Дылема анімацыі, або Як злавіць Рыбку і памяняць нельга на Князя?

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Утопіі і рэаліі буйнога гістарычнага мультыплікацыйнага праекта

/i/content/pi/cult/363/6952/1-3.jpgУ "К" неаднаразова выходзілі матэрыялы, прысвечаныя праблемам развіцця айчыннага кінематографа, і пытанне пра з'яўленне вялікай гістарычнай стужкі на нашым вялікім экране абмяркоўвалася неаднойчы. Гэтым жа разам мы паспрабуем разгледзець дадзеную праблему пад трошкі іншым вуглом: калі Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" пакуль не валодае тэхнічнымі магутнасцямі і кадравым патэнцыялам для таго, каб стварыць маштабнае гістарычнае палатно ў фармаце ігравога кіно, ці пагадзіліся б узяцца за падобны праект рэжысёры-аніматары? Наогул, ці маем шанцы займець сваё сучаснае нацыянальнае кіно ў той жа анімацыйнай версіі? Якім яно можа быць? З якім героем? Ды ці магчымае яго стварэнне ўвогуле? Кіруючыся гэтымі разважаннямі, карэспандэнт "К" правёў невялікае даследаванне: меркаванне - справа добрая, але веданне - яшчэ лепшая.

Чаму аніматары?

Студыя анімацыйных фільмаў кінастудыі "Беларусьфільм" цягам ужо многіх гадоў, нягледзячы на ўсе эканамічныя "але", з'яўляецца адной з творча плённых вытворчасцей. Казаць пра эканамічныя паказчыкі прыбытку, можа, і нельга, але ў творчым плане...

- Напэўна, сёння і падлічыць цяжка, колькі прызоў ці ўзнагарод мы атрымалі за гэтыя гады, - кажа Аляксандр Ленкін.

Гэта падводзіць да высновы, што беларускія аніматары, у адрозненне ад той жа студыі ігравога кіно, год за годам пацвярджаюць свой узровень, фарміруючы паняцце школы. А значыць - той самы буйны анімацыйны праект ёсць каму рабіць. Ды і атрымаць на яго сродкі здаецца справай не такой немагчымай... Але, як высветлілася, гэта - толькі на першы погляд.

Рэаліі

- Ваша пытанне наконт поўнаметражнай анімацыйнай стужкі не пазбаўлена сэнсу, - дырэктар студыі анімацыйных фільмаў Сяргей Сычоў сустракае ва ўтульным кабінеце. - Але адразу хачу "апусціць вас на зямлю". Будучая студыя анімацыйных фільмаў цяпер праходзіць этап рэканструкцыі і мадэрнізацыі. А мы з вамі зараз знаходзімся не ў стацыянарных пакоях студыі, а ў часовых памяшканнях...

Як кажуць, "з месца - у кар'ер". Дырэктар адразу абмаляваў абстаноўку: абсталявання - гэта значыць, камп'ютараў - на ўсіх супрацоўнікаў студыі не хапае, рэжысёры ўвесь час вымушаны "дзяліць" іх, ствараючы адмысловыя расклады, і тое, што сёння студыя працуе, - гэта, лічы, кампраміс паміж жаданнем аніматараў працаваць і тым, што можа прапанаваць ім кіраўніцтва.

- Раблю ўсё, што ў маіх сілах, каб наладзіць вытворчы працэс, - канстатуе Сяргей Сычоў. - Але, зразумейце, у падобных умовах гаворка пра буйны праект выглядае, мякка кажучы, утапічнай...

Нават пра тэрміны будучага засялення ў гатовыя памяшканні дырэктар казаць адмовіўся: усё ўпіраецца ў фінансаванне рамонтных работ. А гэта пытанне - адно з самых балючых, ды, да ўсяго, палягае не ў яго юрысдыкцыі. А значыць - рэаліі стварэння анімацыйнага нацыянальнага праекта пакуль у далёкай будучыні...

