Іспанія па-магілёўску

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Сімфанічным аўтарскім канцэртам у Магілёўскім абласным палацы культуры адзначыў 45-годдзе творчай дзейнасці вядомы кампазітар Уладзімір Браілоўскі.

/i/content/pi/cult/363/6955/1-3.jpegЯго творы гучалі ў выкананні сімфанічнага аркестра і хору Магілёўскай гарадской капэлы на чале з Сяргеем Лішчанкам, да якіх далучаліся салісты. А з уступным словам пра юбіляра прыехаў выступіць народны артыст СССР і Беларусі, старшыня Саюза кампазітараў краіны Ігар Лучанок. З шчырай прыязнасцю і захапленнем публіка прымала кожны нумар: і песні, прысвечаныя Магілёву, якія абрамлялі вечарыну, і сур'ёзныя акадэмічныя партытуры розных гадоў.

Удала складзеная праграма чарговы раз падкрэсліла не толькі багатую меладыйную адоранасць Браілоўскага, але і яго высокі кампазітарскі прафесіяналізм. Почырк майстра адчуваўся ў пабудове фактуры, развіцці і цэласнасці музычнай тканіны, асабліва ярка - у аркестроўцы. Традыцыйна аддаючы перавагу струнным, з усёй разнастайнасцю іх штрыхавой тэхнікі, ён удала збірае духавыя то ў харальныя гронкі-суквецці, то ў повязі сольных гуканняў-перазоваў - і "запраўляе" музычную "страву" ўдарнымі, не сапсаваўшы смак ніводнага са складнікаў. Няма "рарытэтных" кастаньет? Пры ўмелым раскладзе іх заменіць каробачка, чалесту - "званочкавае" гучанне раяля. Дый звычайны трохвугольнік, калі не "лупцаваць" яго штотакт, можа стаць "сапраўдным чараўніцтвам".

Дарэчы, паводле сваёй першай спецыяльнасці Уладзімір Браілоўскі - валтарніст. У гады навучання ў Маскоўскай кансерваторыі ён паспеў пайграць на гэтым інструменце ў некалькіх вядучых калектывах Масквы. А прыехаўшы ў Магілёў, у 1980-я стаў першым выканаўцам свайго Канцэрта для валторны з аркестрам. Сапраўднай знаходкай для горада можа лічыцца і цяперашні саліст гэтага твора - нядаўні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Айгр Максіс, які адначасова працуе ў некалькіх калектывах Магілёва.

Нечаканым для многіх было ўключэнне ў аўтарскую вечарыну "чужога" твора - кантаты "Хвала табе, Госпадзі!" Аліны Безенсон. Юбіляр зрабіў аркестравую рэдакцыю гэтай колішняй дыпломнай працы, прызначанай у арыгінале для хору, аргана і ўдарных.

Ды ўсё ж галоўным адкрыццём вечарыны сталася "Іспанская сюіта", напісаная Браілоўскім на аснове яго музыкі да тамтэйшага драмспектакля, што даволі хутка сышоў са сцэны. Апошнія нотныя лісты новага твора музыканты атрымалі літаральна за некалькі гадзін да канцэрта. Але за пульт устаў сам аўтар - і выкананне забурліла паўднёвым запалам. Гэты твор - адзін з найлепшых "партрэтаў" іспанскай музыкі, і не толькі ў Беларусі. Напісаны з харызмай баскаў, славянскай шчодрасцю, дасціпным беларускім гумарам і элементамі пародыі на штампы ўвасаблення "іспанскага духу", ён мог бы ўпрыгожыць любы канцэрт, у тым ліку ў замежжы. Невыпадкова мастацкі кіраўнік капэлы "Санорус" Аляксей Шут падзяліўся ідэяй правесці вечар Уладзіміра Браілоўскага ў Мінску.

Фота Алега ФАЙНІЦКАГА

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"