Рэдакцыя “…Легенды”

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі актыўна ідуць аркестравыя рэпетыцыі другой рэдакцыі оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Прэм’ерай гэтага спектакля тэатр абяцае адкрыць свой юбілейны, 80-ы сезон.

На нядаўнім пасяджэнні мастацкага савета тэатра была прынята пастановачная канцэпцыя новага спектакля, распрацаваная галоўным рэжысёрам тэатра Міхаілам Панджавідзэ, сцэнаграфія, падрыхтаваная галоўным мастаком Аляксандрам Касцючэнкам, а таксама эскізы касцюмаў, зробленыя Элеанорай Грыгарук. Вядома, сцэнічныя рэпетыцыі пачнуцца куды пазней - толькі ўлетку. Але ўжо 9 лютага, на апошнюю аркестравую рэпетыцыю перад гэтым перапынкам, запрошаны журналісты. Яны змогуць праслухаць паўнавартасную канцэртную версію твора. За пультам будзе галоўны дырыжор тэатра Віктар Пласкіна.

- Вяртанне кампазітара да сваіх ранейшых работ, - распавёў народны артыст Беларусі Дзмітрый Смольскі, - нармальная з'ява ў мастацтве. Змяняецца час, змяняемся мы - і бачым, што дзесьці хочацца нешта падкарэкціраваць. Так што цяпер гэта будзе практычна новы твор - з іншай аркестроўкай, драматургіяй. Многія, думаю, памятаюць пастаноўку 1978 года і адрозны ад яе пазнейшы тэлефільм, дзе ўдзельнічалі акцёры Купалаўскага тэатра, а спявалі "за кадрам", вядома ж, оперныя артысты. Хочацца, каб сцэнічны лёс цяперашняй "Сівой легенды" быў не менш шчаслівы.

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"