Ды, тым не менш, студыя сёння працуе. Больш за тое: яна плануе павялічыць аб'ём працы, давёўшы свой агульны хронаметраж да 90 хвілін. Ужо на дадзеным этапе, распавядае дырэктар, ідзе работа над новымі фільмамі для анімацыйных серыялаў "Рыбка па імені Нельга" (рэжысёр - Аляксандр Ленкін), "Пра дзяўчынку Жэню" (рэжысёр - Таццяна Жыткоўская). Атрымае працяг і вядомы цыкл пра Несцерку, над якім працуе Ігар Волчак. А ў бліжэйшых планах - запуск у вытворчасць яшчэ аднаго серыяла: "Казкі братоў Грым". Яго распрацоўкай займаецца Алена Пяткевіч.

Як тое магчыма ў падобных "палявых" умовах? Усё ж такі даецца ў знакі "закалка" аніматараў і іхняя прага да працы, што не знікае, нягледзячы на абставіны, - так прыкладна можна апісаць агульны настрой студыі. Але ж агучаная мной прапанова наконт глабальнага праекта, прызнацца, энтузіязму ў аніматараў не выявіла.

- Так, сваю новую стужку "Пёрка Фініста Яснага сокала" я спрабую стварыць, выкарыстоўваючы адпаведныя камп'ютарныя праграмы: вучуся, засвойваю новыя тэхналогіі, як прынята казаць, - распавядае рэжысёр-аніматар Ірына Кадзюкова. - Але ж вось гэты ноўт, - Ірына паказвае на камп'ютар на стале, - я пазычыла ў Міхаіла Тумелі, а значыць, рана ці позна давядзецца яго аддаць. Вы ўяўляеце, як у такіх рэаліях магчымая вытворчасць поўнаметражнай стужкі?..

Падтрымлівае пункт гледжання Кадзюковай і рэжысёр-аніматар Міхаіл Тумеля:

- Вы заўважалі, колькі часу ідуць цітры пасля якой-небудзь галівудскай анімацыйнай карціны? Колькі там указана прозвішчаў? Дзвесці - трыста? А колькі супрацоўнікаў у нашай студыі? Паралелі і вынікі - відавочныя...

Утопіі

Ды ўсё ж паразважаць пра "вялікую анімацыйную ўтопію" аніматары не адмовіліся. Асабліва даспадобы ім прыйшлася ідэя стварэння гістарычнай карціны.

- Я вельмі люблю працаваць над такімі стужкамі, - прызналася Ірына Кадзюкова, - калі ў фільме адлюстравана эпоха: звычкі, светапогляд людзей... І ўсё гэта вымагае адпаведнага мастацкага рашэння. Гісторыя таго ж Вялікага Княства Літоўскага... Нават сёння, вандруючы па Літве, Беларусі, Польшчы, адчуваю, што мы з'яўляемся спадкаемцамі гэтай вялікай дзяржавы...

Вядомы рэжысёр-аніматар Ігар Волчак прапанову аб стварэнні менавіта гістарычнага анімацыйнага кіно таксама не лічыць дрэннай:

- Калі ў цэнтры гісторыі будзе не плоскі, "кардонны", персанаж, а менавіта Чалавек, з усімі яго слабасцямі, перажываннямі, сумненнямі, з ягонай сілай волі, магутнасцю духу, прыгажосцю, - працаваць над такім матэрыялам, мне падаецца, кожны рэжысёр палічыў бы за шчасце...

Ігар Віктаравіч тут узнавіў у памяці лекцыю свайго настаўніка на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах - Натана Эйдэльмана, які вёў курс па тэме "Гісторыя як сюжэт": выкладчык папярэдзіў, што будзе распавядаць пра дзекабрыстаў.

