара", "Смерш", "Цугцванг", "Роля", "У тумане".

Рэканструкцыя кінастудыі

Віктар Іосіфавіч Кураш, Аляксандр Віктаравіч Трыфанаў, Алег Ігаравіч Сільвановіч, прашу Вас забяспечыць штодзённы кантроль за ходам рэканструкцыі кінастудыі. Ваш прамы абавязак - забяспечыць выкананне Даручэння Прэзідэнта і завяршыць пабудову новага і рэканструкцыю галоўнага карпусоў да канца 2012 года.

Кінапракат

У адпаведнасці з мерапрыемствамі Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на набыццё і ўстаноўку лічбавага абсталявання ў 96 месцах кінапаказу прадугледжана 73,6 млрд. рублёў (у тым ліку ў бягучым годзе - амаль 29 млрд. рублёў).

Дадатковы аналіз, праведзены Міністэрствам культуры сумесна з абласнымі кінавідэапракатамі, паказаў, што такім абсталяваннем у рэгіёнах неабходна забяспечыць 119 месцаў паказу, у тым ліку 38 устаноў клубнага тыпу, дзе адсутнічаюць кінатэатры.

Мы вымушаны канстатаваць, што раздзел Праграмы ў гэтай частцы не выконваецца. Праблемай з'яўляецца значнае недафінансаванне мерапрыемстваў згаданай праграмы. Звяртаюся да мясцовых органаў улады: неабходна забяспечыць выдаткаванне сродкаў у запланаваных памерах з прыцягненнем пазабюджэтных крыніц фінансавання. Справаздачу трэба будзе трымаць кожнай вобласці.

Аднак трэба адзначыць і станоўчы вынік. У 2011 г. платныя паслугі насельніцтву, аказаныя кінавідэапракатнымі арганізацыямі рэспублікі, склалі амаль 71 млрд. рублёў, што на 157,5 працэнтаў больш, чым у 2010-м.

Прыкладам з'яўляецца Мінскі кінапракат, які выйшаў на прыбытковую дзейнасць.

УСТАНОВЫ КУЛЬТУРЫ. НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ

На пачатак 2012 года ў галіне культуры налічваецца каля 3,5 тысяч клубных устаноў і больш чым 3700 бібліятэк. У параўнанні з 2010 годам, колькасць названых устаноў скарацілася ў сярэднім на 2,2% (клубных устаноў - на 2,3%, бібліятэк - на 2,1%).
Тэндэнцыя скарачэння ўстаноў культуры звязана з устойлівым памяншэннем насельніцтва рэспублікі, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Адбываецца так званая ўніверсалізацыя найбольш масавых устаноў: публічных бібліятэк і клубаў. У маланаселеных пунктах ва ўмовах эканоміі фінансавых сродкаў лагічна ствараюцца ўстановы культуры змяшанага тыпу. Сёння такіх устаноў па рэспубліцы налічваецца 525, або 7 працэнтаў ад агульнай колькасці (бібліятэкі-клубы - 281 адзінка, бібліятэкі-музеі - 32, клубы-бібліятэкі - 193, клубы-музеі - 19).

Культурным абслугоўваннем маланаселеных пунктаў павінны больш актыўна займацца перасоўныя ўстановы, разам з тым, у рэгіёнах працуюць толькі 104 аўтаклубы і 57 бібліобусаў.

Не выкананы паказчыкі праграмы "Культура Беларусі" па павелічэнню колькасці клубных фарміраванняў у 2011 годзе на 1 працэнт (у тым ліку дзіцячых - на 0,5 працэнта).

На самой справе, па выніках года колькасць калектываў не толькі не павялічылася да прагназуемага ўзроўню, але, наадварот, скарацілася па рэспубліцы на 452 адзінкі.

Толькі Магілёўская вобласць выканала прагнозныя паказчыкі па росту колькасці клубных фарміраванняў: павелічэнне на 52 адзінкі (1,2 працэнта). У Гомельскай вобласці, наадварот, - 461 аматарскае клубнае фарміраванне спыніла сваю творчую дзейнасць.

Можа, і настаў час перагляду гэтага паказчыка, але работа ўпраўленняў і аддзелаў культуры на месцах у гэтых умовах павінна быць накіравана на захаванне народнай творчасці.

Вельмі важна, што больш за палову клубных фарміраванняў - 14 тысяч адзінак - скіравана на развіццё дзіцячай мастацкай творчасці. У рэгіёнах неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу падтрымцы тых напрамкаў народнай творчасці, якія ахопліваюць дзіцячую і маладзёжную мастацкую творчасць.

У апошнія гады надаецца ўвага аднаўленню і развіццю народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў. У галіне культуры працуе 100 дамоў і цэнтраў рамёстваў, 2,5 тыс. студый і гурткоў па розных відах народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.

Аб станоўчай дынаміцы мастацкага ўзроўню сведчыць рост колькасці аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, якім рашэннем калегіі Міністэрства прысвоены ганаровыя званні.

У 2011 годзе колькасць народных і ўзорных калектываў у галіне павялічылася на 72. Званне "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь" прысвоена 4 калектывам.

Разам з тым, па выніках маніторынгу Міністэрства ўнутраных спраў адзначана, што ўзровень арганізацыі дасугу падлеткаў ва ўзросце 14 - 17 гадоў у гарадскіх установах культуры, а таксама ў сельскай мясцовасці - недастаковы. Гэта абумоўлена перш за ўсё няпоўным запатрабаваннем сучасных форм баўлення вольнага часу.

Прыярытэт аддаецца не самым папулярным, а таксама не патрабуючым значных матэрыяльных затрат відам баўлення вольнага часу - такім, як гурткі дэкаратыўна-прыкладнога, выяўленчага мастацтва. Не заўсёды вытрымліваюцца графікі працы гурткоў і секцый. Выяўлены факты, калі яны не функцыянуюць у вячэрні час, а многія сельскія ўстановы наогул не працуюць.

