Варыянт рашэння -- стаўка на эфект

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Ашмяншчына: як актывізаваць "апякунскую" ўвагу?

/i/content/pi/cult/363/6968/1-3.jpegКультура і інвестар:

грані сацыяльнага ўзаемадзеяння

У кабінеце начальніка аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіны Балінскай - шыльда з надпісам: "Ніколі не заходзьце да шэфа з праблемай, калі не маеце варыянтаў рашэння. Бо вам плацяць за тое, каб вы думалі, а не скардзіліся". "Ну і як, - пытаюся, - не скардзяцца?" "Думаць - навучыліся, - смяецца Галіна Іванаўна, - і варыянтаў рашэнняў хапае. Цяпер вучымся вышукваць сродкі для іх рэалізацыі".

Так, з "думаннем" у аддзеле культуры - ніякіх праблем. Доказам таму - актыўная праектная дзейнасць і сельскіх, і гарадскіх работнікаў сферы. Дастаткова пагартаць леташні рабочы каляндар асноўных культурных падзей раёна (зроблены, дарэчы, па аналогіі з календаром падзей, апублікаваным пазалетась у "К"), каб пераканацца, што крэатывяць на Ашмяншчыне як мае быць і паўтарацца не любяць, бо сёлетні каляндар мінулагодні амаль не дубліруе. Толькі адзін красамоўны факт: у верасні Ашмяны адзначаць Дзень вулічнай музыкі. Прыдумка - начальніка аддзела культуры - аналагаў, па-мойму, у раёнах Беларусі не мае. І выпадак, трэба сказаць, досыць рэдкі, бо капіталаўкладанняў у такое вулічнае свята - аніякіх, а агульнае задавальненне - бязмежнае. Натуральна, іншых, глабальных, мэт без важкіх інвестыцый проста не дасягнуць...

Усё гэта так: праектаў - і рэалізаваных, і нядаўна задуманых - у Ашмянскім раёне хапае. А вось фінансавым "падсілкаваннем" іх на якасна новым узроўні тут пачалі займацца адносна нядаўна. І варыянтаў рашэнняў знайшлі адразу некалькі. Якія ж яны?

У чым "спецыялізацыя"

 апякунскага савета?

Можна шмат разважаць пра тое, ці патрэбны цяпер у раёнах "фандрайзінгавыя" апякунскія саветы. Хтосьці мо і знайшоў ужо дастаткова пераканаўчых аргументаў супраць такога - маўляў, фармальнага - новастварэння. А нехта (сярод іх - і Галіна Балінская) перакананы, што толькі неабыякавыя апекуны і павінны весці рэй у справе планавай і мэтавай дабрачыннасці дзеля далейшага ўдасканалення сацыяльнага партнёрства ў сферы менавіта рэгіянальнай культуры. І абгрунтаванне тут - больш чым рацыянальнае: чым меншая малая радзіма, тым большым патрыятызмам вызначаюцца яе жыхары...

Карацей кажучы, апякунскі савет пры аддзеле культуры Ашмянскага райвыканкама створаны літаральна днямі. Ягоная асноўная мэта - захаванне гісторыка-культурнай спадчыны краю. З нагоды менавіта нефармальнага стаўлення да каштоўнасцей Ашмяншчыны і падбіраліся члены дабрачыннай суполкі. І ўвайшлі ў яе кіраўнікі ўсіх "грашовых" прадпрыемстваў і арганізацый (мясакамбінат, райаграпрамтэхніка, ААТ "Будаўнік", сыраробны завод), старшыні Гальшанскага і Барунскага сельсаветаў - з-за павышанай канцэнтрацыі помнікаў на іх землях... Натуральна, апякунская ўвага, у ідэале, звернута не толькі на стан архітэктурных аб'ектаў. Вельмі хутка старацца ва ўстановах культуры музычная апаратура, "адзенне" сцэны, мэбля, камп'ютарная тэхніка. Ды ці мала яшчэ ў сельскіх і райцэнтраўскіх работнікаў культуры тых "болек", для неадкладнага "лячэння" якіх у мясцовага бюджэту іншым разам проста не стае магчымасцей?