- Мне тады падавалася: ну што цікавага ён мне можа распавесці пра іх? - дзеліцца рэжысёр. - Аднак ягоны расповед быў настолькі захапляльны, што я паглядзеў на тых вядомых нам са школы герояў зусім іншымі вачыма: я ўбачыў іх як людзей са сваімі слабасцямі і жарсцямі, з моцнымі і слабымі бакамі. Калі знойдзецца сцэнарыст, які напіша так пра таго ж князя Вітаўта, Льва Сапегу, Ефрасінню Полацкую або іншую постаць беларускай гісторыі, мяркую, усе рэжысёры адкладуць убок свае напрацоўкі, задумы, стужкі, нават амбіцыі і пагодзяцца працаваць над падобным праектам...

Дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што нашы аніматары і цяпер не забываюцца на беларускую культуру ды гісторыю. Вядомы цыкл анімацыйных фільмаў, які распавядае пра гербы беларускіх гарадоў, "Аповесць мінулых гадоў" мае ўсе шанцы прэтэндаваць на званне нацыянальнага праекта. Летась аніматары выпусцілі чарговую, ужо чацвёртую, серыю асветніцкага серыяла, а сёлета вядзецца праца над пятай. Тая ж стужка "Выцінанка-выразанка" Міхаіла Тумелі зробленая ў вядомай і, разам з тым, на жаль, знікаючай тэхніцы "папяровых узораў", або, па-іншаму, выцінанцы, літаральна адкрыла наноў сыходзячае мастацтва для сучаснікаў. Акрамя таго, Міхаіл пакінуў для нашчадкаў імя славутага майстра беларускай выцінанкі Вячаслава Дубінкі, які прымаў удзел у працы над карцінай, але, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Музычная спадчына нашых продкаў знайшла мастацкае ўвасабленне ў зборніку "Музычная скарбонка" - новай серыі фільмаў, створаных на аснове беларускіх народных песень. Ды і той жа вышэйзгаданы "Дзед" Аляксандра Ленкіна, што распавядае пра старажытны звычай нашых продкаў - язычніцкую "эўтаназію", - матэрыял, які ніяк не назавеш надуманым.

Як бачым, паскардзіцца на адсутнасць увагі беларускіх творцаў да нашай спадчыны зусім не выпадае. Але кіно менавіта ігравога плана на гістарычную тэму аніматарам пакуль зрабіць не давялося. Асабліва - у фармаце поўнаметражнага фільма, да якога прызвычаіўся сучасны глядач.

- Я вельмі люблю нашу серыю пра гербы - "Аповесць мінулых гадоў", - кажа Сяргей Сычоў. - Але вымушаны прызнаць, што гэты цыкл - навукова-папулярнага характару, а сучасны глядач больш цікавіцца ігравымі стужкамі.

Сцэнарыі

Натуральна, знайсці сцэнарый для падобнага кіно - задача зусім не з простых: добрых і таленавіта напісаных гісторый сёння бракуе і на літаратурных абшарах Беларусі, не кажучы пра кінематаграфічныя. Не дапамог вырашыць гэтую праблему і Рэспубліканскі конкурс сцэнарыяў для анімацыйнага фільма, які кінастудыя ладзіла з адпаведнай мэтай у мінулым годзе.

- Акрамя сцэнарыя Алены Беланожка "Калядная казка", - прыгадвае Сяргей Сычоў, - нічога ў памяці не ўзнікае. Конкурс выявіў такі агульны недахоп аўтараў, як няведанне спецыфікі анімацыйнага кіно. Асаблівасць анімацыйнай карціны - рух, пераўтварэнне, малюнак, а гэтых нюансаў сцэнарысты якраз не ўлічвалі...