Звяртаем увагу ўпраўленняў і аддзелаў культуры на існуючую праблему непрацуючых сельскіх устаноў культуры. Такія прыклады маюць месца, аб чым сведчаць паступаючыя ў Міністэрства скаргі.

Міністэрствам дадзена Даручэнне Інстытуту культуры Беларусі правесці маніторынг стану арганізацыі дасугу для дзяцей і моладзі ва ўстановах культуры, надаўшы асаблівую ўвагу рабоце сельскіх клубных устаноў і бібліятэк. Зразумела, вырашэнне гэтых праблем - задача для кіраўніцтва ўпраўленняў і аддзелаў культуры.

Аналіз выканання ў 2011 г. нарматыву сацыяльнага стандарту па культуры ў частцы забеспячэння аграгарадкоў дзяржаўнымі ўстановамі культуры паказаў нездавальняючую сітуацыю ў дадзеным кірунку ў некаторых абласцях. Так, з 254 аграгарадкоў Віцебскай вобласці толькі ў 117 забяспечана кінавідэаабслугоўваннем з выкарыстаннем стацыянарнай або перасоўнай кінавідэаўстаноўкі не менш за адзін раз на тыдзень.
Трэба адзначыць, што Даручэнне Кіраўніка дзяржавы аб накіраванні на камплектаванне фондаў бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры не менш чым 15% сродкаў ад сум бюджэтнага фінансавання, якія ідуць на ўтрыманне названых устаноў, выканана па ўсіх абласцях і г. Мінску. Але ж па раёнах карціна не такая аптымістычная. Напрыклад, нарматыў па камплектаванні фондаў бібліятэк Магілёўскай вобласці не выкананы ў 13 раёнах, па Брэсцкай і Віцебскай - у 8 адпаведна.

2012-ы абвешчаны ў Беларусі Годам кнігі. З улікам існуючай тэндэнцыі зніжэння інтарэсу да кнігі ў цэлым і да беларускай літаратуры ў прыватнасці, актуалізавалася неабходнасць распрацоўкі Нацыянальнай Праграмы падтрымкі і развіцця чытання.

Крытычна ацэньваю працу па распрацоўцы Дзяржаўнай праграмы "Нацыянальная электронная бібліятэка", рэалізацыя якой дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць Бібліятэчны фонд краіны. Неабходна памятаць, што для сумеснага фарміравання і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў будучай Нацыянальнай электроннай бібліятэкі бібліятэчныя ўстановы павінны быць падрыхтаваны: камп'ютарызаваны, аснашчаны серверным абсталяваннем, падключаны да сеткі Інтэрнэт. На канец 2011 года было камп'ютарызавана толькі 48% публічных бібліятэк, 31% - падключаны да Інтэрнэта.

Трэба адзначыць, што ў 2011-м адбыліся змены ў нарматыўных прававых актах, якія спрыяюць паляпшэнню культурнага абслугоўвання жыхароў сельскіх населеных пунктаў рэспублікі, актывізацыі творчых ініцыятыў устаноў культуры і мастацтва па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва, захаванню кваліфікаваных кадраў, стварэнню матэрыяльных стымулаў і паляпшэнню прэстыжу прафесіі музейнага, клубнага, бібліятэчнага работніка. Так, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 жніўня 2011 г. № 432 зацверджана Дзяржаўная праграма ўстойлівага развіцця сяла на 2011 - 2015 гады, якой прадугледжана правядзенне рэспубліканскага спаборніцтва. Унесены змяненні ў пастанову Міністэрства культуры ад 12 верасня 2007 г. № 38, на падставе якіх спаборніцтва з 2012 года будзе праходзіць па новых умовах. Таксама, Міністэрствам культуры вылучаны прапановы па ўнясенні змяненняў у пастанове Міністэрства працы ад 21 студзеня 2000 г. № 6 "О мерах по совершенствованию условий оплаты труда работников организаций, финансируемых из бюджета и пользующихся государственными дотациями" і ў Кваліфікацыйны даведнік "Должности служащих, занятых в культуре и искусстве".

МУЗЕЙНАЯ СПРАВА

Прыемна адзначыць, што ўсе колькасныя паказчыкі, запланаваныя праграмай "Культура Беларусі", музеямі выкананы. Але, што да выканання мерапрыемстваў, запланаваных праграмай, існуе шэраг нявырашаных пытанняў.

Сёння ў краіне дзейнічаюць 154 дзяржаўныя музеі. Па Даручэнні Кіраўніка дзяржавы ствараюцца Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, Палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы.

У новым адрамантаваным будынку адкрыўся для наведвальнікаў Жабінкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей у в. Малыя Сяхновічы. У чэрвені распачаў працу Глускі раённы краязнаўчы музей, завершаны будаўнічыя работы ў Асіповіцкім краязнаўчым музеі.

 Новыя экспазіцыі былі створаны ў Мінскім, Брэсцкім абласным і Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеях, Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі, распрацаваны навуковыя праекты шасці музеяў у Магілёўскай вобласці. У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі створана пастаянная экспазіцыя, прысвечаная падзеям вайны ў Афганістане. Вядзецца праца па стварэнні новых экспазіцый у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музеі Янкі Купалы, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Клецкім, Дзяржынскім, Уздзенскім раённых музеях.

Але вымушаны канстатаваць, што запланаваныя на 2011 год работы па стварэнні Верхнядзвінскага і Дубровенскага музеяў Віцебскай вобласці, а таксама - 8 экспазіцый музеяў Магілёўскай вобласці, 7 экспазіцый Мінскай, 3 экспазіцый Гомельскай вобласці не выкананы.
У адпаведнасці з Даручэннем Прэзідэнта краіны пачалося стварэнне Музейнага квартала ў Мінску. У яго склад прадугледжана ўключэнне некалькіх будынкаў па вул. Кірава, 25; Леніна, 20 і 22; К.Маркса, 24. Рэканструкцыю і прыстасаванне дадзеных аб'ектаў прадугледжваецца ажыццявіць у рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў два этапы з 2012 па 2017 гады.