Як павінен працаваць згаданы савет? Галіна Балінская пытанне ставіць кардынальна іншым чынам: " Як павінны працаваць мы, каб даказаць мэтазгоднасць грашовых уліванняў у раённую культуру?" І дадае з калісьці пачутага ад намесніка міністра культуры краіны Тадэуша Стружэцкага: калі зможам давесці, што старанне культработніка не менш важнае, чым лекі для цяжкахворага, тады і здолеем пераканаць ва ўласнай патрэбе больш важкага фінансавання галіны.

Начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама мае сёння ўсе падставы для досыць упэўненага сцвярджэння: "Мы ў справе рэалізацыі творчых праектаў - не апошнія!" Пасля абароны творчых бізнес-планаў ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама Ашмяншчыне на бягучы год выдаткавана больш за 800 мэтавых мільёнаў рублёў на стварэнне музейных экспазіцый, далейшую камп'ютарызацыю бібліятэк і рамонт Кракоўскага СДК. Больш "хуткаплыннымі" становяцца пакрысе і ручаі раённых, дзяржаўных ды прыватных, інвестыцый. А зараз пра гэта - больш падрабязна.

Дабрачынны фонд - для...

Сярод членаў раённага апякунскага савета - і прыватны прадпрымальнік-архітэктар з Мінска Уладзімір Маскалёў. Калісьці браў актыўны ўдзел у рэстаўрацыі аднаго з кляштараў раёна. Сёння гатовы дапамагчы і з адраджэннем мясцовай сінагогі, будынак якой яшчэ нядаўна выконваў складскія функцыі, а цяпер перадаецца на баланс аддзела культуры. Яшчэ адна "гарачая" кропка прыкладання нефармальных сіл неабыякавых апекуноў. І - чарговы красамоўны прыклад самага актыўнага і разнапланавага сацыяльнага партнёрства. З аднаго боку - архітэктарская актыўнасць Уладзіміра Маскалёва. З другога - падтрымка Іудзейскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь. З трэцяга - ініцыятыва Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча, які стаў адным з заснавальнікаў дабрачыннага фонду па прыцягненні грошай з Беларусі і замежжа па аднаўленні колішняй сінагогі, дзе, па словах Галіны Балінскай, можа размясціцца канцэртная зала або карцінная галерэя.

За рэгістрацыю фонду, па словах дырэктара музея Жанны Івановай, заплаціць трэба сто базавых велічынь. Паспець мяркуюць да красавіка. У Жанны Івановай на гэты конт няма ніякіх сумневаў: маўляў, якія могуць быць затрымкі, калі столькі памагатых! Так што, спадзяёмся, у друку з'явяцца ўсе банкаўскія рэквізіты згаданага дабрачыннага фонду.

І ў працяг тэмы і сацыяльнага партнёрства, і брэндавых культурных праектаў. Музей, сінагога (месцяцца яны паблізу адно ад аднаго), колішнія гандлёвыя рады, будучы Цэнтр рамёстваў, якога ў райцэнтры, на жаль, пакуль няма, стануць у перспектыве асновай для стварэння інтэрактыўнай шматграннай дзеі пад назвай "Старадаўнія Ашмяны". Тут можна будзе і сувенір прыдбаць, і нацыянальных страў пакаштаваць, і барочную музыку ад вулічных музыкаў паслухаць... Але гэта перспектыва, скажам, досыць няблізкая. Далей жа - пра планы літаральна заўтрашняга дня.

Трансгранічнае заўтра/i/content/pi/cult/363/6968/1-4.jpeg

І планы гэтыя таксама заснаваны на сацыяльным партнёрстве з польскімі, літоўскімі і латышскімі калегамі. Першы праект тычыцца славутай дугі Струвэ, што праходзіць праз дзесяць краін свету. Яна - адзін з аб'ектаў, што рэпрэзентуе Беларусь у Сусветным спісе UNESCO. У конкурсе, абвешчаным праз Інтэрнэт, бралі ўдзел ледзь не восемдзесят прэтэндэнтаў. У ліку пераможцаў - і Гальшанская сельская бібліятэка. Яе супрацоўніца Лілія Рагінская пры падтрымцы мясцовай улады прапанавала стварыць на базе ўстановы інтэрактыўны Музей геадэзічнай дугі. У аснову экспазіцыі будуць пакладзены самыя сучасныя камп'ютарныя тэхналогіі. Ёсць намер дэталёва прэзентаваць культуру ўсіх дзесяці краін, аб'яднаных дугой Струвэ. Кошт рэалізацыі праекта "Дуга, што аб'ядноўвае народы і культуры"- восем тысяч еўра.