- Звычайна гісторыі для ўласных фільмаў я знаходжу сама, - распавядае Ірына Кадзюкова. - Улічваецца і тая стужка, над якой толькі што працавала, і звычайна хочацца зняць нешта адрознае ад папярэдняга: калі было "салодкае", хочацца - "з кіслінкай", потым "з гарчынкай", і г. д. Справа ў тым, што свае работы я звычайна бачу ў цыклах, серыях. Многія ведаюць мой цыкл з дзесяці фільмаў "Святочныя аповеды". Зараз задумала серыю пад умоўнай назвай "Казкі для дзяўчынак". І "Пёрка Фініста Яснага сокала" - новая гісторыя, якая далучыцца да ўжо зробленых ("Было лета", "Аповесць пра жыццё, каханне ды іншыя цуды")...

Такі падыход, зразумела, цалкам абумоўлены не толькі творчым камфортам для рэжысёра, але і зручнасцю для распаўсюджвання зробленых фільмаў. Пэўны цыкл больш ахвотна возьмуць і на тэлебачанні, ды і для стварэння DVD-дыска гатовая серыя фільмаў аднаго рэжысёра выглядае больш прывабна, чым зборка стужак некалькіх аўтараў. Тут, цалкам лагічным чынам, творчае пераходзіць у эканамічнае.

Серыялы

Цяпер студыя анімацыйных фільмаў змясціла акцэнты акурат на вытворчаць адпаведнай - серыяльнай - прадукцыі.

- Сёння кіраўніцтва Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" заахвочвае думаць і пра камерцыйны складнік, - дзеліцца Сяргей Сычоў, - пра тое, якім чынам і дзе наша прадукцыя будзе рэалізоўвацца. Таму ў найбліжэйшых планах - фільмы менавіта ў рамках серыялаў, цыклаў. Мы ўжо цяпер мяркуем, дзе яны могуць быць рэалізаваны...

Як зазначыў дырэктар студыі анімацыйных фільмаў, летась пэўнае "фармаціраванне" зведаў і тэматычны план: прыярытэт на вытворчасці аддаецца стужкам, мэтавая аўдыторыя якіх - дзеці малодшага школьнага ўзросту. Адсюль, нагадаем, і адпаведныя серыялы: "Рыбка па імені Нельга" - пра маленькую Рыбку, якая спазнае свет, увесь час пытаючыся: "А чаму гэта нельга?", і пра дзяўчынку Жэню, якая ў аднайменным фільме, ужо ў сучасных рэаліях, спрабуе адшукаць сяброў.

Робіцца пераклад на рускую мову вядомай серыі "Несцерка", дадае Сяргей Сычоў, а ў далейшых планах - выданне ўсяго цыкла на DVD-дысках у фармаце аднаго фільма (серыі "Несцеркі" будуць, адпаведна, трансфармаваны ў раздзелы).

Нягледзячы на тое, што карціны на гістарычную тэматыку пакуль у планах студыі не прадугледжваюцца, можна парадавацца з'яўленню пэўнай стратэгіі прасоўвання айчыннага анімацыйнага кінапрадукту. Колькі разоў "К" узнімала гэтую праблему на сваіх старонках, цяжка падлічыць, і тым больш прыемна бачыць, што пэўныя захады па яе вырашэннні, нарэшце, назіраюцца.

Запланавана аформіць у адмысловы 52-хвілінны блок і стужкі серыяла "Рыбка па імені Нельга", "Пра дзяўчынку Жэню". Тыя ж "Казкі братоў Грым" - таксама варыянт паўнавартаснага цыкла з удзелам розных рэжысёраў, калі кожная серыя можа быць вырашана ў новай стылістыцы.

Але адкуль бяруцца героі новых стужак? Зразумела, дзяўчынка Жэня ці рыбка Нельга больш блізкія маленькаму гледачу, аднак ці магчымае стварэнне нацыянальнага кіно для гэтай аўдыторыі? Калі ёсць, той жа "Гары Потэр" - гісторыя "пра хлопчыка, які выжыў" - чаму не можа з'явіцца карціна, да прыкладу, пра маленькага беларуса, які адкрыў у свае адзінаццаць гадоў, што ягоныя продкі - славутыя князі, якія загінулі ад мяча каварнага ворага? Ды ўвогуле, ці з'яўляліся і абмяркоўваліся на студыі падобныя прапановы стварэння гістарычнага кіно?

