У Літаратурным музеі Петруся Броўкі працуе выстаўка "Памяць душы маёй", дзе прадстаўлены самаробныя лялькі, выкананыя ў розных тэхніках народнымі майстрамі.
Дырэктар музея Таццяна Высоцкая паведамляе "К", што сярод аўтараў - Таццяна Атрушына, Наталля Сас, Людміла Гурко. Прадстаўлены і работы, выкананыя дзецьмі, што прыкаваны да інваліднага вазка, творчай групай якіх кіруе Галіна Безбародка.
Наогул жа, зазначаюць у музеі, для беларусаў, як і для іншых славян, лялька спаконвеку была не проста цацкай - яна засцерагала ад хвароб, несла ў сям'ю шчасце і дабрабыт. На выстаўцы можна ўбачыць абрадавыя і міфалагічныя лялькі, лялькі-абярэгі. Усе яны выкананы ў традыцыйным стылі. А матэрыялы - самыя розныя: тэкстыль, пластык, кераміка, воўна, пап'е-машэ... Розныя і лёсы вырабаў. Адзінае ж - адмысловая энергетыка, укладзеная майстрамі ў кожную з лялек.
А.С.