Другі праект датычыцца далейшага развіцця брэндавага рэгіянальнага фестывалю "Гальшанскі замак". Тут Ашмяншчына выступае партнёрам з Літвой. А праект называецца "Два бакі - адна гісторыя і культура". Па словах Галіны Балінскай, у выніку конкурсных спаборніцтваў выйграна магчымасць выкарыстаць пад ажыццяўленне задуманага больш за 60 тысяч еўра. Плануецца, што выдаткаваныя еўрасаюзаўскія сродкі пойдуць на набыццё касцюмаў для гістарычных тэатралізацый, абсталяванне Інфармацыйна-турыстычнага цэнтра на базе Ашмянскага краязнаўчага музея. Цэнтр, дарэчы, паўнацэнна стане выконваць функцыі турыстычнага агенцтва, што адразу - і якасна - пашырыць сферу ўплыву мясцовага аддзела культуры на развіццё турызму ў Гальшанах і раёне наогул.

Менавіта такімі - маштабнымі ды знакавымі - творчымі праектамі, па меркаванні начальніка аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама, і варта прыцягваць да ўсебаковага ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі ды прыватнымі інвестарамі. А прыклады такога ўзаемадзеяння пакрысе множацца. У 2010 годзе, скажам, адно з ашмянскіх прыватных прадпрыемстваў за свой кошт рэканструявала магілу Францішка Багушэвіча і помнік паэту ў Кушлянах. А ў нядаўняй рэстаўрацыі кляштара базыльянаў у Барунах прынялі ўдзел мясцовыя сельсавет, гравійна-сартыравальны завод і эсперыментальная база па вырошчванні бульбы. А краязнаўчы гальшанскі праект "Альфабэт" (пра што "К" пісала зусім нядаўна) з гатоўнасцю спансіравала Нацыянальная камісія па справах UNESCO... Што ні кажы, а гэта - узровень і прыклад супрацоўніцтва для многіх раёнаў.

"Галерэя спонсараў" ад "К"

/i/content/pi/cult/363/6968/1-2.jpegУ рэйтынгу спонсараў, які вядзе для сябе начальнік аддзела культуры, Тамара Філіповіч займае першае месца. Яна - не толькі кіраўнік Ашмянскага мясакамбіната, але і асоба, так бы мовіць, "горада- і раёнаўтваральная" ў частцы пастаянных і мэтавых інвестыцый у сацыякультурнае развіццё. Калі прэзентуе прадукцыю камбіната за мяжой, без творчай падтрымкі аддзела не абыходзіцца. Рэалізацыя "ашмянскіх пачастункаў" ператвараецца ў піяр-акцыю, канчатковая мэта якой - папулярызацыя культуры і гісторыі Ашмяншчыны. Апошняе, па перакананні Тамары Філіповіч, не менш важнае, чым першае. І ў гэтым для дырэктара - аснова бізнес-планавання...

- Тамара Уладзіміраўна, ужо традыцыйнае для ўсіх спонсараў пытанне ад "К": якая вам бачыцца выгада ад укладання грошай у культуру, у "сацыялку"?

- Ды вы самі, безумоўна, ведаеце адказ. Матэрыяльнай выгады - аніякай. Ці ж можна вымераць фарміраванне асобы, скажам, рублямі? Але ж, з пункта гледжання рэкламавання нашага прадпрыемства, выгада - надзвычай істотная: мы выдаткоўваем грошы на ўдасканаленне, да прыкладу, музейнай экспазіцыі, і кожны наведвальнік бачыць культурна-гістарычныя набыткі Ашмяншчыны, а таксама і ўклад нашага прадпрыемства ў прапаганду гэтых набыткаў.

/i/content/pi/cult/363/6968/1-1.jpeg- Інакш кажучы, такі сацыяльны ўплыў на развіццё мясцовай культуры  - заканамерны і непазбежны крок любога сённяшняга піяр-менеджменту?

- Лічу, што так. Толькі я замяніла б слова "піяр" на слова "патрыятызм". У нас з'явілася патрэба падтрымліваць адукацыю, культуру, ахову здароўя. Урэшце, а хто ім дапаможа, як не мы? А піяр тут - справа другарадная. Хаця ім, як і кашу маслам, агульную справу не сапсуеш...