- Размовы аб магчымасці з'яўлення поўнаметражнай стужкі былі, - адказвае Сяргей Сычоў. - Але яны выявілі тое, што наша студыя пакуль не гатова да падобных праектаў. І - з многіх прычын...

Па-першае - з-за адсутнасці годнага матэрыялу. Сяргей Рыгоравіч прызнаўся, што зрабіць поўнаметражную стужку па сваім сцэнарыі прапанаваў студыі Аляксей Дудараў.

- Так, на ваенную тэматыку, - удакладняе дырэктар. - Але як толькі мы загаварылі пра тое, што нешта трэба змяніць, дапрацаваць матэрыял менавіта пад анімацыйную карціну, - аўтар тут жа адмовіўся...

Былі прапановы і наконт стварэння анімацыйнага фільма пра Грунвальдскую бітву. Але тут ужо даўся ў знакі, як кажуць, "фактар палікарэктнасці". Планавалася, што гэта будзе сумесная з іншымі краінамі карціна: усё ж такі стварэнне падобнага палатна, нават у анімацыі, - справа не з танных. Але як вырашыць пытанне з тым, хто па нацыянальнасці будзе галоўны герой? Беларус? Літовец?.. Знайсці саламонава рашэнне, калі фільм робіцца сумеснымі намаганнямі, у фармаце кааперацыі, не так і лёгка, падсумоўвае Сяргей Сычоў.

- Увогуле, менавіта гэтае пытанне - інтарэсаў - адно з самых складаных, - прызнаецца дырэктар студыі анімацыйных фільмаў. - Віткі гісторыі нашай краіны, што і казаць, вельмі пакручастыя. І напісаць такі сцэнарый, які зацікавіў бы не толькі аніматараў, але і патэнцыйных інвестараў, спонсараў, здолеў бы прывабіць замежныя кампаніі да ўдзелу ў праекце... Гэта мае быць сцэнарый, што ўлічваў бы інтарэсы ўсіх. Зрабіць такі прадукт, пагадзіцеся, амаль немагчыма. Да таго ж, губляецца сэнс нацыянальнага кіно, якое мусіць у першую чаргу расказваць пра сваіх...

З шэрагу тых самых сцэнарыяў, што былі пададзены на вышэйзгаданы конкурс, Сяргей Сычоў успомніў адзін, здольны прэтэндаваць на рабочы матэрыял для стварэння гістарычнага кіно. Галоўны персанаж сцэнарнага твора - Мікола Гусоўскі, а фабула - станаўленне вядомага гуманіста і асветніка, паэта, аўтара "Песні пра зубра" .

- Гэта вельмі цікавы перыяд - эпоха Адраджэння, - апісвае гісторыю Сяргей Рыгоравіч. - Месцы дзеяння - Вільня і Рым. І, здаецца, тут мы ўжо нічыіх дзяржаўных інтарэсаў не закранаем...

Але незразумелая мэтавая аўдыторыя будучага фільма, падагульняе дырэктар. Гэта стужка для дарослых? Для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту? І каму мы потым яе можам прадаць? Нявызначанасць з мэтавай групай і, адпаведна, з крыніцамі фінансавання вымусіла студыю пакуль адкласці гэтую гісторыю ўбок.

- Пад час працы над падобным буйным праектам усё павінна быць разлічана і падлічана, - кажа ён. - Памылкова меркаваць, што стварэнне гістарычнага кіно ў анімацыйнай версіі - справа танная і лёгкая: ніяк не абысціся без вывучэння адпаведнага матэрыялу, вызначанай эпохі, і гэта не кажучы пра тэхнічны бок... Калі мы даручым стварэнне падобнай стужкі аднаму рэжысёру, што будуць рабіць астатнія? "Стаяць у прастоі", гэта значыць, чакаць сваёй чаргі?..

