Вымярэнні дак-кіно

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Новыя стужкі “Беларускага відэацэнтра”: гісторыя з загадкамі і без іх. Частка І

/i/content/pi/cult/363/6958/2-2.jpegБадай, ніхто з шараговых гледачоў не задумваецца над тым фактам, што сучасны дакументальны экран, у тым ліку беларускі, у значнай ступені скіраваны ў мінулае. Так, гістарычная тэматыка карыстаецца вялікім попытам не толькі ў так званых мэтавых аўдыторый - навучэнцаў і вузкіх спецыялістаў, - але і ў самых шырокіх колах гледачоў, раней "у сімпатыі" да гістарычнага жанру не заўважаных. Упэўніцца ў тым вельмі лёгка: дастаткова разгарнуць тэлевізійную праграму любога айчыннага канала - перадачы, прысвечаныя "загадкам гісторыі", займаюць у ёй пачэснае месца. Сярод вытворцаў гістарычнай дакументалістыкі ёсць свае "лідары" і свае "аўтсайдары". Мінулым летам "К" пісала пра станоўчы прыклад стварэння тэлевізійнага цыкла, прысвечанага "белым плямам" айчыннай гісторыі - "Адваротны адлік", што выходзіць на канале "АНТ" "Майстэрняй Уладзіміра Бокуна". Гэтым разам прапануем звярнуць увагу на некаторыя новыя стужкі "Беларускага відэацэнтра", прысвечаныя знакавым з'явам, падзеям і постацям айчыннай гісторыі. Выпушчаныя ў свет напрыканцы 2011-га, гэтыя фільмы аб'яднаны імкненнем іх аўтараў зрабіць сваё кіно непадобным на шараговую прадукцыю, якую звычайна прапануюць тэлеканалы.

Эксперымент

па "ажыўленні" класіка

Каб быць паспяховай, сучасная дакументальная гістарычная карціна павінна адпавядаць як мінімум тром крытэрыям. Па-першае, быць змястоўнай, прапаноўваць выключна праўдзівую інфармацыю і гістарычныя дакументы, па-другое - прывабнай, цікавай і зразумелай для сучаснага гледача, "разбэшчанага" сучасным тэлевізійным прадуктам, і па-трэцяе - мець пэўную мастацкую вартасць, бо менавіта апошняе і адрознівае твор кінамастацтва ад звычайнага журналісцкага даследавання.

"Белвідэацэнтр" традыцыйна надае гістарычнай тэматыцы асаблівую ўвагу. Гэтая ўстанова за два дзесяцігоддзі сваёй дзейнасці адзначылася шэрагам стужак пра знакавыя постаці і яскравыя падзеі айчыннай гісторыі ды культуры. У сваіх новых карцінах аўтары БВЦ звяртаюцца да тэм і асоб, якія неаднойчы з'яўляліся на экране, але кінематаграфічная інтэрпрэтацыя іхніх лёсаў і па сёння пакідае жадаць лепшага. Чаму ж? Паспрабуем разабрацца.

120-годдзе з дня нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры Максіма Багдановіча стала адной з прыкметных культурных падзей мінулага года. Стужка "Максім Багдановіч. Зорны шлях" - чарговая спроба прадставіць на экране постаць аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры.

Стваральнікі біяграфій традыцыйна сутыкаюцца з праблемай недахопу экраннага часу. Звычайна з гэтай прычыны ў фільм трапляюць толькі найбольш значныя моманты жыцця герояў, а пра астатнія аўтары вымушаны выказвацца вельмі сцісла або наогул абмінаць. З асобай Максіма Багдановіча, біяграфія якога вядомая, бадай, кожнаму беларусу, у гэтым плане куды цяжэй: знайсці нешта новае, зусім не вядомае гледачу, у яго жыцці і творчасці сёння не так проста. Сцэнарыст Аляксандр Чарнушэвіч і рэжысёр Андрэй Леўчык скарысталіся сваім правам на інтэрпрэтацыю і паспрабавалі ператварыць біяграфічны нарыс у паэтычнае, насычанае вобразамі аўтарскае выказванне.

