План на Год кнігі

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

Савет Міністраў зацвердзіў пастановай № 91 ад 27 студзеня Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2012-м Года кнігі.

 

Дакументам, сярод іншага, прадугледжаны дапрацоўка праекта Закону "Аб выдавецкай справе" для яго прыняцця ў 2012 годзе; разгляд на Прэзідыуме Саўміна пытання аб выпуску сацыяльна значнай літаратуры і камплектаванні публічных бібліятэк і бібліятэк устаноў адукацыі гэтай літаратурай; прапрацоўка пытання аб далучэнні Беларусі да Міжнароднай канвенцыі UNESCO "Пагадненне аб увозе матэрыялаў адукацыйнага, навуковага і культурнага характару" ("Фларэнтыйскае пагадненне").

На пасяджэннях аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама маюць быць разгледжаны пытанні камплектавання сацыяльна значнай літаратурай фондаў публічных бібліятэк, бібліятэк устаноў адукацыі і іншых арганізацый, а таксама пашырэння кнігагандлёвай сеткі; унясенне ў Саўмін ва ўстаноўленым парадку прапановы аб заснаванні ў краіне Дня дарэння кнігі.

Таксама на бягучы год запланаваны распрацоўка канцэпцыі галіновай праграмы "Навуковыя асновы інавацыйнага развіцця нацыянальнага кнігавыдання і сістэмы кнігараспаўсюджання Беларусі"; распрацоўка і зацвярджэнне галіновай праграмы развіцця рэгіянальных цэнтраў друку на 2013 - 2016 гады; распрацоўка сістэмы мер на 2012 - 2015 гады, скіраваных на падтрымку і развіццё чытання (далучэнне дзяцей і моладзі да чытання, развіццё сямейнага чытання); правядзенне сацыялагічных даследаванняў на тэму "Беларусь чытаючая", а таксама анкетавання на тэмы "Твая любімая кніга", "Сучасны літаратурны герой", "Якую кнігу ты цяпер чытаеш?".

У пастанове Савета Міністраў абазначаны правядзенне ў рамках XIX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу афіцыйных, рэкламна-прапагандысцкіх, прафесійных і культурных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года кнігі, а таксама 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа; арганізацыя нацыянальных экспазіцый "Кнігі Беларусі" на міжнародных спецыялізаваных кніжных выстаўках і нацыянальных выстаўках Беларусі за мяжой з шырокім прадстаўленнем кнігі, галіны кнігавыдання і друку; арганізацыя і правядзенне тэматычных кніжных выставак, у тым ліку прымеркаваных да юбілеяў беларускіх пісьменнікаў, памятных дат, а таксама мастацкіх, персанальных выставак, выставак кніжнай графікі ("Фэст кнігі", "Фэст літары"); арганізацыя пашыраных выставак-продажаў кніжнай і іншай друкаванай прадукцыі ў рамках рэспубліканскіх, раённых і гарадскіх мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года кнігі; правядзенне Дня беларускага пісьменства і мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 80-годдзя з часу стварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Таксама дакумент прадугледжвае правядзенне нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі", рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор года ў галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, перакладу, сатыры і гумару, дэтэктыўнага, песеннага і гісторыка-краязнаўчага жанраў; удзел беларускіх выдавецтваў у міжнародным конкурсе "Мастацтва кнігі" дзяржаў - удзельніц СНД (Казахстан); правядзенне літаратурных, літаратурна-музычных, мастацкіх, прафесійных конкурсаў "Да кнігі і чытання - праз вольны час і сустрэчы", "Аўтограф", "Любімы герой кнігі", "Кніга - мой спадарожнік, мой сябар", "Новыя ілюстрацыі да старых любімых кніг", "Глядзі, што мы чыталі!", "Маладзёжны літаратурны бульвар", "Мой любімы пісьменнік", "Кніга ў маім жыцці", "Кніга - рэліквія маёй сям'і", "Юныя таленты", "Чытаем беларускую кнігу", "Я і кніга", аглядаў-конкурсаў на лепшы кніжны куток установы дашкольнай адукацыі, конкурсу прафесійнага майстэрства ў сферы кніжнага гандлю і іншых конкурсаў.