Стварэнне адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея дазволіць:

- павялічыць экспазіцыйныя плошчы да 7,5 тыс. кв. м (на 43 працэнты больш ад існуючых);

- стварыць прывабную для турыстаў інфраструктуру;

- стварыць Рэспубліканскі рэстаўрацыйны цэнтр.

Увогуле, перспектывы развіцця музейнай справы мы бачым у двух кірунках: з аднаго боку, у паспяховых менеджменце і маркетынгу, развіцці інтэрактыву і крэатыву ў музейнай дзейнасці, выкарыстанні новых інфармацыйных тэхналогій і стварэнні ў музеях гандлёвых зон рэкламна-сувенірнай прадукцыі, уласных брэндаў, а з іншага - у пашырэнні міжнароднага супрацоўніцтва.

Неабходна вельмі ўважліва працаваць над стварэннем новых музеяў. Патрэбна прадумаць, які музей павінен быць у тым або іншым рэгіёне: традыцыйна краязнаўчы ці такі, што падкрэсліць асаблівасці гісторыі і традыцый менавіта гэтага рэгіёна.

 Цікавых прыкладаў у нашай краіне не так шмат: прыватная ініцыятыва стварэння Музея гумару ў Калінкавіцкім раёне, адкрыццё прыватнага Музея рыцарства ў Полацку, стварэнне Музея дарог у Старых Дарогах.

Вопыт стварэння новых экспазіцый у Замкавым комплексе "Мір", Нацыянальным гісторыка-культурным-запаведніку "Нясвіж", Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Нацыянальным гістарычным і шэрагу іншых музеяў паказаў, што школа стварэння экспазіцый у нашай краіне не адпавядае сучасным патрабаванням. Міністэрства культуры прапануе пэўныя крокі ў гэтым кірунку і запланавала адпаведныя сродкі на правядзенне шматузроўневага семінара па праблемах стварэння экспазіцый з запрашэннем спецыялістаў з Расіі.

Важным складнікам дзейнасці музеяў з'яўляецца выставачная. Музеямі краіны штогод праводзіцца звыш 3000 выставак, але гэты напрамак дзейнасці патрабуе глыбокага аналізу. Міністэрствам дадзенае пытанне ў 2012 годзе будзе разгледжана на калегіі.

Паспяховымі праектамі 2011-га можна лічыць выстаўкі з уласных фондаў, прысвечаныя Айчыннай вайне 1812 года ў Нацыянальным гістарычным музеі, "Новы год у партызанскім атрадзе" ў Белдзяржмузеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, "Ігнат Буйніцкі - бацька беларускага тэатра", "Мастацтва суверэннай Беларусі" і "Адкрыццё святой прыгажосці" ў Нацыянальным мастацкім музеі. У апошняй экспазіцыі была прадстаўлена работа творчага калектыву па выніках рэстаўрацыі 10 твораў сакральнага жывапісу і абразоў Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. Праца рэстаўратараў адзначана прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2011 года.

У 2011-м толькі некалькі выставачных праектаў было прадстаўлена за мяжой, у тым ліку Брэсцкай крэпасці - у Лондане, Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры - у Варшаве, Літаратурнага музея Якуба Коласа - у Польшчы і Арменіі, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча - у Літве, Латвіі і Украіне, Гомельскага палацава-паркавага ансамбля - у Расіі і Польшчы, Гомельскага абласнога музея ваеннай славы - у Вялікабрытаніі.

Асобна хацелася б адзначыць міжнародную, у тым ліку выставачную, працу Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Пры невялікай (2709 адзінак) колькасці прадметаў музейнага фонду, гэты музей штогод паспяхова праводзіць выстаўкі з уласных калекцый.

У гэтым годзе з мастацтвам Беларусі, дзякуючы фондам гэтага музея, азнаёміліся жыхары Італіі, Арменіі, Сербіі. У сценах музея экспанаваліся работы мастакоў Чэхіі, Германіі, Швецыі, Славакіі, Польшчы, Францыі.

Сярод рэгіянальных музеяў актыўную выставачную дзейнасць прадэманстраваў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, які быў адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2011 года.
Нацыянальныя музеі, якія захоўваюць найбуйнейшыя ў краіне зборы калекцый, не прадставілі ні аднаго выставачнага праекта ў суседніх краінах (акрамя ўдзелу з асобнымі работамі ў адным праекце Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі).

Аналіз выканання колькаснага паказчыка наведванняў музеяў вызначыў хібы, якія сёння ёсць у асобных музеяў.

Высветлілася, што для дасягнення выканання паказчыка колькасць бясплатных наведванняў складае амаль палову колькасці наведвальнікаў. І, калі ў музеі "Брэсцкая крэпасць - герой" гэта зразумела, паколькі з 340 тысяч наведвальнікаў палова прыходзіцца на ўдзельнікаў мерапрыемстваў патрыятычнага кірунку, то паказчык Нацыянальнага мастацкага музея - 97 тысяч платных наведвальнікаў (менш за Гомельскі, Гродзенскі, Брэсцкі, абласныя музеі), пры тых плошчах, якія выкарыстоўвае вядучы музей краіны, - проста незразумелы.

Для параўнання: 119 тыс. платных наведвальнікаў прымае Белдзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 131,3 тыс. - Нацыянальны гістарычны музей, больш за 200 тыс. - іншыя нацыянальныя музеі.

Ёсць і другая процілегласць: 141 тыс. чалавек платна наведала Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, дзе пастаянная экспазіцыя пакуль да канца не створана, 195 тыс. - Гомельскі, 113 - Гродзенскі, 101 - Віцебскі абласныя музеі, і толькі 59 тыс., адпаведна, - Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, дзе працуюць сучасныя пастаянныя экспазіцыі ў музеі і філіяле - Музеі этнаграфіі.

Не да канца вырашаным застаецца пытанне стварэння Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.

