Мініяцюрны рукапіс сярод фаліянтаў

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Арыгінальнае выданне “Навучальнае Евангелле”, надрукаванае ў 1569 годзе ў Заблудаве Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам, сёння з’яўляецца адным з найкаштоўнейшых скарбаў кніжнай культуры нашай краіны, таксама, як і шмат іншых узораў выдавецкай справы, што беражліва захоўваюцца ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

/i/content/pi/cult/363/6960/1-3.jpegНазваны фаліянт можна паспець пабачыць сёння і заўтра ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў рамках выстаўкі "Шэдэўры кніжнага мастацтва". Аснову праекта склалі часткі збораў старадрукаваных і рукапісных кніг з фондаў Гомельскага і Веткаўскага музеяў, што налічваюць цяпер каля 800 помнікаў XVI - пачатку XX ст. Самы ж старажытны манускрыпт, прадстаўлены на выстаўцы, як паведамляла раней "К", - Евангелле-тэтр 1-й паловы XVI ст. Выдатным узорам мастацтва з'яўляецца таксама і мініяцюрны рукапіс "Святы" XVII ст.

Сярод найбольш рэдкіх старадрукаваных выданняў XVI - пачатку XVII ст. - кнігі першых усходнеславянскіх майстроў: Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды, Анісіма Радзішэўскага, выданні Віленскай друкарні... XVIII стагоддзе шырока прадстаўлена кнігамі беларускіх друкарняў: Супрасля, Гродна, Вільні, Магілёва.

Варта нагадаць, у цэлым з XVI па XVIII стст. большасць усходнеславянскіх друкарняў дзейнічала на тэрыторыі Беларусі, што сведчыць пра багацце яе кніжнай культуры.