- Сённяшняе заканадаўства эфектыўна спрыяе спонсарству. Падаткі для інвестараў у культуру сапраўды зніжаюцца?

- Паверце, мне пра гэта нецікава размаўляць. Цікава - пра тое, што многія мае калегі ў вобласці пайшлі па шляху пашырэння, калі жадаеце, культурнага, гістарычнага кругагляду людзей. Да прыкладу, Навагрудскі малочны камбінат, які спансіруе самыя розныя творчыя праекты...

- Інакш кажучы, любы кіраўнік павінен сёння...

- ...Дбаць пра эканоміку, велічыню і своечасовасць выплаты заробкаў, запатрабаванасць прадукцыі, своечасовае тэхнічнае пераўзбраенне... І не менш важны складнік - клопат пра духоўнасць рабочых, іх дзяцей. Калі дзеці вучацца добра, дык чаму не даць накіраванне для іх далейшага навучання? Адсюль - і аўтарытэт бацькоў. Дапамагаем дзецям, у тым ліку хворым, з усёй рэспублікі: са Смаргоні, з Астраўца... І нашы людзі нармальна рэагуюць, калі сумы з прыбыткаў ідуць на адрасную дабрачыннасць. Кожнае такое пытанне разглядаецца на назіральным савеце. Да прыкладу, музычнай школе мы набылі апаратуру, сцэнічныя касцюмы - ніхто не быў супраць, усе разумеюць: тыя грошы працуюць на нашу будучыню. І калі паступаюць такія просьбы, адмовіць проста не магу.

- Якія акцыі запланавалі на бягучы год?

- Аднаўленне сядзібы колішняга ашмянскага прамыслоўцы Лейбы Стругача - заснавальніка дражджавога завода. Сядзіба знаходзіцца ў вёсцы Панавілішкі ў пойме рэчкі Ашмянка, знешнім выглядам нагадвае палац у Жамыслаўлі. Яе перадаюць на наш баланс. Збіраемся рэканструяваць будынак пад базу адпачынку ці спартыўна-турыстычны цэнтр. Ёсць намер стварыць тут невялічкі музей. У вільнюскім архіве знойдзем дадатковыя звесткі пра Лейбу Стругача...

- Тамара Уладзіміраўна, вы - аўтар дзвюх кніг пра гісторыю і сучаснасць Ашмянскага раёна: "Падарожжа па ашмянскім краі" ды "Час і людзі". Кожная аздоблена фотаздымкамі вашага ж аўтарства...

- Робіцца ўсё гэта для душы і ад душы. Прыемна, што і нашы прыватныя прадпрымальнікі, іншым разам без аніякага піяру, не зацыкліваюцца на атрыманні даходаў, а таксама пачынаюць займацца дабрачыннасцю, вучацца сябе паважаць...


Хто ж з'явіўся ў Барунах?

/i/content/pi/cult/363/6968/1-5.jpegФермер Іван Кунюта лічыць, што ў Барунах нясе адказнасць і за ўласную сельгасвытворчасць, і за стан культуры ў вёсцы. Таму найпершымі сацыяльнымі партнёрамі фермер абраў для сябе старшыню мясцовага сельсавета Галіну Ігнатовіч, дырэктара Барунскага цэнтра культуры і вольнага часу Алесю Астаневіч і мастацкага кіраўніка ўстановы Алену Альшук, старшыню СВК Сяргея Мядзведкаса... Далей - пра канкрэтную выніковасць іх узаемадзеяння.

- Мне яшчэ ў Ашмянах шмат пра вас, Іван Іванавіч, згадвалі. У прыватнасці, казалі пра тое, што збіраецеся будынак колішняга базыльянскага кляштара выкупіць, што адраджаеце сядзібу пісьменніка і філамата Антонія Эдварда Адынца. Усё так?

- Вам не схлусілі. Планы - больш чым маштабныя.

- І якую звышзадачу пры гэтым ставіце?

- Хачу пакінуць пасля сябе добрую памяць не толькі неблагімі ўраджаямі, але і ашчадным стаўленнем да гісторыі, культуры. У гэтым, на мой погляд, - рухаючая сіла любога спонсарства і мецэнацтва.