Перадача звестак музеямі краіны ідзе вельмі марудна. На сённяшні дзень у Дзяржкаталогу зарэгістравана толькі 27 137 апісанняў. Адзначу станоўчую працу ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. Між тым, у 25 музеях Віцебскай, 22 музеях Магілёўскай, 16 музеях Гомельскай, 6 музеях Брэсцкай вобласці ўвогуле не ўсталявана праграмнае забеспячэнне.

Нагадаю, што Міністэрствам неаднаразова накіроўваліся лісты на імя старшынь аблвыканкамаў, але пакуль істотных вынікаў не назіраецца. Між тым, засталося толькі 10 месяцаў на выкананне гэтага Даручэння Урада.

ЗАХАВАННЕ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ

У 2011 годзе за кошт розных крыніц фінансавання рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы праводзіліся на 500 гісторыка-культурных каштоўнасцях. З іх на 20 найбольш знакавых аб'ектах спадчыны выкананне работ ажыццёўлена за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту. (З рэспубліканскага бюджэту выдаткавана 173 млрд. беларускіх рублёў.)

Завершана рэстаўрацыя на палацавым комплексе ў Нясвіжы, адкрыццё якога стане найважнейшай культурнай падзеяй 2012 года.

Упершыню на ўрадавым узроўні прынята Дзяржаўная праграма "Замкі Беларусі" на 2012 - 2018 гады, якая скіравана на захаванне і прыстасаванне да ўмоў сучаснага выкарыстання 38 замкаў Беларусі, у ліку якіх - Стары замак у Гродне, Лідскі, Любчанскі, Навагрудскі, Крэўскі, Гальшанскі, Браслаўскі, Быхаўскі, Глускі замкі, Мінскае замчышча, Тураўскае гарадзішча і іншыя.

У мэтах выяўлення і прадухілення парушэнняў заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны па ініцыятыве Міністэрства культуры з Генеральнай пракуратурай рэспублікі падпісана сумесная пастанова аб узаемадзеянні.

Фактычна ўпершыню ў мінулым годзе на патрэбы захавання спадчыны былі прыцягнуты пазабюджэтныя сродкі. У тым ліку:

- Каложская царква: сабрана каля 6,4 мільярда рублёў (Гродзенскі аблвыканкам);

- Навагрудскі замак: 88,4 мільёна рублёў (51,6 мільёна рублёў - латарэя "Скарбніца", добраахвотныя ахвяраванні);
- Нясвіжскі замак (рэканструкцыя вежы): 634 мільёны рублёў.

Прыватным інвестарам перададзена 6 гістарычных сядзіб.

Па ініцыятыве Міністэрства культуры прынята Канцэпцыя стварэння Цэнтра захавання сусветнай культурнай спадчыны дзяржаў - удзельніц СНД.

У 2012 годзе Міністэрствам запланавана вызначыць на конкурснай аснове лепшы прыклад аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны з'яўляецца вызначальным фактарам развіцця дзяржавы.

Разам з тым, застаецца шэраг праблемных пытанняў, неабходнасць вырашэння якіх прыпадае на бягучы і бліжэйшыя гады. Безумоўным прыярытэтам з'яўляецца падрыхтоўка прапаноў па ўдасканаленні сістэмы аховы гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Застаюцца актуальнымі:

- папаўненне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, у чым асаблівая роля належыць мясцовым органам улады;

- распрацоўка праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, умовам захавання якіх пагражае будаўнічая дзейнасць;

- вырашэнне пытанняў усталявання ахоўных дошак;

- падпісанне ўласнікамі ахоўных абавязацельстваў;

- падрыхтоўка ўліковых дакументаў і рэгіянальных праграм па захаванні і належным выкарыстанні гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Ніякімі прычынамі немагчыма патлумачыць, чаму ўпраўленні культуры з часу прыняцця Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў лістападзе 1992 года так і не забяспечылі безумоўнае выкананне вызначаных заканадаўствам патрабаванняў.

У планах Міністэрства - падрыхтоўка нарматыўных прававых актаў, скіраваных на прадухіленне рабавання археалагічнай спадчыны, вызначэнне методыкі ацэнкі шкоды, нанесенай помнікам археалогіі, спрашчэнне падыходаў па перадачы гісторыка-культурных каштоўнасцей прыватным інвестарам, унясенне прапаноў па наладжванні дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Напрыканцы 2011 года мы павінны былі разгледзець на пасяджэнні Рэспубліканскага Савета па культуры і мастацтве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь пытанне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Упраўленню па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства даручаецца вырашыць усе арганізацыйныя мерапрыемствы для правядзення пасяджэння ў першым паўгоддзі 2012 года.

АДУКАЦЫЯ

Статус вядучай установы ў галіне атрымала Акадэмія мастацтваў, паспяхова прайшла працэдуру акрэдытацыі Акадэмія музыкі, завершана работа па рэарганізацыі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі сферы ў каледжы, вядзецца актыўная работа па наданні дзіцячым школам мастацтваў (ДШМ) статуса юрыдычнай асобы ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі. Колькасць навучэнцаў на пачатак 2011/2012 навучальнага года ў ДШМ павялічылася ў адпаведнасці з паказчыкамі, устаноўленымі праграмай "Культура Беларусі", на 2,2 працэнта і складае 107 тыс. чалавек (у 2010/2011 навучальным годзе - 104 тыс. чалавек).

Ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры пачала дзейнічаць сістэма менеджменту якасці падрыхтоўкі кадраў.

На падставе рашэнняў, прынятых Кіраўніком дзяржавы, актывізавалася работа па арганізацыі стажыровак за межамі краіны работнікаў галіны. Пастановай Савета Міністраў зацверджана Палажэнне аб парадку накіравання навучэнцаў і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры і работнікаў культуры на навучанне (стажыроўку) за межы Рэспублікі Беларусь.
За мінулы год прайшлі стажыроўку ў вядучых творчых установах вышэйшай адукацыі і тэатрах Расіі і Германіі 16 чалавек - прадстаўнікоў таленавітай моладзі.

