Статус з адказнасцю

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Венесуэла — Ганаровы госць ХІХ Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу “Кнігі Беларусі”

/i/content/pi/cult/363/6945/2-1.jpegПа традыцыі, у рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адну з найбольш прадстаўнічых пляцовак "БелЭКСПА" займае прадукцыя Ганаровага госця форуму. Сёлета ім упершыню стане Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла, якая ўжо падрыхтавала цікавую і насычаную праграму. Дарэчы, у дзень, калі нумар здаваўся ў друк, у беларускую сталіцу з Каракаса аэратранспартам прыбылі найлепшыя ўзоры кнігавыдання Венесуэлы.

Каб даведацца, якія навінкі аўтараў гэтай паўднёваамерыканскай краіны нас чакаюць на Мінскім кніжным форуме, мы звярнуліся да другога сакратара Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь, загадчыка аддзелаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і СМІ Марыі Алены РОХАС.

- Спадарыня Рохас, наколькі прэстыжна для Венесуэлы ўдзельнічаць у XIX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў рангу Ганаровага госця?

- Гэта вельмі прэстыжна, хоць у дадзеным выпадку было б больш правільна казаць пра гонар, аказаны нам Рэспублікай Беларусь пры садзейнічанні Міністэрства інфармацыі вашай краіны. Асаблівую ўвагу наш удзел у якасці Ганаровага госця набывае ў святле таго факта, што 2012-ы быў абвешчаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам Годам кнігі.

Мяркую, у рэчышчы актыўнага развіцця двухбаковых адносін паміж Венесуэлай і Беларуссю ўдзел нашай краіны ў XIX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў рангу Ганаровага госця з'яўляецца велізарным дасягненнем у інфармацыйнай, культурнай і адукацыйнай сферах. Разам з тым, атрыманы статус - гэта і вялікая адказнасць прадстаўляць свае кніжныя здабыткі ў краіне з высокім інтэлектуальным патэнцыялам, краіне вялікіх пісьменнікаў і знаўцаў нацыянальнай ды сусветнай літаратуры.

- Якія навінкі венесуэльскага кнігавыдання будуць прадстаўлены беларускаму чытачу? Ці плануюцца ў рамках кніжнага форуму сустрэчы з аўтарамі кніг?

- Бясспрэчна, для беларускага чытача падрыхтавана вельмі шмат навінак, у тым ліку навуковай тэматыкі. З імі, у прыватнасці, пазнаёміць Венесуэльскі інстытут навуковых даследаванняў. Да прыкладу, збор твораў "Венесуэла і нафта" прадставіць аўтар, саветнік Цэнтральнага банка Венесуэлы, доктар навук Карлас Мендоса Пацэлья. Да таго ж, Міністэрства народнай улады па адукацыі таксама прапануе ўвазе наведвальнікаў выстаўкі свае новыя выданні. Думаецца, ужо сам па сабе факт таго, што Венесуэла ўпершыню ўдзельнічае ў такім прэстыжным мерапрыемстве ў рангу Ганаровага госця, з'яўляецца вялікай навінкай.

Немагчыма пералічыць усе публікацыі, якія будуць прадстаўлены на стэндзе Венесуэлы, таму мы запрашаем спакушанага беларускага чытача наведаць XIX Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш, каб больш даведацца пра венесуэльскую кнігу, пагутарыць з аўтарамі і атрымаць задавальненне ад насычанай праграмы, якую мы падрыхтавалі на гэтыя дні.

- Наколькі актыўна развіваецца кніжны рынак у Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла? Якая літаратура найбольш запатрабавана ў вашай краіне?

- Трэба адзначыць, што ў Венесуэле важная роля ў выдавецкай справе належыць дзяржаве і розным культурным ведамствам. У мінулым годзе цэнтралізавана было выдадзена шэсць мільёнаў асобнікаў кніг і яшчэ некалькі мільёнаў выпушчана прыватнымі выдавецтвамі. Большая частка кніг сусветных класікаў, у тым ліку Віктара Гюго, Сервантэса, Сімона Балівара, а таксама разнастайныя перавыданні сучасных аўтараў былі бясплатна накіраваны ў школы, ліцэі, універсітэты, на кніжныя выстаўкі і кірмашы. Цікава, што самым папулярным выданнем сярод насельніцтва з'яўляецца Канстытуцыя Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла.

- Якое стаўленне да кнігі ў жыхароў вашай краіны сёння?

- У апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя цікавасць жыхароў Венесуэлы да кнігі, як і ў большай частцы свету, зведала некаторыя змены. У асноўным, гэта адбылося з прычыны недаступнасці друкаваных выданняў для малазабяспечаных венесуэльцаў і развіцця электроннай інфармацыйнай прасторы.

У ХХІ стагоддзі гэтая сітуацыя паступова змяняецца, і хоць Інтэрнэт працягвае карыстацца вялізнай папулярнасцю сярод насельніцтва, дзякуючы росту ўзроўню жыцця, кніга заваёўвае новых прыхільнікаў, абуджаючы цікавасць у чытачоў, што раней проста не мелі магчымасці яе набыць.

Дзякуючы намаганням дзяржаўных і прыватных устаноў, ініцыятывы якіх атрымалі рэальную падтрымку з боку Урада Уга Чавеса, удалося актывізаваць цікавасць да чытання ў насельніцтва і паралельна забяспечыць доступ да розных друкаваных крыніц.

Акрамя таго, Міністэрства народнай улады па адукацыі рэалізуе разнастайныя праекты, праграмы, кампаніі і мерапрыемствы, непасрэдна звязаныя з працэсам навучання і развіцця навыкаў чытання ў Венесуэле. Такую ж ролю адыгрывае Міністэрства народнай улады па культуры, пры якім сёння дзейнічае 33 установы. Многія з іх пакліканы забяспечыць усеагульны доступ да кнігі і самога чытання. Дзякуючы гэтым намаганням, Венесуэла была прызнана краінай, свабоднай ад непісьменнасці. Вельмі прыемна адзначыць, што ў венесуэльскай моладзі з'яўляецца схільнасць да чытання, яна разумее яго каштоўнасць і важнасць для развіцця асобы і нацыі ў цэлым.

- Якой вам бачыцца будучыня супрацоўніцтва беларускіх і венесуэльскіх кнігавыдаўцоў? Ці можна ў хуткім часе чакаць выданні венесуэльскіх аўтараў на паліцах кнігарняў нашай краіны?

- На самой справе, двухбаковае супрацоўніцтва ў гэтай сферы развіваецца яшчэ ў недастаткова поўным аб'ёме, і, пераканана, наперадзе нас чакае шмат праектаў, якія абавязкова трэба рэалізаваць. Магчыма, удзел Венесуэлы ў выстаўцы ў якасці Ганаровага госця адкрые новыя гарызонты супрацоўніцтва. У любым выпадку, апошняе слова застаецца за прадстаўнікамі выдавецтваў і пісьменнікамі, запрошанымі на форум.

Пытанні задаваў

 

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"