Сярод рэкламна-прапагандысцкіх мерапрыемстваў - міжнародны кангрэс "Нацыянальная бібліятэка як феномен культуры", VIII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, міжнародны "круглы стол" "Энцыклапедыя - пашпарт краіны", міжнародны праект "Новыя тэхналогіі распаўсюджвання кнігі", арганізацыя ў рамках Рэспубліканскага культурна-асветнага мультыпраекта "Бібліятэка" ілюстрацыйна-дакументальнай выстаўкі "Гісторыя бібліятэк", выставак сучаснай і класічнай каліграфіі, экслібрысаў, кніжнай ілюстрацыі, выстаўкі-прэзентацыі "Арт-кніга", мастацкай выстаўкі жывапісу, графікі, фатаграфіі, прыкладнога мастацтва і іншых выставак. У пастанове адзначана правядзенне літаратурных чытанняў (Чыгрынаўскія, Шчорсаўскія, міжнародныя Сіманаўскія чытанні), дыспутаў, "круглых сталоў" у рамках Сусветнага дня паэзіі, Сусветнага дня пісьменніка, Міжнароднага дня дзіцячай кнігі, Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права, Дня славянскага пісьменства, Міжнароднага дня пісьменнасці, Дня ведаў, Дня бібліятэк, літаратурнага свята "Кнігі звонкі радок", тыдня дзіцяча-юнацкай кнігі "Кожны дзень у гасцях у кніжкі", Маладзёжнага рэспубліканскага праекта "Гартаючы старонкі мудрасці..."; арганізацыя і правядзенне прэзентацыйных ды іншых мерапрыемстваў, скіраваных на папулярызацыю кнігі на беларускай мове, з удзелам беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа (Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Нацыянальны гонар Беларусі", рэспубліканская акцыя "Чытаем Янку Купалу і Якуба Коласа разам"), 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка, юбілеяў Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Алены Васілевіч, Алеся Адамовіча, Міхаіла Герчыка; правядзенне рэспубліканскай акцыі "Падары дзецям кнігу" (фарміраванне і перадача дабрачынных бібліятэчак iнтэрнатным установам для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама іншым установам адукацыі і культуры); правядзенне дабрачынных акцый "Кнізе - другое жыццё", "Падары кнігу бібліятэцы", а таксама акцый "Матчына казка", "Песня кнізе", "Спяшаемся кнізе на дапамогу", "Дні сямейнага чытання", "Буккросінг", "Чытаем разам - чытаем па-беларуску", "Кніга - духоўная скарбніца беларусаў", "Свята кнігі і чытання", "Экалагічная кніга - дзецям", "У госці да кніг", "Запісаўся сам - прывядзі сяброў!", "Чытаю я. Чытаюць мае сябры", інтэрнэт-акцыя "Прачытаў кнігу - адгукніся!".

Акрамя таго, на бягучы год запланаваны рэспубліканская акцыя "Беларускую кнігу - у рэгіёны", якая прадугледжвае правядзенне ў малых гарадах краіны тэматычных мерапрыемстваў; прысваенне імёнаў вядомых беларускіх пісьменнікаў бібліятэкам, школам, вуліцам, у тым ліку на малой радзіме творцаў, а таксама - званняў ганаровых грамадзян горада (раёна, вобласці) пісьменнікам; рэалізацыя міжнароднага праекта "Беларусь сёння" (перадача калекцый беларускіх выданняў нацыянальным бібліятэкам свету); правядзенне прэзентацый кніг за мяжой і ў Нацыянальным мастацкім музеі з удзелам кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў і міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Беларусі; арганізацыя ў будынку Мінскай гарадской ратушы выстаўкі кніг пра Беларусь і Мінск; арганізацыя ў кінатэатрах рэспублікі кінапраграм, кіналекторыяў, кінасвятаў для дзяцей і юнацтва, звязаных з сусветнай літаратурнай спадчынай, дэманстрацыя стужак Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і Беларускага відэацэнтра, прысвечаных літаратурнай спадчыне айчынных пісьменнікаў, у эфіры вядучых рэспубліканскіх тэлеканалаў, у кінавідэапракатных арганізацыях, культурна-асветных установах і ўстановах адукацыі рэспублікі; арганізацыя экскурсій у Музей кнігавыдання Полацка, Нацыянальную бібліятэку, літаратурныя музеі "Вязынка", "Яхімоўшчына", "Акінчыцы", "Альбуць", "Смольня", "Ласток", Літаратурныя музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа ды іншыя; камплектаванне сацыяльна значнай літаратурай публічных бібліятэк, бібліятэк устаноў адукацыі, у тым ліку сельскіх бібліятэк, бібліятэк аграгарадкоў, іншых дзяржорганаў і арганізацый.

Адказным за каардынацыю дзейнасці па выкананні рэспубліканскага плана прызначана Міністэрства інфармацыі. Фінансаванне плана ажыццяўляецца ў межах сродкаў, прадугледжаных органам дзяржкіравання, арганізацыям і ўстановам у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах на 2012 год, уласных сродкаў арганізацый ды іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.