 На гэтыя мэты выкарыстана каля 120 млн. рублёў са сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэтыя работы ўжо прынеслі свой плён.

Разам з тым, мінулы год паказаў, што гэтую магчымасць скарысталі, у асноўным, установы вышэйшай адукацыі. З 16 чалавек, якія прайшлі замежную стажыроўку, прадстаўнікамі вышэйшых устаноў з'яўляюцца 15, і толькі 1 чалавек - работнік Вялікага тэатра.

Ніводнай заяўкі на атрыманне гранту на арганізацыю замежнай стажыроўкі цягам года не паступіла ад устаноў культуры рэгіянальнага падпарадкавання.

Не знята вострая праблема забеспячэння інтэрнатамі, а таксама - і вучэбнымі аўдыторыямі, асабліва - па спецыяльных дысцыплінах. Важна адзначыць, што недахоп вучэбных аўдыторый абмяжоўвае дадатковыя магчымасці па выкарыстанні педагагічнага патэнцыялу і вопыту нашых устаноў адукацыі, забеспячэнні і развіцці экспартных адукацыйных паслуг.

Застаецца актуальнай праблема абнаўлення, рамонту і рэстаўрацыі музычных інструментаў ва ўстановах адукацыі сферы культуры.

Пэўныя меры прадугледжаны у праграме "Культура Беларусі". Разам з тым, сённяшні дзень патрабуе па-гаспадарчаму ставіцца да гэтай праблемы. Трэба не толькі абнаўляць музычны інструментарый праз набыццё новых мадэлей, але і рабіць пэўныя захады для рамонту і рэстаўрацыі, а такія ўмовы ў нас ёсць.

Інстытут культуры Беларусі, што распачаў сваю дзейнасць, паспяхова прайшоў акрэдытацыю.

Інбелкульту выдадзены спецыяльны дазвол (ліцэнзія) на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці і сертыфікат аб дзяржаўнай акрэдытацыі дзвюх спецыяльнасцей перападрыхтоўкі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Усяго за 2011 год прайшлі павышэнне кваліфікацыі 1400 спецыялістаў (107% да планавага задання). У 2010-м гэты паказчык складаў 105,6%.

Інбелкульт разам з адукацыйнымі функцыямі павінен ажыццяўляць навукова-даследчую, інфармацыйна-аналітычную і арганізацыйна-метадычную работу па вывучэнні, распрацоўцы і прагназаванні развіцця прыярытэтных напрамкаў нацыянальнай культуры і дзяржаўнай культурнай палітыкі.

У сувязі з тым, што ў апошнія гады сістэма павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў сферы культуры аказалася раздробненай, неабходна прапрацаваць:

- пытанне аб стварэнні адзінай агульнарэспубліканскай галіновай сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў сферы культуры;

- дакладную каардынацыю дзейнасці паміж Інбелкультам і абласнымі цэнтрамі павышэння кваліфікацыі;

- стварэнне ў Інбелкульце адзінага галіновага банка даных бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў сферы культуры з забеспячэннем іх штогадовай актуалізацыі.

БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Як сказаў Янка Купала, "...Самы важны і пераломны закон жыцця - гэта людская мова, праз якую чалавек стаў найвышэйшай ад усялякага стварэння пад сонцам".

Беларуская мова з'яўляецца адным з найважнейшых складнікаў айчыннай культуры і адметнага фарміравання яе этнічных рыс.

Адной з асноўных задач Міністэрства культуры з'яўляецца захаванне роднай мовы і стварэнне належных умоў для яе далейшага развіцця і шырокай папулярызацыі.

Прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь і Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 28.01.2010 г. зацверджаны План мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 і наступныя гады.
Гэты падыход закладзены і ў Праграме дзейнасці Урада на 2011 - 2015 гады.

Разам з тым, адзначу: мерапрыемствы Плана не выконваюцца ў поўнай меры ўсімі дзяржаўнымі арганізацыямі, асабліва - на мясцовых узроўнях.

Думаю, што ў справе папулярызацыі беларускай мовы мы павінны выкарыстаць мерапрыемствы, прысвечаныя Году кнігі, сёлетнім юбілеям класікаў: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка.

Зусім лагічна, што нашы ўстановы культуры, асабліва тыя, якія маюць статус "Нацыянальны", павінны паказваць прыклады па папулярызацыі беларускай мовы.

МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

У 2011 годзе значнымі праектамі сталі Дні культуры Беларусі ў Літве, якія з'явіліся найбольш маштабнай беларускай культурнай акцыяй у краінах Еўропы. Адбыліся таксама Дні культуры Беларусі ў Арменіі.

Свой прыкметны след у культурным жыцці Беларусі пакінулі Дні культуры Украіны, Кітая, Тыдзень культуры Ірана.

Актуальным становіцца пытанне пошуку новых ідэй па прэзентацыі беларускай культуры за мяжой і падтрымкі новых форм іх практычнага ўвасаблення.

Прыярытэтным з'яўляецца і развіццё супрацоўніцтва ў сферы культуры ў шматбаковым фармаце.

Мы актыўна развівалі супрацоўніцтва ў рамках СНД і ЕўрАзЭС. Прынялі ўдзел у рабоце XXVI пасяджэння Савета па культуры дзяржаў СНД і VI Форуму навуковай і творчай інтэлігенцыі дзяржаў СНД, якія прайшлі ў Кіеве.

У лістападзе ў Замкавым комплексе "Мір" адбылося трэцяе пасяджэнне Савета па культуры пры Інтэграцыйным Камітэце ЕўрАзЭС.

У маі ў Астане (Казахстан) прайшоў ІІ Фестываль культур народаў ЕўрАзЭС з удзелам беларускіх калектываў мастацкай творчасці.

Эксперты Міністэрства бралі ўдзел у пасяджэнні чацвёртай платформы "Кантакты паміж людзьмі" ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства" ў Бруселі, у канферэнцыі "Усходняе вымярэнне мабільнасці", арганізаванай Еўрапейскай камісіяй.

