Марлен? Лаура? Святлана!

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

26 студзеня юбілейны дзень нараджэння адзначыла народная артыстка Беларусі Святлана Акружная. Для паказу ў святочны вечар артыстка выбрала спектакль “Бацька” Аўгуста Стрындберга, пастаўлены заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталём Баркоўскім. І п’еса была ўключана ў рэпертуар Коласаўскага тэатра па яе прапанове.

/i/content/pi/cult/363/6957/2-1.jpegБольш за тое: Святлана Арцёмаўна разам з Саламонам Казіміроўскім (галоўны рэжысёр Тэатра імя Якуба Коласа ў 1967 - 1976 гадах), які на той час жыў у Стакгольме, правяла вялікую папярэднюю работу. У шведскай сталіцы праходзіць штогадовы паказ спектакляў паводле п'ес Стрындберга. Менавіта з надзеяй трапіць на прэстыжны Міжнародны фестываль ствараўся гэты спектакль. Спадзяёмся, тое яшчэ наперадзе. А пакуль за ўвасабленне вобраза Лауры ў пастаноўцы "Бацька" Святлана Акружная атрымала дыплом і прыз "За лепшую жаночую ролю" на Міжнародным фестывалі "Белая вежа" ў Брэсце. Спектакль з поспехам прайшоў на Міжнародным тэатральным фестывалі ў турэцкім Трабзоне.

Віцебскія гледачы сабраліся на святочны вечар, каб яшчэ раз засведчыць сваю любоў да таленавітай актрысы, гераічнай маці (Акружная ўзнагароджана прэміяй "За мацярынскую мужнасць" імя З.Тусналобавай-Марчанка), актыўнага грамадскага дзеяча.

Віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зачытаў першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі. Затым ён уручыў артыстцы Падзяку Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча за шматгадовае самаадданае служэнне беларускаму тэатру.

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын", намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская падзякавала Святлане Акружной за актыўнае садзейнічанне арганізацыі, якая 20 студзеня адзначыла 20-годдзе з дня заснавання, і ўручыла артыстцы падзяку губернатара, а таксама грамату ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. Начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок выйшла на сцэну з найвышэйшай гарадской узнагародай - граматай Віцебскага гарвыканкама. Генеральны сакратар грамадскага аб'яднання Таварыства Чырвонага Крыжа Віктар Калбанаў гэтым вечарам адмыслова прыехаў у Віцебск, каб уручыць Святлане Акружной найвышэйшую ўзнагароду сваёй арганізацыі - нагрудны знак "За служэнне міласэрнасці".

Віншавалі Святлану Арцёмаўну і ўдзячныя гледачы - прыхільнікі яе таленту. А самыя шчырыя словы ўдзячнасці народная артыстка Беларусі пачула гэтымі днямі ад простых жанчын - салдацкіх маці. Віншаванні на адрас юбіляркі даслалі члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (з 2000 па 2008 год Святлана Акружная таксама была сенатарам), старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова, прадстаўнікі Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў. Вельмі цёплыя словы пачула актрыса ад калег на чале са старшынёй Віцебскай арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, заслужанай артысткай краіны Таццянай Ліхачовай...

А тэатральная дзея пачыналася з жартоўнага акцёрскага нумара, для падрыхтоўкі якога артысты Галіна Букаціна і Юрась Цвірка скарысталі ўрыўкі з п'есы Дзмітрыя Мінчонка "Марлен... Марлен...". П'еса напісана пра Марлен Дзітрых, а прысвечана - народнай артыстцы Беларусі Святлане Акружной. Спектакль паставіў знакаміты беларускі рэжысёр Мікалай Пінігін. Цягам усёй віншавальнай часткі вечара гучала цудоўная музыка з "Марлен... Марлен...". І калі Святлана Акружная звярнулася да гледача ў фінале, кожны прыгадаў яе зорныя ролі, а яна, актрыса ад Бога, падзякавала за тое, што мае гонар усё сваё жыццё займацца любімай справай...

Дарэчы, напярэдадні юбілею артысткі Віцебская абласная бібліятэка імя У.Леніна зрабіла Святлане Акружной свой падарунак - біябібліяграфічны даведнік і шэсць дыскаў з фотаздымкамі юбіляркі. Прэзентацыя даведніка адбылася ў абласной бібліятэцы 12 студзеня (трэба зазначыць, што пра жыццё і творчасць знакамітай народнай артысткі выйшла больш за сто публікацый у перыядычных выданнях). Прадмовы да яго напісаны драматургам Аляксеем Дударавым і рэжысёрам Рыдам Таліпавым. У 2003 годзе была выдадзена кніга "Жыццё пражыць - і толькі б сэрца не разбілася". Цяпер жа Святлана Акружная збірае матэрыялы для новага аўтабіяграфічнага выдання. І - рыхтуецца да бенефісу, які запланаваны на кастрычнік бягучага года. Будзем чакаць!..

Святлана ДАШКЕВІЧ, кіраўнік літаратурнай часткі НАДТ імя Якуба Коласа

Фота Юрыя ІВАНОВА