Тры секунды ў кастынгу лёсу

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Свой шлях у кіно маладая беларуская актрыса Алеся ПУХАВАЯ пачынала з трох секунд у кароткаметражным фільме “Колер кахання” Аляксея Конанава, які ўзяў Гран-пры на фэсце маладых рэжысёраў у ВГИКу. Зараз яна здымаецца ў такіх рэжысёраў, як Тадароўскі, Франскевіч, Краснапольскі, разам з Сяргеем Бязрукавым і Нінай Усатавай. Але на знакамітых і не вельмі акцёраў і рэжысёраў Алеся не дзеліць. Зрэшты, як і не імкнецца з’ехаць у Маскву. “Навошта, — пытае яна, распавядаючы за кубкам гарбаты аб сваім цікавым жыцці, — калі Масква прыязджае да нас?”

 /i/content/pi/cult/132/695/Puhavaja1.jpg

Пра рэжысёраў

Рэжысёр — гэта прафесія бясполая, безнацыянальная. Альбо ты ўмееш, альбо не. У прынцыпе, як і ўсе творчыя спецыяльнасці. Альбо ты спрабуеш тварыць, і ў цябе атрымліваецца, альбо не. Я вельмі жадала зняцца ў Пятра Яфімавіча Тадароўскага — і я ў яго знялася. Фільм яшчэ не выйшаў, пакуль яго рабочая назва — “На памяці перажытых страхаў”.
Гэта была такая авантура, што я не верыла да таго моманту, пакуль мяне не выклікалі да яго на гутарку, і ён не сказаў: “Так”. Ды я ўсё яшчэ не верыла. А аднойчы пачуўся тэлефонны званок, і мне сказалі: “Пётр Яфімавіч запрашае вас вывучыць раманс”. І вось такая карціна: мы сядзім у рэжысёрскім пакоі, ён — з гітарай, бо сам піша музыку, а я спяваю. Ён паказвае мне, што трэба рабіць, — паўтараю. Я вельмі рэдка гляджу на сябе адасоблена, збоку, але тут падумала: “Пухавая, можаш сабе ўявіць, што ты сядзіш на канапе побач з Тадароўскім, і ён іграе на гітары — развучвае з табой раманс!” Мне вельмі спадабалася з ім працаваць, хоць у мяне была невялікая роля. Гэта мужчынскі фільм, пра мужчын на вайне. Сцэнарый мне здаўся вельмі добрым, думаю, фільм атрымаецца такім жа.

Пра акцёраў

Адносіны з акцёрамі на здымках — гэта як сустрэчы з аднакласнікамі, з якімі не бачылася шмат гадоў. Калі ты з чалавекам на адной хвалі, калі ў вас ёсць пра што пагаварыць, тады адносіны, вядома, падтрымліваюцца. Іерархія на пляцоўцы існуе толькі ўзроставая.
Калі я аднаго ўзросту з маскоўскай актрысай Аленай Захаравай (мы ў Краснапольскага здымаемся разам), было б дзіўна, калі б я звала яе на “вы”.
У мяне не было такога, каб на пляцоўцы я не сышлася з кімсьці з партнёраў. Я імкнуся падтрымліваць з усімі добрыя адносіны, таму што калі ты выходзіш на сцэну або ў кадр, і ў цябе дрэнныя адносіны з чалавекам, гэта відаць. Але калі ў мяне не хапіла сіл працаваць у адным з нашых тэатраў, я зразумела, што сітуацыю вырашыць не змагу, дык проста напісала заяву і сышла. Я думаю, што гэта нармальна. Вось калі людзі кахаюць адно аднаго, а потым разыходзяцца: часам бывае прыгожа, а часта — не вельмі. Хоць для мяне тэатр больш жорсткі, чым кіно. У кіно каманда — гэта збор людзей з розных гарадоў, нават краін, якія жывуць разам 10 — 40 дзён, здымаюць усе сцэны, а потым раз’
язджаюцца. А тэатр — гэта такі арганізм, у якім людзі існуюць разам па пяцьдзесят гадоў.
Добра і зручна працаваць з добрымі партнёрамі. Але гэта не залежыць ад “вядомасці”.
Што такое наогул “знакаміты”? Гэта тэлевізар, кіно, СМІ. Але не заўсёды таленавітыя людзі з’яўляюцца медыйнымі асобамі. Аднойчы мне пашчасціла пазнаёміцца з суперпапулярным акцёрам, ён — мегазорка і цудоўны партнёр: дапаможа, навучыць, падкажа, таму што больш вопытны. І я гэтаму заўсёды рада — калі парада разумная і дарэчная.

Пра здымкі

Што такое артыст у кіно? Ён прыходзіць на ўсё гатовае, не ездзіць выбіраць натуру. Таму мяне заўсёды здзіўляла, як здымачная группа знаходзіць найпрыгожыя месцы. У Гродне

 /i/content/pi/cult/132/695/Puhavaja2.jpg
 Кадры з фільма “Бумеранг”.

