Напярэдадні выніковай

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

На 8 лютага запланавана правядзенне выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны ў будынку Дзіцячай філармоніі сталіцы. Аналагічныя мерапрыемствы ладзяцца гэтымі днямі і ў абласцях.

 

Учора, да прыкладу, адбылося пасяджэнне калегіі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. У абмеркаванні леташніх вынікаў дзейнасці ўстаноў культуры Гродзеншчыны і іх сёлетніх перспектыў прыняў удзел і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Сяргей Маціевіч распавёў "К", што ўсе даведзеныя паказчыкі - дасягнуты. Выконваюцца дзяржаўныя і галіновыя праграмы. Падведзены вынікі абласнога конкурсу "Установа культуры года". Лепшымі прызнаны Лідскі РПК, Навагрудская РЦБС, Дом рамёстваў гарпасёлка Рось Ваўкавыскага раёна, МастоўскаяДШМ, Слонімскі краязнаўчы музей, Ваўкавыскі РМЦ. Першае месца заняў Смаргонскі аддзел культуры, а сярод абласных устаноў лідзіруе Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Карскага.

Акрэслены і перспектывы дзейнасці ў сферы культуры. Распачынаецца рамонт абласных тэатра лялек і філармоніі. Неўзабаве будуць завершаны работы па аднаўленні заалагічнага парку. Узводзіцца будынак Слонімскага тэатра.

Шмат і творчых планаў. Апрача знакавых рэспубліканскіх фестываляў, па словах Сяргея Маціевіча, на Гродзеншчыне мяркуецца правесці Дні культуры Гомельшчыны. Мерапрыемства - абменнае, бо ў Гомельскай вобласці запланавана зладзіць Дні культуры Гродзеншчыны...