І зноў студыя ўпіраецца ў грошы і магутнасці, якімі пакуль не можа пахваліцца. А далей як вынік - у вытворчасць карцін невялікага фармату, на якія значна прасцей знайсці сродкі, якія хутчэй зрабіць, заняўшы працай спецыялістаў. Усё ж такі перад намі - вытворчасць, а не асобны праект асобнай кампаніі. Студыя анімацыйных фільмаў знайшла сваю аптымальную мадэль вытворчасці - і нельга сказаць, што гэта дрэнна.

- Магчыма, калі запусціць не адну поўнаметражную стужку, а менавіта серыял на гістарычную тэму, - прапануе вырашэнне гэтай праблемы Ігар Волчак, - тое будзе справа больш прыдатная для рэалізацыі. Кожны рэжысёр студыі тады быў бы здольны зрабіць асабісты ўклад у стварэнне цыкла, а не "сядзець у прастоі", чакаючы сродкаў на ўласны праект. Бо зразумела, што вялікая карціна запатрабуе і вялікіх выдаткаў...

Не кажучы зноў-такі пра тыя самыя кадры, пра якія мы згадвалі на самым пачатку.

Кадры

Зразумела, студыя анімацыйных фільмаў сёння не можа пахваліцца вялікімі заробкамі. Не сакрэт, што атрымліваюць аніматары далёка не тыя грошы, каб іх можна было б назваць багатымі людзьмі. Ва ўсялякім выпадку, у матэрыяльным плане.

- Так, моладзь прыходзіць да нас на працу, - зазначае Сяргей Сычоў. - Але, набраўшыся досведу, звальняецца, абіраючы "вольные хлеба". Працуючы ў той жа рэкламе, яны могуць зарабіць значна больш. І тут я Амерыку не адкрыю...

Падстаў для аптымізму, па словах дырэктара, усё менш. І пытанне аб тым, хто ж прыйдзе на змену вопытным прафесіяналам, даўно перамясцілася з рытарычных у шэраг тых, якія патрабуюць канкрэтнага вырашэння.

Тут жа дырэктар згадаў пра ўтапічную прапанову аб стварэнні гістарычнага кіно: хто з маладога пакалення пагадзіўся б працаваць над падобным праектам за невялікі заробак? Дзеля эксперыменту, звяртаюся да прадстаўніка таго самага новага пакалення, якое прынята лічыць халодным і рацыянальным.

Данііл Жугжда, студэнт Акадэміі мастацтваў і будучы рэжысёр-аніматар, на падобную прапанову - працы над буйным гістарычным праектам за невялікія грошы - сапраўды, дае адмоўны адказ. Чаму?

- Я пагадзіўся б працаваць, каб быў адзін, - удакладняе ён. - Але ў мяне - жонка і малое дзіця, і я проста не магу дазволіць сабе мець невялікі заробак. Хаця ідэя маштабнага гістарычнага праекта мяне прываблівае...

Данііл прызнаўся, што зараз яму прасцей працаваць фрылансерам, чым мець пастаяннае месца, да прыкладу, на Студыі.

- Сям'я патрабуе шмат часу, - тлумачыць Данііл. - Але, упэўнены, многія з маіх калег пагадзіліся б і на невялікія грошы, каб іх зацікавіла ідэя, творчы патэнцыял праекта...

Цікавасць да гістарычнай тэмы ў беларусаў - вялікая. Аднак ідэі і сцэнарныя прапановы маладых, кажа рэжысёр-аніматар, мала хто ўспрымае сур'ёзна. І наадварот: творы сталых майстроў часта не вядомыя маладзёжнай аўдыторыі.