У 2011 годзе адбыўся 91 выезд кіраўнікоў падпарадкаваных Міністэрству арганізацый і ўстаноў у службовыя камандзіроўкі ў 18 краін свету.

Па выніках камандзіровак падпісана каля 20 дамоў, дасягнуты дамоўленасці аб правядзенні стажыровак беларускіх спецыялістаў за мяжой і майстар-класаў, гастролей беларускіх калектываў.

Аналіз эфектыўнасці камандзіровак будзе разгледжаны на калегіі Міністэрства культуры.

 Кіраўнікам арганізацый культуры трэба звярнуць увагу на адказнае стаўленне да планавання камандзіровак і дасягнення канкрэтных вынікаў з доўгатэрміновым эфектам, падпісанне дамоў, якія забяспечаць эфектыўнае прасоўванне беларускай культуры за мяжой, уключаючы развіццё гастрольна-канцэртнай дзейнасці на камерцыйнай аснове.

У мэтах удасканалення дагаворнай базы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва ў 2011 годзе падпісана міжурадавае пагадненне аб культурным супрацоўніцтве з Італіяй, міжведамасныя пагадненні аб супрацоўніцтве з міністэрствамі культуры Арменіі і Таджыкістана. У стадыі падрыхтоўкі знаходзяцца праекты дакументаў аб супрацоўніцтве з міністэрствамі культуры Кітая, Польшчы, Латвіі, Катара, Сербіі.

Па аб'ектыўных абставінах рэалізацыя міжнародных дагавораў аб культурным супрацоўніцтве адрозніваецца рознай ступенню эфектыўнасці.

З улікам неабходнасці эфектыўнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў, прадугледжаных на развіццё сферы культуры, Міністэрства надалей лічыць прыярытэтнай работу па развіцці і ўмацаванні адносін з краінамі-суседкамі, з традыцыйнымі партнёрамі па культурным супрацоўніцтве, са стратэгічнымі партнёрамі Беларусі.
Нам падаецца прынцыпова важным, каб у вырашэнні пытанняў развіцця міжнароднага культурнага супрацоўніцтва дзейнасць Міністэрства культуры знаходзіла падтрымку з боку мясцовых органаў улады. Мы разлічваем таксама на ініцыятыву і падтрымку з боку Міністэрства замежных спраў і дыпламатычных прадстаўніцтваў нашай краіны за мяжой.

Дазвольце падзякаваць за сумесную працу пасольствам Беларусі ў Расіі, Літве, Польшчы, Вялікабрытаніі, Кітаі, Італіі, Францыі, Сербіі.

ТВОРЧЫЯ ДАСЯГНЕННІ

2011 год адзначаны творчымі вынікамі.

Дзяржаўныя прэміі Беларусі 2010 года ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаны творчаму калектыву на чале з Леанідам Левіным - за мемарыял "Дзецям - ахвярам Вялікай Айчыннай вайны" ў г. п. Чырвоны Бераг Гомельскай вобласці і мастаку Паўлу Татарнікаву - за серыю графічных твораў "Брама мінуўшчыны".

Салістка Вялікага тэатра Кацярына Алейнік заваявала Першую прэмію і залаты медаль на XVIІІ Міжнародным харэаграфічным фестывалі-конкурсе "Танцавальны Алімп" у Берліне.

Беларускі віяланчэліст Іван Карызна ўдастоены Трэцяй прэміі XIV Міжнароднага конкурсу імя П.І. Чайкоўскага.

Уладальніцай Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" стала Алена Ланская.

Беларусь пацвердзіла свой высокі статус і аўтарытэт на Дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне" ў Ерэване (Арменія), дзе наша прадстаўніца Лідзія Заблоцкая заняла ІІІ месца.

Уладальнікамі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" 2011 года стаў аўтарскі калектыў грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" - за цыкл мазаік капліцы ў гонар іконы "Знаменне Прасвятой Багародзіцы" Мемарыяльнага комплексу па ўвекавечанні памяці ахвяр Першай сусветнай вайны на месцы Мінскіх брацкіх могілак 1914 - 1918 гадоў.

Спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2011 года ўручаны Кацярыне Алейнік, салістцы Вялікага тэатра оперы і балета; ансамблю салістаў "Класік-Авангард" Белдзяржфілармоніі; народнаму артысту Беларусі Яўгенію Гладкову, прафесару Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі; "Харэаграфічнаму ансамблю "Зорка" Цэнтра культуры "Віцебск"; калектыву Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; народнай артыстцы Беларусі Бэле Масумян, артыстцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага; мастаку-графіку Генадзю Шутаву.

Званне народных артыстаў Беларусі атрымалі 7 творцаў: Аляксандр Анісімаў, Таццяна Бандарчук, Сяргей Журавель, Віктар Манаеў, Таццяна Мархель, Якаў Навуменка, Аляксандр Яфрэмаў; 15 - званне "заслужаны". Ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны 43 творцы.

У 2011 годзе званне "Заслужаны калектыў" атрымалі Гродзенскі абласны драматычны тэатр і Тэатр кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ ГАЛІНЫ

У сферы эканомікі асноўная ўвага Міністэрства была накіравана на забеспячэнне арганізацый культуры неабходнымі фінансавымі сродкамі на іх утрыманне, правядзенне культурных мерапрыемстваў, кантроль за эфектыўным і мэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, за своечасовай і поўнай выплатай заработнай платы і разлікамі за энерганосьбіты.

Бюджэт з'яўляецца значнай і стабільнай крыніцай фінансавання культуры.
На 2011 год кансалідаваны бюджэт на культуру (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва) складаў 1360,4 млрд. рублёў (0,5 працэнтаў ад ВУП), у 2012 годзе - 2465,3 млрд. рублёў (0,51 працэнтаў ад ВУП).

