Формы асветніцтва

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Бабруйск: візітоўка бібліятэкі

 

Больш за сорак гадоў у Бабруйску працуе Гарадская бібліятэка № 8 імя Ефрасінні Полацкай.

Візітоўкай бібліятэкі стала штогадовае правядзенне Ефрасіннеўскіх чытанняў. Тэматыка іх рознабаковая, а чытанні, прысвечаныя 910-годдзю з дня нараджэння асветніцы, далі магчымасць нашым карыстальнікам цягам трох дзён пабываць на прэзентацыі выстаўкі "Беларусь, твая дачка я", пазнаёміцца з гістарычным партрэтам "Жанчыны ў гісторыі Беларусі", падзяліцца сваімі думкамі за "круглым сталом" "Гісторыя нацыі пачынаецца з жанчыны", пабываць на Гадзіне беларускай гісторыі "Промні асветніцтва". Напрыканцы былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую творчую працу, прысвечаную жыццю і дзейнасці прападобнай Ефрасінні Полацкай.

"Да дабра праз кнігу" - дэвіз нашай бібліятэкі. Стварэнне ўмоў для духоўна-маральнага выхавання моладзі з'яўляецца прыярытэтным у нашай рабоце. Ладзім яе ў цесным кантакце з духоўна-асветніцкім цэнтрам Святога Іаана Багаслова пры Свята-Георгіеўскім храме і яго настаяцелем Генадзем Вейга. Так, тры гады пры бібліятэцы працуе лекторый "Аб душы і не толькі". Тэматыка і формы работы лекторыя рознабаковыя: дыялог-роздум, дыспут "Свабода і залежнасць", гутарка за "круглым сталом", Гадзіна духоўнасці, Урок маральнасці...

У бібліятэцы прайшла таксама прэзентацыя выстаўкі і знаёмства з базай даных "Жанчыны Бабруйска: гісторыя і сучаснасць". А яшчэ бібліятэкары стварылі брашуры з серыі "Жанчыны ў гісторыі Беларусі", "Беларускія асветнікі", "Сучасная беларуская жанчына" і многія іншыя.

Таццяна ТРАПЯЗОН, загадчык Бабруйскай гарадской 

бібліятэкі № 8 імя Ефрасінні Полацкай