- Знайсці таго персанажа, які задаволіў бы ўсе бакі, не падаецца задачай невырашальнай, - разважае Данііл. - Узяць тых жа князёў Вялікага Княства Літоўскага: няўжо сярод іх няма выбітнага і драматычнага персанажа, вартага кінаўвасаблення?..

Асноўнай прычынай адсутнасці з'яўлення падобнай стужкі ў беларускім кінематографе малады рэжысёр лічыць... тую ж адсутнасць моцнага жадання стварыць падобную карціну.

- Гэта вялікая рызыка, і ніхто не хоча браць яе на сябе, - дзеліцца думкамі малады рэжысёр, - бо, сапраўды, калі падобны буйны праект атрымаецца дрэнным... Лепш яго не рабіць увогуле...

Адсюль - і ўсе "але" і "аднак", адсюль - і недавер маладых творцаў да сталых, а сталых - да маладых. І мы зноў упіраемся ў ідэю (ці сцэнарый), якая паяднала б знаных майстроў і маладых творцаў, эканоміку і культуру, мінулае і сучаснае.

Замест вынікаў

- Сёння наша студыя знаходзіцца ў пэўным прамежкавым становішчы, - канстатуе расстаноўку стратэгічных арыенціраў Сяргей Сычоў. - Так, мы шукаем новыя формы, але імкнёмся не згубіць і тое, чым славілася наша студыя - высокамастацкую школу. У пошуку новых шляхоў развіцця галоўнае зараз - не "перагнуць палку", рынуўшыся ў "абдымкі" рынку і забыўшыся на творчы складнік.

- Насамрэч, каб падобны вялікі праект з'явіўся, - рэзюмуе Ігар Волчак, - мы мусім дакладна ведаць, для каго і для чаго робім гэты фільм, для якой аўдыторыі, якую думку ён павінен несці, і што мы, беларусы, хочам праз яго сказаць. А калі ж запусціць яго дзеля звычайнага "шапкозакидательства", то на выхадзе атрымаецца той прадукт, які закідаюць не толькі шапкамі, але і памідорамі...

Выснова, з якой цяжка не пагадзіцца. І пакуль мае сэнс адкласці ўбок прапанову аб вялікім гістарычным кіно з многіх прычын. І з той, што невялікая студыя анімацыйных стужак "Беларусьфільма" пакуль сапраўды не валодае адпаведнымі магутнасцямі і кадравым патэнцыялам. І з той, што няма годнага сцэнарнага матэрыялу. І з той, што мы толькі вучымся сумяшчаць эканоміку і творчасць. І, самае галоўнае, з той, што яшчэ не верым у сябе і адно ў аднаго, ды не гатовы - хочацца верыць, што толькі пакуль - паказаць свету сваю гісторыю сродкамі анімацыі...

 

Дарэчы

Як стаць заўважным

ў кінапрасторы?

Імёны Ігара Волчака, Міхаіла Тумелі, Ірыны Кадзюковай, Уладзіміра і Алены Пяткевічаў, Аляксандра Ленкіна трывала трымаюцца сярод прызёраў, лаўрэатаў, пачэсных гасцей міжнародных форумаў анімацыі, робячы беларускую анімацыю заўважнай у міжнароднай кінапрасторы.

Летась, да прыкладу, на расійскім Фестывалі дзіцячых анімацыйных фільмаў "Залатая рыбка" была адзначана стужка "Ліса і журавель" Уладзіміра Пяткевіча, "Выцінанка-выразанка" Міхаіла Тумелі атрымала прызнанне на некалькіх фэстах анімацыйнага кіно, з вялікай пашанай як вядомага майстра віталі на новым анімацыйным форуме ў Грузіі Ірыну Кадзюкову... Ды ўжо сёлета новая стужка Аляксандра Ленкіна "Дзед" выклікала значны рэзананс на ІІІ Міжнародным фестывалі лічбавага мастацтва "Terra Nova", што ладзіўся ў Мінску. А год, лічы, толькі пачаўся...