Пастановай Урада на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады запланаваны сродкі ў суме 1 144,7 млрд. рублёў, у тым ліку на 2012 год - 245,8 млрд. рублёў. З улікам магчымасцей рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў фактычныя выдаткі ў 2011 годзе склалі каля 75,6 млрд. рублёў.

Цягам 2011 года Міністэрствам праводзілася работа па забеспячэнні выканання ў поўным аб'ёме паказчыкаў, якія вызначаны названай праграмай, у тым ліку па павелічэнні дзяржаўнымі арганізацыямі культуры пазабюджэтных (уласных) даходаў. Па выніках працы за 2011 год пазабюджэтныя паступленні дзяржаўных арганізацый сістэмы Міністэрства склалі 300,6 млрд. рублёў, што на 44 працэнты больш у параўнанні з 2010 годам пры плане 5 працэнтаў.

Даходы ад аказання платных паслуг насельніцтву з'яўляюцца асноўным складнікам у пазабюджэтных паступленнях. Паводле папярэдніх даных, у 2011 годзе, у параўнанні з 2010-м, аб'ём платных паслуг культуры ў цэлым па рэспубліцы павялічыўся на 40 працэнтаў (336,5 млрд. рублёў).

Рашэннямі аблвыканкамаў у кожнай вобласці ўстаноўлены нарматыў забяспечанасці бюджэтных выдаткаў на культуру для кожнага раёна і горада, зыходзячы з рэальнага ўзроўню прадугледжаных у мясцовых бюджэтах сродкаў на ўтрыманне сеткі ўстаноў культуры і дэмаграфічнай сітуацыі рэгіёнаў. У 2011 г. выдаткі на культуру ў разліку на аднаго жыхара ў сярэднім па рэспубліцы складаюць 4,7 базавай велічыні, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту - 3,8 базавай велічыні, платных паслуг - 0,9 базавай велічыні.

Удзельная вага пазабюджэтных паступленняў ад аказання паслуг культуры і спонсарскай дапамогі ў агульных даходах на развіццё культуры (з улікам бюджэту) склала ў 2011 годзе 21%. Пры гэтым дадзеныя пазабюджэтныя паступленні (356,3 млрд. рублёў) выраслі, у параўнанні з 2010-м, на 43,4%. Неабходна адзначыць павелічэнне долі спонсарскай дапамогі па пазабюджэтных паступленнях (2010 год - 2,3%, 2011 год - 5,2%).

МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЯ БАЗА

Мінулы год быў складаным у плане забеспячэння фінансавання выконваемых работ. Некалькі разоў праводзілася аптымізацыя планавых асігнаванняў, што не магло не адбіцца на планавасці, рытмічнасці выканання ўсіх відаў работ у цэлым з боку падрадных будаўнічых арганізацый.

У 2011 годзе за кошт фінансавання па артыкуле "капітальны рамонт" праводзіліся работы на 26 аб'ектах, асвоена 22,8 млрд. рублёў. Гэта ўстановы адукацыі, музеі і тэатры краіны.

Аднак гэта толькі частка праблемы. Нямала недахопаў маецца і ў нашай працы. Кіраўнікі арганізацый сферы культуры пры правядзенні будаўнічых і рамонтных работ на сваіх аб'ектах шмат у чым спадзяюцца на ведамаснага заказчыка - Аб'яднаную дырэкцыю аб'ектаў, а самі практычна ўхіліліся ад удзелу ў вырашэнні вытворчых пытанняў.

Шмат нараканняў маецца і да дзейнасці Аб'яднанай дырэкцыі будуючыхся аб'ектаў. У яе працы яшчэ шмат расхлябанасці і бюракратызму. Бракуе планавасці ў падыходах да вырашэння ўсяго пераліку задач. Дырэкцыі даручана перагледзець наяўную штатную структуру і прыйсці да стварэння паўнавартаснай службы заказчыка ў будаўніцтве.

Нездавальняюча працавала ў 2011 годзе "Праектрэстаўрацыя", што выклікала сур'ёзныя нараканні з боку заказчыкаў і падрадчыкаў. У той жа час, паспяховай можна прызнаць працу "Белрэстаўрацыі".
Неабходна спыніцца на ходзе рэалізацыі Праграмы рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання дзяржаўных тэатраў Рэспублікі Беларусь на 2004 - 2013 гады. Прымаючы пад увагу, што тэрмін яе завяршэння - 2013 год, упраўленням культуры Брэсцкага, Гродзенскага аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама неабходна прыняць вычарпальныя меры па рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў. Сёння ж памер запланаваных на іх ажыццяўленне сродкаў выклікае сумневы ў выкананні Праграмы ва ўстаноўленыя тэрміны.

У мінулым годзе была прадоўжана праца па аказанні дапамогі за кошт цэнтралізаваных сродкаў у рамках фестывалю "Майстры мастацтваў - працаўнікам вёскі". Пад час акцыі была закуплена і перададзена сельскім арганізацыям культуры гукаўзмацняльная апаратура на суму 288 млн. рублёў.

Установамі культуры забяспечана выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні на даведзеным узроўні (- 4%). На мерапрыемствы па энергазберажэнні ў нашай галіне выдаткавана 19,5 млрд. рублёў.

Задача на парадку дня - забеспячэнне ў 2012 годзе выканання мэтавых паказчыкаў па энергазберажэнні на ўзроўні (- 3%).

І ЯШЧЭ РАЗ ПРА РЭГІЁНЫ

Прыярытэтам у нашай дзейнасці з'яўляецца культурнае развіццё рэгіёнаў краіны.

Дзякуючы арганізацыйнай дзейнасці Міністэрства, абласных упраўленняў і раённых аддзелаў культуры ў мінулым годзе адбылося звыш 50 разнастайных фестываляў. Дарэчы, у Інбелкульце плануецца стварэнне электроннай карты фестывальнага руху на Беларусі.

Сфарміравалася добрая традыцыя: усе абласныя, многія раённыя цэнтры, малыя гарады Беларусі паспяхова праводзяць шматлікія міжнародныя, рэспубліканскія і рэгіянальныя фестывалі.