- Вы ледзьве не аўтар складання плана творчай работы мясцовага Цэнтра культуры. Якія праекты клубнікаў спансіравалі?

- Купальскае свята. Яно ладзілася на маім штучным вадаёме, побач з ручаём Тараканка, дзе ўжо створана пэўная турыстычная інфраструктура - гасцявыя дамкі, да прыкладу. Як фермер маю ліцэнзію на рознічны гандаль. І каб бізнес набыў большы маштаб, звярнуўся па дапамогу да нашых работнікаў культуры. Яны і забяспечылі інфармацыйную падтрымку. На Купалле сабраліся тысячы людзей. Ці ж можна прыдумаць лепшую рэкламу? Цяпер рыхтуемся да Масленкі. Паставіць слуп, зварыць юшку, насмажыць мяса - невялікая праблема. Планую прапанаваць наведвальнікам і пракат спартыўнага інвентару. Я ж па адной са сваіх прафесій - інструктар па спорце... А ў чарговым Купаллі (прыадкрыю толькі адзін з сакрэтаў) будуць браць удзел і русалкі...

- Тут жа, побач з вадасховішчам, месцілася, наколькі ведаю, і сядзіба Адынца. З якімі мэтамі яе адраджаеце?

- Усе магчымыя музейныя архівы пералапаціў. Натуральна, гэта не будзе стопрацэнтная рэканструкцыя, але ў новым будынку пастараюся ўзнавіць дух таго часу, Мяркую, што тут з'явіцца не толькі гатэль. Хопіць месца і для кухні, якая прапануе наведвальнікам нашы мясцовыя стравы. Можа, з'явіцца і карцінная галерэя, а мо - музычны салон.

- Ці шмат праблем даводзіцца пры гэтым вырашаць?

- Цяпер турбуе, бадай, адзіная праблема: ад трасы да вадаёма - кіламетр адлегласці, добраўпарадкаванай дарогі проста няма. А яна патрэбна не толькі мне.

- І ў чым бачыцца выйсце?

- Пабудую дарогу гаспадарчым спосабам. Ёсць папярэдняя дамоўленасць з кіраўнікамі сельгастэхнікі, гравійна-сартыравальнага завода. Тэхніку палівам запраўлю, заробак будаўнікам выплачу.

- Карацей, з сацыяльным партнёрствам вы даўно на справе знаёмы. Метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны райметадцэнтра Аляксандр Жылік распавёў пра тое, што ў кансервацыі базыльянскага кляштара з гатоўнасцю ўзялі ўдзел мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы. Што збіраецеся зрабіць з помнікам рэспубліканскага значэння, пасля таго, як яго выкупіце?

- Задумка, скажам, - далёка не сённяшняга дня рэалізацыі. Думаю, што ў гэтым будынку праз час з'явіцца нешта аналагічнае яшчэ аднаму Цэнтру культуры. Баруны - вёска немалая: 600 чалавек, у школе - 200 вучняў. Хто ж мне забароніць зрабіць іх адпачынак больш разнастайным ды цікавым? А намеры наконт кляштара такія. Ён месціцца за нашым касцёлам, побач з бойкай трасай. Значыць, стаўку варта зрабіць і на турыстаў. Чаму б першы паверх, дзе жылі манахі, не ўзнавіць у першапачатковым выглядзе? Сапраўдныя келлі, думаю, не пакінуць наведвальнікаў абыякавымі. У што ператворацца астатнія пакоі, пакажа час...

Гаворка з фермерам Кунютам стала нагодай для далейшых разваг пра тыпы ўстаноў культуры заўтрашняга дня. Начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская пераканана, што перспектыва тут - за "саюзам" клубнікаў і прыватнікаў. Маўляў, як у барунскім выпадку. Так, мясцовы Цэнтр культуры - установа новага тыпу: у будынку рэканструяванага дзіцячага садка месцяцца і Дом культуры, і бібліятэка, і філіял ДШМ. Здавалася б, чаго яшчэ жадаць? Аднак для рэалізацыі сапраўды цікавых акцый і праектаў не пашкодзяць і філіялы ЦК у кляштары, на адноўленай сядзібе Адынца. Дзяўчаты ў барунскай установе культуры энергічныя, амбіцыйныя - іх павелічэннем рабочых месцаў не напалохаеш.


наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Ашмянскі раён - Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"