Іх стужка - цікавая спроба прадоўжыць рамантычную трактоўку вобраза Максіма Багдановіча менавіта як нацыянальнага Песняра. 26-хвілінная карціна амаль цалкам пабудавана на яркіх візуальных метафарах, вельмі дарэчных у дачыненні да асобы паэта. Падзеі стогадовай даўніны і наш час аб'яднаны ў стужцы постаццю самога Багдановіча, каго ўвасабляе акцёр Арцём Курань. Адначасова ён іграе ролю юнака, які разам з равеснікамі прыходзіць да помніка Максіму Багдановічу ў Мінску і чытае яго вершы ля п'едэстала. Біяграфічную лінію ў стужцы вядзе віртуальны дыялог паміж самім Багдановічам і яго бацькам Адамам Ягоравічам (акцёр Міхаіл Шырубека), што, паводле смелай задумы аўтараў, адбываецца ў наш час. Багдановіч-старэйшы і Багдановіч-малодшы ўспамінаюць падзеі сваіх лёсаў, паралельна выкладаючы гледачу ключавыя факты з біяграфіі паэта. Пры гэтым стваральнікі стужкі падзялілі яе на некалькі раздзелаў, згодна, зноў-такі, з самымі важнымі этапамі творчага шляху пісьменніка.

У выніку атрымаўся цікавы для беларускай дакументалістыкі сімбіёз паэтычнага і хранікальна-біяграфічнага кіно, насычаны цікавымі візуальнымі вобразамі і дакументамі фільм. Аўтары паспрабавалі давесці гледачу актуальнасць твораў Максіма Багдановіча, эмацыйна "прывязаць" іх да нашага часу. Дзякуючы вобразу, створанаму Арцёмам Куранем, Багдановіч паўстае перад намі не ў выглядзе бронзавага "класіка", а - няўрымслівым юнаком, рамантыкам. Арцём Курань, дарэчы, знешне не надта падобны на паэта з фотаздымкаў, але што да падабенства створанага ім вобраза, унутранага, эмацыйнага - стопрацэнтнае супадзенне.

Паказаная ў стужцы драма Багдановічаў - у сутыкненні светапоглядаў рамантыка-сына, які ўзнёсла верыць у ідэі нацыянальнага адраджэння, і расчараванага прагматыка-бацькі. Розніца іх падкрэсліваецца мовай персанажаў: калі сын гаворыць па-беларуску, то бацька - па-руску...

Яшчэ адным трапным вобразам становіцца збіральны партрэт беларускага народа, што дэманструецца праз рэверсіўную падачу кінахронікі, прычым яе візуальны рад таксама падаецца ў адваротным кірунку, дзякуючы чаму на свет з'яўляецца трапная метафара, якая стварае вельмі моцнае ўражанне. Удалым у стужцы Аляксандра Чарнушэвіча і Андрэя Леўчыка з'яўляецца і закадравае чытанне вершаў Максіма Багдановіча: хрэстаматыйныя творы ў пазбаўленым пафасных інтанацый варыянце выканання Аляксандра Падабеда гучаць вельмі актуальна, успрымаюцца як творы сучасніка.

Створаная ў паэтычна-рамантычным рэчышчы стужка "Максім Багдановіч. Зорны шлях" вылучаецца пэўнай эклектыкай, некаторыя рашэнні, прапанаваныя яе аўтарамі, успрымаюцца на ўзроўні штампаў кінадакументалістыкі, але эксперымент па "ажыўленні класіка" ў дадзеным выпадку можна лічыць удалым, бо галоўная мэта такіх фільмаў - абудзіць ці аднавіць цікавасць гледача да творчасці вядомых са школьнай праграмы пісьменнікаў.

(Працяг будзе.)

На здымку: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Падабед агучыў вершы класіка ў фільме "Максім Багдановіч.

Зорны шлях".