 

Апытанне ў тэму

Мульцяшны Скарына і Усяслаў Чарадзей у вобразе воўка?

Карэспандэнт "К" правёў апытанне на мінскіх вуліцах, каб даведацца: пра якога гістарычнага персанажа гледачу было б цікава пабачыць анімацыйны фільм?

Аляксандр, менеджар:

- Цікавяць усе знакамітыя постаці беларускай гісторыі: Усяслаў Чарадзей, князь Вітаўт, кароль Ягайла, Ефрасіння Полацкая, Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі... Чаму не ўвасобіць на экране лёс таго ж Францыска Скарыны? Мне было б цікава ўбачыць поўнаметражныя анімацыйныя стужкі пра ўсіх гэтых асоб, і не думаю, што гледачоў спыніла б нават няведанне пэўных герояў. Калі фільм зроблены выдатна - у ім цікавы сюжэт, абаяльныя героі, камп'ютарная графіка на высокім узроўні, - яго паглядзяць нават тыя, хто не ведае пра таго ж Ягайлу, Кейстута, Альгерда...

Святлана, начальнік аддзела электронных тэхналогій:

- Мяне цікавіць нават не столькі дакладны персанаж, колькі партрэт пэўнай эпохі. З задавальненнем паглядзела б стужку, дзе расказвалася б, як жылі нашы продкі ў мінулым, аб чым яны марылі, як кахалі... Я - так бы мовіць, адчувальны глядач і не люблю сцэны насілля ў кіно, але каб вайна падавалася праз лёс пэўнага персанажа як частка чыёйсьці асабістай гісторыі...

Сяргей, настаўнік:

- Трэба адразу вызначыць, на якую аўдыторыю разлічаны мультфільм: калі ён для дарослых, то гэта можа быць анімацыя з галоўнымі героямі - людзьмі, калі для дзяцей - персанажы гісторыі могуць быць жывёлінамі. Чаму, да прыкладу, не зрабіць таго ж Усяслава Чарадзея ў вобразе воўка? Ці паказаць Грундвальдскую бітву як змаганне нашых зуброў з драпежнікамі? Гэта цікава, запамінаецца, ды і дзецям зручней праз падобныя вобразы вывучаць гісторыю...

Ганна, журналіст:

- Як маці магу сказаць, што майго сына зацікавіў бы мультфільм пра Усяслава Чарадзея, які ахутаны мноствам міфаў, у тым ліку аб тым, што князь меў здольнасць ператварацца ў воўка. Учынак сына Рагнеды - Ізяслава - таксама мог бы стаць асновай для стварэння поўнаметражнай анімацыйнай стужкі для дзяцей.

Мне ж асабіста цікавая постаць Францыска Скарыны. Ведаю, што існуюць кінематаграфічныя версіі яго біяграфіі, аднак з дапамогай менавіта анімацыйных сродкаў - малюнка, графікі - гісторыю беларускага першадрукара можна было б распавесці больш выразна і яскрава... Тым больш тэма актуальная ў Год кнігі.

Уладзімір Сцяпанавіч, пенсіянер:

- Некалькі дзён таму на адным з расійскіх, падаецца, каналаў паглядзеў дакументальны тэлефільм пра Рагнеду. Стужка вельмі простая, нават прымітыўна зробленая, але я зноў падзівіўся: які ўсё ж драматычны лёс быў у полацкай князёўны, якая супярэчлівая постаць князя Уладзіміра, і які смелы быў маленькі князь Ізяслаў, што заступіўся за маці! Хрэстаматыйная, здавалася б, гісторыя, а колькі ў ёй моцных чалавечых пачуццяў: знойдзецца прыклад і для дарослых, і для дзяцей. Таму нават гэтая гісторыя, распаведзеная, да прыкладу, з дэталізацыяй гістарычных падрабязнасцей, таленавіта пададзеная, магла б знайсці новага гледача...

 

 

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"