цяпер тэлекампанія “Югра” здымае 12-серыйны фільм “Агністы крыж” рэжысёра Аляксандра Глобіна. Яны селі на цеплаход, паплылі па Нёмане і глядзелі на берагі. І знайшлі хутар. Я такой прыгажосці не бачыла. Там самі людзі ўсё зрабілі сваімі рукамі. У іх ёсць пляцень, галубятня, акварыум, падворак, дзе жывуць трусікі, сабака.
Але на здымках даводзіцца бачыць не толькі выдатнае. У адным фільме нас здымалі ў жаночай калоніі, пераапранулі ў халаты і хустачкі, як у “зэчак”. Выходзім, а жанчына, якая рэальна “ў зоне”, кажа: “Ой дзяўчаткі, вы такія ж, як і мы! Прыходзьце да нас!” А потым мы здымалі пастраенне, як у калоніі, пераклічку. Са мной побач стаяла дзяўчынка, якая сапраўды адбывае тэрмін. І яна ў мяне пытаецца: “А вы з Мінска ці з Масквы?” Я сказала, што з Мінска, з Кастрычніцкага раёна, а яна адказвае: “А я з Маскоўскага, а ў Кастрычніцкім сваё злачынства ўчыніла”. На пытанне, што ж яна зрабіла, адказала, што напілася піва і пабіла дзяўчыну. Прычым прызналася, што перабрала і збіла дзяўчыну без прычыны. Гэта была адзіная гісторыя, калі чалавек сказаў, што вінаваты. Астатнія ж паўтараюць: “Не, я не вінаватая!” А была адна бабуля, якая сядзела за забойства мужа, і яна сказала: “Калі б вы ведалі, дзеткі, як ён мяне мучыў. Адсяджу, хай два гады мне застанецца пажыць, але пажыву шчасліва”.

Пра ролі

Цікава іграць ролі з гісторыямі. Добрая роля тая, якая дае штуршок расці, вучыцца чамусьці новаму, развівацца, не стаяць на месцы. У мяне быў час, калі я іграла толькі адны камедыі, але, на шчасце, зараз я працую ў розных жанрах. Калі ўпершыню мне трапілася трагікамедыя, давялося пашукаць падыходы да гэтай ролі. Гэта шчасце, калі ты працуеш у розных жанрах. Бывае, што чалавек пападае ў адно амплуа і яго выкарыстоўваюць там,

 /i/content/pi/cult/132/695/Puhavaja3.jpg
 Кадры з фільма “Бумеранг”.

пакуль не з’яўляецца рэжысёр, які захоча паспрабаваць яго ў іншай выяве. Неяк бачыла інтэрв’ю з Аленай Якаўлевай, якую пасля выхаду “Каменскай” разглядалі толькі ў ролі міліцыянера. Яна проста з экрана прасіла: “Таварышы рэжысёры, дзе вы? Дайце мне іншую ролю!”
А прайсці кастынг не так лёгка. Цябе выклікаюць у пакой, дзе сядзіць рэжысёр, другі рэжысёр, асістэнт па акцёрах, і яны кажуць: “У нас ёсць такія персанажы, і мы бачым гэта сабе так”. Прыезджыя рэжысёры пытаюцца: “Каго б вы змаглі сыграць?” Мінскія збольшага ведаюць нашых акцёраў, а таму часта выклікаюць канкрэтных людзей.
Была нядаўна на пробах у Андрэя Колбышава: мне яны вельмі спадабаліся, хоць пробы артысты звычайна не любяць. Гэта складана: ты прыходзіш “з вуліцы”, і табе адразу даюць тэкст. І нават на двухсоты раз будзе хваляванне.

Пра тэатр

Больш за ўсё мне падабаецца іграць у тэатры, таму што там ёсць рэпетыцыйны працэс, у ходзе якога ты вучышся, развіваешся. У мяне тры спектаклі ў Тэатры-студыі кінаакцёра: “Філумена Мартурана”, “Вельмі простая гісторыя” і “Як выходзяць у людзі”. У кіно, калі ў цябе нешта адразу не атрымалася, ты зможаш зрабіць гэта з пятага або дваццатага дубля. А тэатр — жывы, там трэба выкладвацца “тут і цяпер”, “зараз альбо ніколі”. У тэатры больш бачная “аддача” гледача, ты яму пасылаеш сваю энергію, а табе цэлая зала яе вяртае.
У кожнага ёсць жаданне быць вядомым, у кагосьці ў большай, у кагосьці ў меншай ступені выяўленае. Артыст — прафесія публічная, і кожны жадае, каб яго заўважылі. Гэтым і добры тэатр, што калі ты спадабаўся, глядач прыйдзе яшчэ раз. Я ніколі нікім не жадала быць, акрамя артысткі. У дзяцінстве пад песню Алы Пугачовай “Айсберг” я станавілася на маленькі пластмасавы стульчык, брала мамін дэзадарант “Шахерызада” і ўяўляла сябе спявачкай. І я запэўніваю вас: гэта рабіла кожнае дзіця.
Прафесія артыста добрая тым, што ў ёй відаць, хто прыйшоў па закліку душы, а хто — выпадкова. У ёй важна ўсё: колькі табе дала прырода і колькі ты сам можаш узяць з навакольнага свету.

Кацярына САКОВІЧ