Брэст - тэатральны фестываль "Белая вежа", "Студзеньскія музычныя вечары";

Віцебск - "Славянскі базар"; Музычны фестываль імя І.Салярцінскага; Фестываль сучаснай харэаграфіі;

Гомель - "Славянскія тэатральныя сустрэчы", Фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод";

Гродна - Фестываль нацыянальных культур;

Магілёў - "Залаты шлягер", Фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка";

Маладзечна - Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі;

Баранавічы - Фестываль духавой музыкі "Беларускія фанфары";

Клімавічы - "Залатая пчолка";

Бабруйск - Фестываль нацыянальнай драматургіі; Фестываль-пленэр керамістаў "Арт-Жыжаль";

Паставы - Фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік";

цэлая серыя фестываляў, якія ладзяцца Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі ў малых гарадах - гістарычных культурных цэнтрах краіны.

Пералічыць усе фестывалі не хопіць часу. Галоўнае - у іншым: кожны з іх ужо стаў візітоўкай пэўнага горада і рэгіёна, вакол якога фарміруецца асаблівы сацыяльна-культурны і эканамічны клімат. У выніку расце цікавасць да гэтага месца, ствараюцца ўмовы для прыцягнення рознага роду інвестыцый, развіцця турыстычнай інфраструктуры. Фестывалі, як і іншыя культурныя праекты, спрыяюць пашырэнню канцэртна-гастрольнай дзейнасці як прафесійных, так і аматарскіх калектываў, развіццю народных промыслаў і рамёстваў, стварэнню сучасных канцэртных пляцовак, добраўпарадкаванню нашых гарадоў.

Зараз мы думаем аб неабходнасці заснавання Фестывалю фальклору, які "вандраваў" бы па абласных цэнтрах, а потым завяршыўся б у Мінску.

Упершыню ў 2012 годзе ў Гомелі пройдзе Беларускі фестываль аматарскага цыркавога мастацтва.
Адным з вынікаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі стала ўсведамленне таго, што наш тэатральны патэнцыял не абмяжоўваецца выключна сталічнымі тэатральнымі ўстановамі, - абласныя тэатры аказаліся цалкам канкурэнтаздольнымі.

У 2011 годзе ў кожнай вобласці былі адкрыты новыя аб'екты культуры. Сярод іх можна вылучыць Музейны комплекс у г. п. Мір, першую чаргу Палацава-паркавага ансамбля ў Жылічах, Амфітэатр у Маладзечне, Драматычны тэатр у Магілёве, Дзіцячую філармонію ў Мінску, Цэнтр культуры і рамёстваў у в. Каменюкі Брэсцкай вобласці, Гарадскую бібліятэку імя Горкага ў Віцебску, Рагачоўскую школу мастацтваў, Палац культуры ў Гомелі і іншыя.

Мы павінны больш эфектыўна выкарыстоўваць такі механізм кіравання сферай культуры, як пасяджэнні калегіі Міністэрства.

У 2012 годзе мы павінны разгледзець на калегіі пытанні выставачнай дзейнасці ў Нацыянальных гістарычным і мастацкім музеях, стан вучэбнага працэсу і перспектывы развіцця традыцыйнай мастацкай культуры, развіццё вышэйшай прафесійнай адукацыі, эфектыўнасць і ўдасканаленне навуковай дзейнасці сферы культуры.

Перспектывам развіцця ўстаноў культуры г. Мінска, пытанню выканання заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў Гомельскай вобласці будуць прысвечаны асобныя пасяджэнні калегіі.

Асобна хачу звярнуць увагу на выканальніцкую дысцыпліну ў Міністэрстве і рэгіянальных упраўленнях. На жаль, тэрміны, якія вызначаюцца вышэйстаячымі арганізацыямі, вельмі часта не выконваюцца.

Асабліва гэта датычыцца ўпраўлення мастацтваў Міністэрства, упраўленняў культуры Віцебскай вобласці і г. Мінска. Прашу звярнуць на гэта ўвагу начальнікаў упраўленняў.

ЗАДАЧЫ

Зразумела, агучаны не ўсе праблемныя моманты сферы культуры, - акрэслены галоўныя і знакавыя праблемы.

Яшчэ раз засведчу, што нашымі галоўнымі задачамі з'яўляюцца:

- умацаванне ў свядомасці грамадзян нашай краіны гонару за нацыянальную культуру;

- забеспячэнне ўспрыняцця дзяржаўнымі органамі кіравання сферы культуры ў якасці базавага фактара ўмацавання і развіцця беларускай дзяржаўнасці;

- павышэнне якаснага ўзроўню прафесійнага мастацтва;

- захаванне найбагацейшых народных традыцый і фальклору;

- забеспячэнне збалансаванага развіцця культуры як у цэнтры, так і ў рэгіёнах краіны;

- даступнасць паслуг культуры і адукацыі ў сферы культуры;

- ахова гісторыка-культурнай спадчыны і аднаўленне помнікаў даўніны;

- прадстаўленне беларускай культуры за мяжой - наступны, але не апошні прыярытэт.

Шаноўныя калегі!

2011-ы быў годам насычаным, годам новых праектаў і падыходаў, і ўсім дасягненням мы абавязаны кожнаму з вас, высокапрафесійных спецыялістаў сваёй справы: дзеячаў тэатральнага, выяўленчага, музычнага і кінамастацтва, канцэртных арганізацый, супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк, работнікаў дамоў культуры, майстроў народнай творчасці - усіх тых, хто ад усяго сэрца шчыра працуе на карысць сённяшняга і будучага дня Беларусі. Культурны патэнцыял нашага народа - сапраўды невычэрпны.

Дзякуй вам за вашу творчую працу. Як сказаў Уладзімір Караткевіч, "...Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі.

І - у сучасным - працай, часам непасільнай, па асвеце моладзі, па абуджэнні ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі. Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасцей - грамадства здолее ўсё".

Дзякуй за ўвагу.