Форма свяцільніка значэння не мае!

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

У пошуках персанальнага гарышча

/i/content/pi/cult/363/6963/1-1.jpg

У галерэі "Акадэмія" Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў завяршылася выстаўка "Лесвіца на гарышча"  - сумесны праект двух сучасных мінскіх творцаў: Віктара Зайцава, што прадставіў свае жывапісныя работы за апошнія дзесяць гадоў, і Аляксандра Балдакова, аўтарству якога належаць усе змешчаныя ў экспазіцыі аб'екты і інсталяцыі.
На першы погляд, падаецца незвычайным менавіта тое, што экспаненты як бы памяняліся месцамі: Віктар, архітэктар па адукацыі і прызванні, працуе з маляўнічай плоскасцю, а Аляксандр, мастак і сёлетні выпускнік Акадэміі мастацтваў, - з прасторай. Але мы жывём у ХХІ стагоддзі і ведаем: творчасць - сінтэтычная рэч, што можа праяўляцца ў якіх заўгодна галінах, ці нават на іх межах. Калі сапраўднае мастацтва - гэта разнавіднасць святла, то, перафразуючы Жана Както, форма свяцільніка не мае асаблівага значэння. Важныя інтэнсіўнасць і яркасць асвятлення - вартасці, што, безумоўна, прысутнічаюць у творах абодвух аўтараў.

Наведвальнік выстаўкі знойдзе шэраг метафарычных лесвічных прыступак - вобразаў, эмоцый ці гісторый, якія вядуць "прэч ад гэтага свету" - угору, - за межы звыклай рэальнасці. Бо "...Гарышча" Віктара і Аляксандра - захапляльная і непрадказальная прастора ля самага даху, пра існаванне якой не здагадваешся, знаходзячыся на ўзроўні зямлі. У візуальна-прасторавай канструкцыі, выбудаванай імі ў белым галерэйным кубе, сапраўды прысутнічае шмат чаго лесвічнага: сістэмнасць, структурнасць, складзенасць з суразмерных модуляў-твораў-пралётаў. Мастакоў аб'ядноўвае просты - прамавугольны - фармат арт-аб'ектаў, іх рытм - сугучны рытму сэрца, змене дня і ночы, крокам па прыступках, якія заціхаюць недзе наверсе...

Імпануе тое, што творы Віктара і Аляксандра, з аднаго боку, не капіруюць (ці не імкнуцца капіраваць) рэчаіснасць, а з іншага - не павучаюць, ні да чаго не заклікаюць, нічога не навязваюць - словам, не эксплуатуюць модныя ідэі і кантэксты.

Выстаўленыя работы, насамрэч, вельмі розныя: творы Віктара - непасрэдныя, эмацыйныя, насычаныя колерам; Аляксандра - наадварот, нават мінімалістычныя паводле ўжытых выяўленчых сродкаў, але, у той жа час, канцэнтраваныя, ёмістыя. Аднак, акрамя відавочных змястоўных сугуччаў і агульных модульнасці/рытмічнасці, ёсць яшчэ нешта, што іх аб'ядноўвае: гэта свабода для асабістай інтэрпрэтацыі, якую творцы пакідаюць нам, гледачам.

Павел ВАЙНІЦКІ, куратар выстаўкі